Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не разьвітваемся


Уладзя Каткоўскі абжыў кібэрпрастору раней за бальшыню з нас. Ён літаральна жыў там, нават калі часам можна было бачыць яго ў “гэтым сьвеце”, ва ўсялякім разе было значна прасьцей зносіцца зь ім праз лябірынты Сеціва нават калі сам ён сядзеў за пару мэтраў, у суседнім пакоі. Мабыць, не памылюся, калі скажу, што бальшыня людзей, якія яго ведалі, не былі зь ім знаёмыя ў рэальным жыцьці.

У гэтым сэнсе Ўладзя і надалей застаецца з намі – ня толькі ў нашай памяці, думках, сэрцы, але перадусім у кібэрпрасторы, у віртуальнай рэальнасьці, у сайтах, форумах, блогах, сьпісах рассылак і кэшах пошукавых сыстэмаў.

Ёсьць, праўда, адно месца ў “рэальным” сьвеце, дзе ён да нас найбліжэй. На маленькіх могілках колішняй вёскі Пятроўшчына на паўдзённым захадзе Менску стаіць унікальны помнік. Унікальны сваім інтэрфэйсам. На ім rydel23 – пад гэтым імем Уладзя Каткоўскі жыў у кібэрпрасторы – схіліўся над ноўтбукам, магчыма, распрацоўваючы свой чарговы вэб-праект...

Калі я прыходжу да Ўладзі-Рыдэля ў Пятроўшчыну, я прыкладаю сваю руку да ягонай. Грэю яе, каб растаў лёд - калі гэта зіма. Ён адчувае – бо гэта той пункт у прасторы, дзе рэальны і віртуальны сусьветы судакранаюцца. Я расказваю яму, што ў мяне новага – цікавага, сьмешнага, сумнага – і ён радуецца ці сумуе са мною, прымае маю энэргію і пасылае яе туды, дзе яна найбольш патрэбная.







­­­­­­­­­­­­­­­­­­­________________________________________________

Уладзімер Каткоўскі - энтузіяст і першапраходзец інтэрнэту ў Беларусі, аўтар шматлікіх інтэрнэт-праектаў, актыўны ўдзельнік форумаў, блогер (rydel23, br23). Ад 2004 г. вэб-майстар сайту svaboda.org. У чэрвені 2006 г. трапіў з жонкай Ёнадай у аўтамабільную аварыю, памёр 25 траўня 2007 пасьля году ў коме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG