Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь заняла другое месца ў Эўропе у тэмпах інфляцыі.

На 6,5 працэнта падаражалі ў Беларусі спажывецкія тавары за першыя чатыры месяцы году, паведамляе статыстычная служба Эўразьвязу. Гэта другі паказчык ў Эўропе. Апярэдзіла Беларусь толькі Ўкраіна з 6,9 % інфляцыі, а на трэцім месцы апынулася Расея, у якой інфляцыя склала 6,2%. Між тым у некаторых краінах Эўропы цэны нават зьнізіліся на 2%.

Пытаюся ў незалежнага эканаміста Міхала Залескага, што яму дэманструюць адносна блізкія паказчыкі інфляцыі трох суседніх краін: Беларусі, Украіны і Расеі?

Міхась Залескі
“Сытуацыя тут адрозьніваецца ад заходнеэўрапейскай. Чым больш эканоміка адаптаваная да рынку, тым яна лягчэй перажывае шок ад крызысу. Чым больш яна рэгулюецца ўручную, па-сацыялістычнаму, тым больш праблемаў мае. Вось і атрымліваецца: пры тым, што ў нас ёсьць адмысловы камітэт па рэгуляваньні рынку, мы іх урэгуляваць ня ў стане. У адрозьненьне ад эстонцаў, у якіх, мабыць, такога камітэту няма.”

Грузьдзіловіч: “Пра Ірляндыю, Гішпанію, Кіпр, Славакію і Эстонію Эўрастат паведамляе, што там кошты нават зьнізіліся. Чаму гэтага ж не адбываецца ў Беларусі?”

Залескі: “Гэтыя краіны найбольш прасунуліся на шляху рэфармаваньня эканомікі. Хаця яны стартавалі ў розных умовах, але вынік – бачны. Прыкладам, Ірляндыя зрабіла тое, пра што ў нас толькі мараць. Уся краіна стала адной сіліконавай лагчынай, выйшла на высокае месца ў сьвеце па высокіх тэхналёгіях. Славакія – першая атрымала бязьвізавы уезд у ЗША, перасоўванье па Эўропе. У іх страйкі былі з-за чаго? Людзей не задавальняў мінімальны заробак у 6,5 эўра за гадзіну! Там яны жывуць паводле рынку, і ў іх цэны зьніжаюцца, бо вырабаў прапануецца болей, чым людзям трэба. Гэта характарызуе сучасны крызіс. Ён з фінансавай фазы перайшоў у перавытворчасьць. Таму прадаўцы зьніжаюць кошты, атрымліваюць абаротныя сродкі і захоўваюць вытворчасьць, а попыт таксама захоўваецца. У нас усё робяць дакладна наадварот: ратуюцца праз павышэньне коштаў”.

Эканаміст Міхал Залескі нагадаў, як у крызысныя 1930-ы гады Генры Форд прадаваў аўтамабілі таньней, толькі каб атрымаць абаротныя сродкі і захаваць вытворчасьць. Славуты капіталіст мусіў ісьці на скарачэньні працаўнікоў, але захоўваў касьцяк кадраў, нагадвае Міхал Залескі. У Беларусі, паводле незалежнага эканаміста Залескага, імкнуцца захаваць усе кадры, але ў выніку растуць кошты, бо тавары не раскупляюць, а ўтрыманьне тавараў на складах павялічвае выдаткі.

Залескі: “У нас немагчыма прагназаваць. Дэвальвацыя ды іншыя маніпуляцыі з грашыма адбываюцца паводле загаду з самага верху, а не таму, што гэта патрабуе рынак. Вось прыме рашэньне прэзыдэнт, будзе дэвальвацыя, ня прыме – ня будзе. Няўжо Пракаповіч самастойная адзінка? Не. Таму калі рабіць паводле навукі, то дэвальвацыя патрэбна, а калі рабіць згодна з “беларускім цудам”, то яна непатрэбная. У нас жа, быццам, усё дзеля народу...“

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG