Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караюць за пікет памяці Захаранкі


Ланцуг памяці Юрыя Захаранкі 7 траўня ў Гомелі
Ланцуг памяці Юрыя Захаранкі 7 траўня ў Гомелі

Цэнтральны райаддзел міліцыі Гомеля распачаў перасьлед удзельнікаў акцыі памяці генэрала Захаранкі.


Супраць чальцоў рэгіянальнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Васіля Палякова й Пятра Кузьняцова складзеныя адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства ці пікетаваньня. А сёньня а 15-й гадзіне старшы інспэктар прафіляктыкі капітан Шукель чарговы раз выклікаў у аддзел міліцыі каардынатара руху “За свабоду” Ўладзімера Кацору. Супраць яго таксама складзены пратакол за парушэньне заканадаўства заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Такую запозьненую рэакцыю міліцыі на ланцуг памяці генэрала Захаранкі, зладжаны яшчэ 7 траўня, сябра рады АДС Пётра Кузняцоў патлумачыў так:

Пётра Кузьняцоў
“Мне падаецца, што гэтая паўза выклікана тым, што міліцыя й спэцслужбы адсочвалі неяк рэакцыю грамадзянаў. А паколькі акцыя мела рэзананс, то й было прынята рашэньне наконт пакараньня ўдзельнікаў акцыі памяці генэрала Захаранкі. Напачатку ў іх, відаць, проста не было рашэньня, як з намі паступаць”.

Васіль Палякоў у радзе АДС прадстаўляе абласную арганізацыю АГП. На ягоную думку, уладам цяпер асабліва непажадана, каб апазыцыя нагадвала пра зьніклых апанэнтаў рэжыму:

Васіль Палякоў
“Улады адчуваюць сябе ня надта ўпэўненымі. І зразумела, што тэма зьніклых зьяўляецца найбольш нязручнай для сёньняшняга рэжыму. Няма ніякіх апраўданьняў і няма ніякіх доказаў, што ўлады не былі ўдзельнікамі палітычных зьнікненьняў. Яны зараз будуць рабіць усё, каб тэма зьніклых шырока не гучала. І каб грамадзтва як мага менш ведала, што ў Беларусі былі зьніклыя, і апазыцыя як мага менш згадвала пра іх”.

Не выключаючы вышэйзгаданых мэтаў перасьледу, каардынатар руху “За свабоду” Ўладзімер Кацора мяркуе, што ўлады хочуць абмежаваць удзел гомельскіх прадстаўнікоў АДС у важнай сустрэчы ў Кіеве, заплянаванай на пачатак чэрвеня.

Уладзімер Кацора
“Адна з магчымых вэрсій перасьледу палягае ў тым, што прадстаўнікі нашай гомельскай кааліцыі павінны неўзабаве сустрэцца ў Кіеве з прадстаўнікамі эўрапэйскай і амэрыканскай грамадзянскай супольнасьці. Там мы будзем абмяркоўваць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама палітычную сытуацыю й працу нашай кааліцыі на Гомельшчыне. Магчыма, нас хочуць фізычна абмежаваць ад удзелу ў гэтай сустрэчы”.

Паводле суразмоўцы, такі прэцэдэнт ужо быў:

“Недзе паўтара года таму, калі ў Гомель прыяжджалі амбасадары Эўразьвязу, у нас таксама была заплянавана сустрэча зь імі. Але напярэдадні мяне й Васіля Палякова пасадзілі за краты за дробнае хуліганства. Канкрэтна — што мы нібыта лаяліся ў грамадзкіх месцах”.



7 траўня, на дзясятыя ўгодкі гвалтоўнага зьнікненьня былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, прадстаўнікі Aб’яднаных дэмакратычных сілаў Гомеля ладзілі ля будынка абласной міліцыі ланцуг памяці неабыякавых людзей. Месца было выбрана невыпадкова: у Гомельскай управе міліцыі Захаранка працаваў не адзін год. Падчас акцыі актывісты перадалі ва ўправу зварот рэгіянальнай каардынацыйнай рады АДС, у якім заклікалі ахоўнікаў парадку не пакінуць без увагі справу зьнікненьня свайго калегі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG