Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі прыйдзе да ўлады апазыцыя, то будзе тое, што на Ўкраіне”


Падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў у асяродку апазыцыі, галадоўка ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Лідэры апазыцыйных палітычных партый Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Віталь Рымашэўскі заявілі пра намер удзельнічаць у выбарах прэзыдэнта краіны ў якасьці кандыдатаў. Слухачы камэнтуюць гэтую тэму:

Басаў, Салігорск: “Вітаю вас, паважаная “Свабода”! Зараз ідзе дыскусія наконт выбараў. І ўсе ўпэўненыя, што выбараў ня будзе, пакуль удзел будзе прымаць Лукашэнка. Таму напрошваецца выснова: а навошта такія выбары? Уся апазыцыя павінна сканцэнтравацца на адным: адхіленьні Лукашэнкі ад выбараў. Тады будуць выбары. Дзякую”.

Анастас Семяновіч: “Вельмі шаноўныя і дарагія спадары і спадарыні Радыё Свабода. Добры дзень. Шаноўныя спадары дэмакраты, вы распачалі мышыную валтузьню, каго вылучыць адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта. Я вам яшчэ раз нагадваю, што гэта трата часу, гульня перад Эўропай і Амэрыкай, што вы нешта робіце. Калі выбарчы закон ня будзе зьменены, то прэзыдэнтам будзе сёньняшні галоўны начальнік Беларусі”.

Спадар: “Зараз ужо пайшлі размовы наконт выбараў прэзыдэнцкіх. Лепш, чым Лукашэнка, прэзыдэнта зараз няма. Гэта ўжо паказаў час. Ён мае добрую практыку кіраваньня дзяржавай, добры гаспадар, добры эканаміст і добры сумленны чалавек. А калі прыйдзе да ўлады наша апазыцыя, то будзе тое, што ёсьць на Ўкраіне. Перагрызуцца, перакусаюцца, і народу ад гэтага толькі горш будзе. Украіна — добры прыклад, як трэба трымаць моцна ўладу ў сваіх руках”.

Спадарыня: “Добры дзень, мая дарагая “Свабода”. Аляксандар Уладзіслававіч Казулін — адданы да кропелькі, без усялякага сумневу, усяму беларускаму народу. Гэта быў бы сапраўдны прэзыдэнт. Але ж зьмены на наступных выбарах ня будзе. Там усё добра адпрацавана, на вякі, хоць на выбары мы і ня ходзім. Я падтрымліваю ідэю: Кастрычніцкая плошча павінна вырашыць усё”.

Спадарыня: “Для слухача з Баранавіч — адказ з Баранавіч: Мілінкевіч — беларус, прэзыдэнт эўрапейскай Беларусі, а Казулін — рускамоўны прэзыдэнт. Мы такога маем зараз. Прабачце”.

Спадар: “Я лічу, што трэба апазыцыі абраць адзінага кандыдата, які ведае беларускую мову. І падыдзе кандыдат Мілінкевіч. І больш такіх не падабраць. А апазыцыі трэба аб’яднацца, таму што толку ня будзе. Бо будзе займаць гэтую пасаду Лукашэнкаў сын і праштурхоўваць далей расейскую мову”.

Спадар: “Дзень добры, Радыё Свабода! Вядзецца гаворка пра прэзыдэнцкія выбары. Як можна весьці гаворку, калі закон аб выбарах ня зьменены? А калі так, то атрымліваецца, што ўсе кіраўнікі дэмакратычных партый — дылетанты ў палітыцы. Як яны гэтага не разумеюць? Дзякуй за ўвагу”.

На пытаньне адказвае Віталь Рымашэўскі:

“Мы абсалютна дакладна разумеем, што пры сёньняшняй выбарчай сыстэме сумленных выбараў у Беларусі быць ня можа. Адным з нашых прыярытэтаў будзе дамагчыся зьменаў выбарчага заканадаўства. Што тычыцца падрыхтоўкі да выбараў, то гэтую падрыхтоўку трэба пачынаць. Надалей фармат удзелу ў выбарах — гэта пытаньне тактыкі”.

Далей выказваньні на іншыя тэмы:

Спадар: “Сумна, што хуткая дапамога зь Менску ў Гатава рухаецца паўтары гадзіны, а ў беларускіх лякарнях няма месцаў для хворых людзей. Пра якую якасьць мэдыцыны можна размаўляць?”

Віктар Буто: “У чым віна Міколы Аўтуховіча і іншых прадпрымальнікаў, якім даводзіцца праводзіць палітычную, вельмі небясьпечную для іх галадоўку ў турме? Яны невінаватыя іншадумцы, якія перасьледаваліся ва ўсе часы ў Савецкім Саюзе і Беларусі праз найбольш непрыстойных прадстаўнікоў улад, а таксама іх пасярэднікаў і падначаленых”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG