Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская чыгунка зь 1 чэрвеня будзе браць плату за праезд па пакілямэтровым тарыфе

Зараз на прыгарадныя цягнікі дзейнічае так званы “зонны тарыф”. Да прыкладу, Менск – нулявая зона. Першая зона – 5 кілямэтраў. Усе астатнія зоны – па 10 кілямэтраў. Калі пасажыр едзе на адлегласьць 6 кілямэтраў ад Менску, ён трапляе ў другую зону, і аплата 440 рублёў памножыць на 2, атрымліваецца 880 рублёў. Але некаторыя пасажыры едуць, да прыкладу, з пачатку адной зоны амаль да канца другой на адлегласьць 18 кілямэтраў, а лацяць 440 рублёў. Начальнік аддзелу чыгункі Ўладзімер Столяр распавёў:

“Гэта несправядлівая сыстэма аплаты пачала непакоіць грамадзянаў, і чыгунка атрымлівала шмат зваротаў – чаму ідзе аплата не ў адпаведнасьці з адлегласьцю, якую праехаў чалавек. Вось з 1 чэрвеня мы плянуем навесьці парадак – ліквідаваць несправядлівасьць.

За першыя 5 кілямэтраў будзе аплата 440 рублёў, а далей па формуле 440 плюс за кожны кілямэтар – 44 рублі. Такім чынам, тлумачыць Уладзімер Столяр:

“Усе грамадзяне, якія едуць зь Менску – на 100, на 200, на 300 рублёў будуць плаціць менш . Але тыя пасажыры, якія раней ехалі з зоны ў зону – 18 кілямэтраў ехалі, а плацілі толькі 440 рублёў – такіх канечне, няшмат, але ім давядзецца плаціць, канечне, больш”.

Нескладаныя арыфмэтычныя падлікі сьведчаць, што, да прыкладу, паездка зь Менску да Маладзечна абыдзецца на 350 рублёў таньней. Зараз за квіток пасажыры плацяць 3960 рублёў. Адлегласьць 77 кілямэтраў. А з 1 чэрвеня атрымаецца 3610 рублёў.

Эканаміст Міхал Залескі патлумачыў хоць нязначнае, але зьніжэньне кошту праезду ў электрычках так:

Міхась Залескі
“Мы працягваем нейкую сацыяльную палітыку. Калі выйсьці на нармалёвыя тарыфы, на самаакупнасьць пасажырскіх перавозак – таму што чыгунка ў нас жыве за кошт трафіку міждзяржаўнага - то паўмільёна тон прадукцыі, якія бабулькі цягнуць зь лецішча ў вазочках на колах, мы недаатрымаем. І ў выніку рэгуляваньня нашых коштаў, нязьменнасьці тарыфаў у нас няма ні чыгункі такой, як у Эўропе, ні сэрвісу на чыгунцы, ні эфэкту сацыяльнага, які мы ад яе чакалі. Плаціць трэба людзям столькі, каб яны куплялі такія квіткі, якія акупяць працу чыгункі”.

Эканаміст Міхал Залескі прадказвае падвышэньне штрафаў, каб у людзей быў стымул аплачваць праезд, а таксама падвышэньне тарыфаў.
XS
SM
MD
LG