Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэнтыфікавацца – знайсьці ўласную тоеснасьць-ідэнтычнасьць, разабрацца з тым, хто ты і адкуль узяўся, што – тваё, а што не, у якой іпастасі ты найбольш цікавы й карысны сабе й сьвету.

Пасьля сыходу з жыцьця актора Алега Янкоўскага расейскія СМІ паведамілі, што род ягоны паходзіць з польскага дваранства, БТ – што зь віцебскай шляхты, “апалячанай” – удакладніла “Наша Ніва”. Польская “Газэта Выборча” напісала, што актор – з польскай шляхты, “як сьцьвярджаюць расейскія мэдыі”. Маўляў, мы, палякі, не прэтэндуем. А польскія інтэрнэт-парталы, прысьвечаныя кіно, канкрэтызавалі: нарадзіўся Янкоўскі “ў сям’і беларускіх арыстакратаў”.

Род Янкоўскіх

Мы ня будзем наіўна перацягваць Янкоўскага ў “нашы славутыя землякі”. Ён расейскі актор, і гаворка ўвогуле не пра тое. Гаворка пра складанасьці і патрэбу ідэнтыфікацыі.

Уласна зь віцебскай шляхты быў бацька актора Іван Паўлавіч, рэпрэсаваны ў канцы 1930-х гадоў. Але ў сьпісах рэпрэсаваных ні Івана ні Паўла Янкоўскіх я не знайшоў. Хацеў даведацца пра канкрэтную мясцовасьць, адкуль гэты род, але нітка згубілася.

Далей нэкралёгі пішуць пра вялікія таленты, якімі быў надзелены Алег Янкоўскі. А мне думалася пра тое, што ў талентах многае тлумачыцца генэтычна. Чалавек міжволі ўласным лёсам працягвае лёсы сваіх папярэднікаў. А калі ён далёка ведае свой род, дык робіць гэта ўсьвядомлена і найбольш вынікова.

Тое самае можна сказаць і пра нацыю – на што ў сваёй гісторыі яна арыентуецца, з чым сябе зьвярае, чаму імкнецца адпавядаць, каб не згубіцца сярод іншых. Ёсьць фальклёр, этніка, чалавечая прырода, а ёсьць свой кшталт цывілізацыі, які на працягу гісторыі выпрацавалі продкі. Як яго ўхапіць?

Беларус з дваран

Пра канец гэтай ніткі мне й нагадаў радок пра паходжаньне Янкоўскага. Гэта ўсходнебеларуская шляхта. Не настолькі палянізаваная, як заходняя, найбольш аддаленая ад Эўропы і на 20 гадоў раней аддадзеная на зьнішчэньне бальшавікам. Яна і ўцячы нікуды не пасьпела, бо ўся была рэпрэсаваная яшчэ да вайны. У анкетах яны ўказвалі нацыянальнасьць “беларус” і паходжаньне “з дваран”. Усе наступныя гады на ўсіх узроўнях гэтае дзіўнае спалучэньне – беларус з дваран – усімі спосабамі вымяталася са сьвядомасьці. Беларус ня мог быць з дваран, бо гэта цёмны мужык, якога азарыў Вялікі Кастрычнік.

Калі ўдумацца, дык большасьць з той шляхты й паплацілася найперш за тое, што называлі сябе беларусамі, такіх пры новым парадку проста не магло, не павінна было быць. Яны, белая костка нацыі, што ня здрадзілі ані йдэнтычнасьці сваёй, ані радзіме, ані веры, былі ўсе да аднаго расстраляныя, высланыя, пазбаўленыя правоў. Але да сёньня на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне паўсюль засталіся калі не маёнткі й палацы, дык котлішчы – сьляды сядзібаў. І хіба рэдкія старыя людзі прыгадаюць тых колішніх “паноў” – іх імёны і лад жыцьця – “як у кіне”.

Яны, беларуская шляхта, сваю нітку цягнулі ад продкаў у 19 ст., калі Беларусь ператварылася ў краіну сядзібаў і настальгавала, у сваю чаргу, па залатых часах ВКЛ. А гэта ўжо 16 ст., тое, якое гісторыкі часам называюць Залатым Векам.

Залаты Век

Вось даведваюся ад калег дзіўную рэч. Некалі, яшчэ ў 1970-80-я гады літоўскія гуманітарыі кніжкі з праўдзівымі фактамі з гісторыі Літвы набывалі ў Беларусі. У самой Літве даваенная гістарыяграфія, створаная ў “буржуазнай” Ковенскай рэспубліцы, была забароненая, пра многія рэчы афіцыйна нельга было гаварыць, і яны культываваліся хіба што ў сем’ях. У Беларусі ў сем’ях культываваўся стэрэатып пра бязродную нацыю, пакліканую да жыцьця Вялікім Кастрычнікам, затое ў афіцыйным друку, перадусім у навукова-папулярных выданьнях, многае прамаўлялася адкрытым тэкстам. Беларускую гістарыяграфію ад стэрэатыпаў уласнага народу аддзяляла прорва. Пісьменьнікі на чале з Караткевічам і мастакі на чале з Куліком, Купавам ды Марачкіным хадзілі па вастрыі ляза, спрабуючы данесьці вабноты Залатога Веку да сьвядомасьці паспалітага савецкага беларуса. Тым часам, у непрыкметных на першы погляд выданьнях Акадэміі Навук адкрытым тэкстам пісалася такое, што й сёньня падпала б пад цэнзуру ў афіцыйных СМІ. Чаму? Бо ў тых дакумэнтах нідзе не фігуравалі беларусы, фігуравалі літоўцы, то бок, чужыя. А пра чужых можна было пісаць што заўгодна.

Бяру наздагад кніжку “Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасьці”, Менск, 1975 год. Наклад тры тысячы асобнікаў. “Баркулабаўская хроніка”. Акурат тое самае 16-е стагодзьдзе, Залаты Век, напоўнены вялікім мноствам пэрсанажаў, акурат беларускіх арыстакратаў з усімі іх службовымі дасягненьнямі, сваяцкімі сувязямі, цэлай гамай чалавечых характараў, самымі неверагоднымі ўчынкамі, бясконцым сэрыялам жывога беларускага сярэднявечнага жыцьця, карцінамі нашых мястэчак і гарадоў. Тут і пра “адвечнае імкненьне беларускага народу да ўзьяднаньня з братнім расейскім народам”. Вось такі эпізод (цытую на мове арыгіналу).

“Року 1580 гаспадар кароль Стэфан быў пад Псковам і ўзяў горад Пскоў. А масква, то ест Сярэбраны зь немалым войскам места слаўнае Магілёў выжаг... А войска літоўскае ў Шклове стаяла. Маскву ад Магілёва адпёрлі, пабілі, адагналі. Страшна было трупу маскоўскага глядзеці; раку Дняпро сілным трупам загарадзілі, іж колькі тыдняў дняпровае рыбы не ядалі і вады не півалі для вялікага гнюсу трупу маскоўскага”. Канец цытаты.

Зразумела, што войска Вялікага Княства Літоўскага называлася літоўскім. Літоўскі – не этнонім, а палітонім. Але савецкая цэнзура ў такія тонкасьці не ўдавалася. Таму ў Літве за савецкім часам і немагчыма было пісаць пра гэты і мноства падобных эпізодаў Залатога Веку. А ў Беларусі – праходзіла.

Нібы не пра нас

Калі б Скарына, які сваю першую кнігу надрукаваў на паўстагодзьдзя раней за першую друкаваную расейскую кнігу, назваў яе ня рускай, а беларускай, зусім верагодна, што і ён апынуўся б пад забаронай. Бо тады ён адназначна быў бы беларускім, а не ўсходнеславянскім першадрукаром-Гутэнбэргам, што непазьбежна абудзіла б у беларусаў падвышанае пачуцьцё нацыянальнае годнасьці.

Парадокс у тым, што тэксты “Мужыцкай праўды” Каліноўскага ў нас распаўсюджваліся як у фотакопіях падпольна, так і ў афіцыйных акадэмічных выданьнях, толькі ў апошніх давалася зноска, што пад “маскалём” Каліноўскі разумеў ня кожнага расейца, а толькі царскага салдата. Да таго ж і Каліноўскі, хоць і пісаў па-беларуску, але ніколі не ўжываў слова Беларусь.

Верагодна, тут была ці то іронія лёсу, ці нейкі схаваны сэнс. Прапаганда даводзіла нам, што беларус – гэта такі белы, чысты і пушысты рус або “расеец са знакам якасьці”. Самы савецкі і камуністычны. Але ўжо будова назвы лёгка ўпісвала нас у нейкі зусім іншы і цалкам супрацьлеглы шэраг “белых” – белачэхі, белафіны, белапалякі, беларусы...

Увогуле акрэсьленьне “белы” ў гэтым кантэксьце паходзіць яшчэ з францускай рэвалюцыі, дзе белыя, у супрацьвагу рэвалюцыйным чырвоным, былі прыхільнікамі традыцыйнага парадку й манархіі. Гэта сапраўды Вандэя, як акрэсьліў Беларусь Алесь Адамовіч (памятаеце – Вандэя перастройкі?), але Вандэя як сукупнасьць усяго традыцыйнага, дзе непадзельна пануе сярэднявечны лёзунг: старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць.

Беларуская нацыянальная мудрасьць

Беларус цярпліва адседжваўся ў адведзенай яму плябейскай каморы, разважаючы пра сваю сярэднявечную славу як пра чужую – рускую, літоўскую, польскую. Навукоўцы друкавалі праўдзівыя крыніцы з крамольнымі для савецкага цэнзара зьвесткамі, суседзі зьдзіўляліся адкрытасьці беларускага гуманітарнага поля, а паспаліты народ пазіраў на сьвет зь нейкай аддаленай хітрамудрынкай уваччу. Маўляў, ёсьць нешта ў нас за душой сваё, толькі зразумець і назваць яшчэ час не прыйшоў.

Хітрамудрынка паходзіла з генэтыкі, з інстынкту самазахаваньня і, натуральна, з глыбокае любові да ўсяго свайго. А інакш чаму, гаворачы дэ-факта па-расейску, у перапісах беларусы ўпарта называюць роднай мовай беларускую? Чаму за прамінулыя 200 гадоў беларусы ня тое што масава, а хоць колькі-небудзь заўважна не пачалі пісацца расейцамі? Пры тым, што ўся прапагандысцкая машына дзяржавы ўсе гэтыя гады ўбівала й працягвае ўбіваць ім у галаву, што яны – тыя ж расейцы. Не. Не спрацоўвае. Як было сто гадоў яшчэ ў царскім перапісе 6 мільёнаў чалавек беларусаў, так і засталося (з улікам натуральнага прыросту) сёньня мільёнаў 8. Не ідэнтыфікуюцца беларусы з Расеяй. Нават калі становяцца выдатнымі расейскімі акторамі, як Алег Янкоўскі, усё адно падкрэсьліваюць сваё паходжаньне ці то з польскай шляхты ці то з віцебскіх дваран, а насамрэч, як вынікае, зь беларускіх арыстакратаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG