Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку склаў 965 тысяч рублёў і павялічыўся на 0.9 працэнта ў параўнаньні з папярэднім месяцам. Якія тэндэнцыі можна адзначыць паводле лічбаў рэальнага заробку? Наколькі можна давяраць лічбам афіцыйнай статыстыкі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Аляксандар Чубрык

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Як зьмяняўся заробак, пачынаючы ад сьнежня-студзеня? Ці ёсьць нейкая заўважная тэндэнцыя ад пачатку эканамічнага крызісу?”

Чубрык:
“Тэндэнцыя відавочная, і яна склалася ад пачатку году. Месяц за месяцам ідзе запавольваньне росту рэальнага заробку. Калі ў сьнежні рэальны заробак у параўнаньні з адпаведным мінулагоднім пэрыядам вырас прыблізна на 6 працэнтаў, то цяпер — у красавіку рэальны заробак вырас толькі на палову працэнта ў параўнаньні зь мінулым красавіком. Кожны месяц якраз тэмпы росту робяцца ўсё меншымі. Так што тэндэнцыя відавочная і ня вельмі прыемная”.

Цыганкоў: “Але рост заробку ўсё яшчэ адзначаецца. Нягледзячы на тое, што ў многіх галінах ёсьць падзеньне вытворчасьці, мясцовыя бюджэты атрымліваюць дзе-нідзе ў два разы меней грошай. Якім чынам уладам удаецца трымаць заробак хаця б на гэтым самым узроўні?”

Чубрык:
“Гэта калі параўноўваць афіцыйныя лічбы з афіцыйнымі. Бо паводле афіцыйнай статыстыкі мы маем рост ВУП за першыя 4 месяцы году 1,2 працэнты. Такім чынам, ВУП нібыта расьце, таксама як і заробак. Гэтыя лічбы прыкладна адпавядаюць адна адной.

Іншая рэч — гэтыя афіцыйныя лічбы ня ўлічваюць той акалічнасьці, што частка людзей зараз працуе няпоўны працоўны тыдзень. Больш за тое, ідзе інфармацыя ад прафсаюзаў, што ёсьць выпадкі, калі банкі адмаўляюцца выдаваць прадпрыемствам крэдыты на выплату заробкаў. Калі пачнецца такая праблема, то людзі ня будуць атрымліваць заробак. Аднак паводле статыстыкі будзе, нібыта яны яго атрымалі. А насамрэч — не. Таму лічбы зьмены рэальнага заробку ня будуць адпавядаць сапраўднасьці“.

Цыганкоў: “Ці можа атрымацца так, што супрацоўнікі бюджэтных сфэраў у такой сытуацыі будуць адчуваць сябе лепш, чым раней, бо іхні заробак гарантаваны дзяржавай? А працаўнікі прадпрыемстваў, бізнэсу, гандлю адчуюць страты найгорш?”

Чубрык:
“Бюджэтнікі ня вырвуцца ў лідэры. Бо іхнія заробкі цалкам залежаць ад стану бюджэту, але шмат якія бюджэты не дабіраюць зараз сваіх даходаў. Чым горш рэальнаму сэктару — тым горш бюджэту, і адпаведна бюджэтнікам.

Што да прагнозаў, то ўрад недвухсэнсоўна сказаў, што сёлета намінальныя заробкі будуць падвышаныя на 5 працэнтаў. Калі ўлічыць тую інфляцыю, якая зараз (гэта каля 15 працэнтаў за першыя 4 месяцы), то мы маем, што рэальныя заробкі зьніжаюцца на 10 працэнтаў. Калі сытуацыя будзе разгортвацца і надалей такім чынам, то па выніках году мы гэтыя 10 працэнтаў зьніжэньня рэальных заробкаў і атрымаем”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG