Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла дасьледаваньне “Ўсясьветная статыстыка аховы здароўя, 2009 год”, у якім прыводзіцца штогадовая падборка дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, якія паступілі са 193-х яе дзяржаваў-сяброў. Як выглядае ў гэтым дасьледаваньні Беларусь, у якіх сфэрах мэдыцыны беларускія мэдыкі сапраўды дасягнулі вяршыняў, і якія праблемы, зьвязаныя з аховай здароўя, непакояць беларусаў?

Усе лічбы, паказьнікі, суадносіны ўзятыя з публікацыяў і базаў дадзеных, падрыхтаванымі тэхнічнымі праграмамі і рэгіянальнымі бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя. На думку ўкладальнікаў справаздачы, набор паказьнікаў усебакова характарызуе цяперашні стан здароўя насельніцтва і сыстэмы аховы здароўя, уключна з такімі аспэктамі, які сьмяротнасьць, прычыны сьмяротнасьці, інфэкцыйныя захворваньні, ахоп мэдычнымі паслугамі, фактары рызыкі, рэсурсы, выдаткі на ахову здароўя, дэмаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя дадзеныя.

Кіраўнік рэгіянальнага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя у Беларусі Ягор Зайцаў кажа:

“Канечне, у яго ёсьць свае недахопы, гэта не залатая сярэдзіна. Па-першае, мы не заўсёды дакладна можам ведаць, наколькі праўдзівая гэта інфармацыя, якая даецца краінамі. Але добрая спроба, каб не была скажоная інфармацыя, — яна зробленая”.

Статыстыка па Беларусі ў цэлым выглядае даволі прыстойна: тут няма малярыі, ліхаманкі. Нават па распаўсюдзе ВІЧ-інфэкцыі Беларусь лепшая за суседзяў: 158 інфікаваных на 100 тысяч насельніцтва. Для параўнаньня: у Расеі — 774, у Эстоніі — 871, ва Ўкраіне — 1082. Вельмі нізкі паказьнік дзіцячай і мацярынскай сьмяротнасьці — ніжэйшы, чым, да прыкладу, у Латвіі, Славакіі, Расеі. Па колькасьці дактароў і мэдсясьцёр на пэўную колькасьць насельніцтва краіна апярэджвае многія эўрапейскія краіны. Да прыкладу, у Беларусі на 10 тысяч насельніцтва 48 дактароў і 125 чалавек сярэдняга мэдпэрсаналу. У Нямеччыне адпаведна 30 дактароў і 80 мэдсясьцёр.

Ахоп паслугамі аховы здароўя і даступнасьць мэдычнай дапамогі Беларусі — 100% паводле справаздачы УААЗ.

Сацыялягічная лябараторыя “Люстэрка” нядаўна правяла дасьледаваньне, па выніках якога 41% апытаных адзначыла кепскую працу ўстановаў аховы здароўя, зьніжэньне даступнасьці і якасьці мэдычных паслугаў, чэргі ў паліклініках.

Вось два сьвежыя прыклады. Міністэрства аховы здароўя цяпер праводзіць службовае расьсьледаваньне, чаму месяц таму ў пасёлак Гатава, які побач са сталіцай, хуткая дапамога ехала больш за паўтары гадзіны. 46-гадовая жанчына памерла ад сардэчнага прыступу, не дачакаўшыся лекараў.

Яшчэ адзін выпадак адбыўся ў мінулыя выходныя:

“Бацьку стала кепска на лецішчы. Мы на сваёй машыне павезьлі яго ў пятую бальніцу. У шпіталі не аказалася месцаў, былі толькі сядзячыя. Мы адмовіліся яго шпіталізаваць. Прывезьлі дадому, выклікалі хуткую дапамогу. Хуткая дапамога адвезла яго ў 10-ты шпіталь, дзе паклалі яго адразу ў рэанімацыю — аказалася, шырокі інфаркт”.

Кіраўнік рэгіянальнага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя у Беларусі Ягор Зайцаў тлумачыць, што даступнасьць — панятак складаны. А ў справаздачы ўлічваецца толькі, ці ёсьць магчымасьць дабрацца да лекара, калі ты захварэў, альбо гэтая магчымасьць абмежаваная ці наагул адсутнічае. Калі патрэбная мэдычная дапамога, то, у прынцыпе, яна даступная. Але тут яшчэ як мінімум два складнікі:

“Другі панятак — спагадлівасьць дапамогі, наколькі сыстэма аховы здароўя кліентаарыентаваная, наколькі яна не прымушае цябе чакаць у чарзе, наколькі лекар тлумачыць пацыенту, што зь ім здарылася, якія ёсьць варыянты лячэньня, якія рызыкі. То бок гэта ўжо спагадлівасьць, у адрозьненьні ад даступнасьці. Гэта тое, наколькі дапамога блізкая да чалавека, наколькі яна гуманная. Трэці момант — гэта якасьць. Наколькі дапамога якасная, наколькі лячэньне адказвае сучасным патрабаваньням доказнай мэдыцыны”.

А вось з гэтым у Беларусі праблемы. Распавядае звычайная беларуска Ірына:

“Я, канечне, вельмі ганаруся посьпехамі беларускай мэдыцыны, якія тычацца, напрыклад, перасадкі сэрца, пячонкі. Але на сярэднім узроўні, зь якім людзі сустракаюцца кожны дзень… Я, напрыклад, маю сына, якому 13 гадоў. Калі я толькі падумаю, што трэба зьвяртацца ў звычайную паліклініку, адразу настрой псуецца. Там такія чэргі! Асабліва, калі дзіця хворае, да цябе так ставяцца, быццам бы ты прыйшоў туды ня з болем, а чагосьці ў іх прасіць…”

Што да прычын сьмяротнасьці, як і ва ўсім сьвеце, на першым месцы ў Беларусі сардэчна-сасудзістыя захворваньні (52,5%), на другім — анкалягічныя (каля 14%). Але тут ёсьць свая спэцыфіка: на Гомельшчыне за 23 гады пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС першасныя захворваньні на рак шчытападобнай залозы сярод жыхароў заражаных тэрыторыяў вырасьлі ў 10 разоў.

Ёсьць беларускай мэдыцыне і чым ганарыцца. Сёлета выканалі першыя пасьпяховыя апэрацыі па перасадцы сэрца. За апошні год зроблена 22 апэрацыі па транслянтацыі печані. Што тычыцца наагул трансплянтацый, дырэктар Рэспубліканскага цэнтру трасплянтацыі Анатоль Ус кажа, што тут вельмі шмат чыньнікаў: фінансы, выдаткі, разьвіцьцё матэрыяльна-тэхнічнай базы з аднаго боку, а навука, сучасныя тэхналёгіі — зь іншага:

“За мінулы год паводле афіцыйных дадзеных Эўрапейскага рэгістру што тычыцца, скажам, перасадкі коснага мозгу, ствалавых клетак, то ў Беларусі з разьліку на 10 мільёнаў насельніцтва (так лічаць яны) выкананая 131 трансплянтацыя коснага мозгу ствалавых клетак. Для параўнаньня, у Расеі — 29, ва Ўкраіне — 9, у Польшчы — 177. Немагчыма, канечне, дагнаць і перагнаць Амэрыку з улікам рэаліяў, але гэта някепскія вынікі”.
XS
SM
MD
LG