Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Фрылансэраў няма!” – лічыць дзяржава. “Лухта!” – адказваем мы.


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Ірына Віданава. Сёньня Ірына разважае пра фрылансэрства.


Пра сваю працоўную кніжку я ўзгадваю бадай толькі тады, калі іду ў амбасаду падаваць дакумэнты на візу.

Ірына Віданава. Нарадзілася ў Менску. Дзесяць год таму скончыла гістарычны факультэт БДУ. Пазьней займалася ў асьпірантуры, дасьледавала гісторыю Беларусі. З 1998 да па 2003 год была галоўнаю рэдактаркаю часопіса “Студэнцкая Думка”. Выкладала гісторыю Беларусі ў Ліцэі пры БДУ, працавала выкладчыкам на катэдры “Гісторыі старажытных часоў і сярэдніх вякоў Беларусі” гістфакультэта БДУ.

Два гады вучылася ў ЗША, дзе скончыла магістратуру па спэцыяльнасьці “Грамадзкая палітыка і міжнародныя адносіны”. Цяпер займаецца незалежнымі аналітычнымі праектамі.

Калісьці гэта быў амаль што лёсавызначальны дакумент, ад якога залежыў сацыяльны статус і памер пэнсіі.

У гэтым годзе ў мяне набегла 15 год працоўнага стажу, але ўпэўненасьці ў будучыні мне гэта неяк не надае. Ніхто з маладых сёньня ня верыць у тое, што дзяржава забясьпечыць тваю будучыню. А працоўная кніжка выглядае недарэчным артыфактам савецкай эпохі.

Мне, як і многім іншым маладым людзям творчых прафэсій, больш імпануе канцэпцыя фрылансу. Фры – азначае “свабодны”.

Фрылансэр – чалавек, які працуе на сябе. Ты сам выбіраеш праекты, якія для цябе цікавыя, і сам вырашаеш, зь якой кампаніяй супрацоўнічаць.

За некалькі год фрылансэрскай працы можна паспрабаваць свае сілы ў самых розных кірунках, набрацца досьведу, наладзіць добрыя прафэсыйныя кантакты і напрацаваць саліднае партфоліё. Да таго ж, ты сам складаеш уласны працоўны графік і ад цябе залежыць, колькі ты заробіш.

Цябе кормяць твае ногі, веды, прафэсіяналізм, творчы патэнцыял і ўзровень уласнай актыўнасьці. Твая пасьпяховасьць залежыць ад цябе самога. І напрыканцы месяца давядзецца наракаць толькі на сябе, калі ў гаманцы будзе пуста.

Разьвіцьцё новых тэхналёгій і асабліва інтэрнэту выклікала фрылансерскі бум ва ўсім сьвеце. У ЗША больш за 10 мільёнаў чалавек працуюць як незалежныя кантрактары. Яны плацяць падаткі і зьяўляюцца паўнвартаснай часткай працоўнага насельніцтва. Амэрыканскія фрылансеры нават аб’ядналіся ў прафсаюз.

Хваля папулярнасьці фрылансу дакацілася і да нас. Сярод маіх знаёмых – журналістаў, дызайнэраў, мастакоў і праграмістаў – кожны другі фрылансіць.

Толькі нашай сыстэмай зь яе прымусовым разьмеркаваньнем такая форма занятасьці не прадугледжана, а таму ўсе гэтыя энэргічныя маладыя прафэсіяналы з пункту гледжаньня дзяржавы альбо не існуюць, альбо трапляюць у катэгорыю беспрацоўных.

Але ім на гэта начхаць, бо фрыланс – гэта, перш за ўсё, незалежнасьць, а яна вартая рызыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG