Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў трагедыі на “Нямізе”


Фрагменты памятных надпісаў на станцыі мэтро "Няміга"

Фрагменты памятных надпісаў на станцыі мэтро "Няміга"

Цісканіна ў падземным пераходзе на станцыі мэтро “Няміга” ў Менску, у якой у 1999 годзе загінулі 53 чалавекі, стала “горкім урокам і досьведам” для менскай міліцыі.


Пра гэта Інтэрфаксу заявіў намесьнік начальніка менскай міліцыі, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі палкоўнік Уладзімер Навіткевіч.

Паводле спадара Навіткевіча, пасьля трагедыі былі распрацаваныя новыя меры бясьпекі пры ахове месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў з улікам усіх фактараў, у тым ліку і надвор’я.

Да прыкладу, існуе дамоўленасьць зь менскім мэтро, згодна зь якой, калі “раптам падчас масавага мерапрыемства пачнецца навальніца і ўзьнікне верагоднасьць таго, што людзі могуць накіравацца ў бок падземных пераходаў на станцыях мэтро, міліцыя перакрые ўваходы ў падземныя пераходы, а цягнікі будуць ехаць без прыпынку”, — сказаў У. Навіткевіч.

У камітэце аховы здароўя Менгарвыканкаму пасьля трагедыі на Нямізе сфармаваныя новыя падыходы да арганізацыі экстранай мэдычнай дапамогі.

Нагадаем, 30 траўня 1999 году падчас навальніцы ў пераходзе станцыі мэтро ўзьнікла стыхійная цісканіна, у якой загінулі 53 чалавекі, больш за 160 атрымалі траўмы.

Была пачата крымінальная справа, па якой у якасьці абвінавачаных праходзілі двое супрацоўнікаў менскай міліцыі. Іх вінавацілі ў няпоўным выкананьні службовых абавязкаў пры ахове парадку.

25 сакавіка 2002 году суд прыняў рашэньне спыніць вытворчасьць па гэтай крымінальнай справе ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці. Родным нябожчыкаў выплацілі кампэнсацыю.

Нагадаем, падчас сьвяточнага канцэрту у ноч на 4 ліпеня 2008 года ў Менску спрацавала выбуховае прыстасаваньне, начыненае балтамі і гайкамі. Пацярпела каля 50 чалавек. На канцэрце ў гэты час прысутнічаў кіраўнік Беларусі А.Лукашэнка. Узбуджана крымінальная справа. Дагэтуль злачынства не раскрыта.
XS
SM
MD
LG