Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі паводле запісу ў кнізе скаргаў


Фэльчару-стаматолягу з Гарадоччыны Аляксандру Жыдкевічу прысудзілі два гады абмежаваньня волі без заключэньня пад варту за нібыта атрыманьне незаконнага ўзнагароджаньня ад пацыентаў. Таксама яго пазбавілі на тры гады права займацца прафэсійнай дзейнасьцю.


Гэты прысуд Аляксандар лічыць палітычна матываваным: крымінальная справа супраць яго была ўзбуджана раённай пракуратурай неўзабаве пасьля мінулых выбараў, на якіх спадар Жыдкевіч быў назіральнікам. Таксама ён згадвае, што ад самага пачатку сваёй прафэсійнай дзейнасьці ў Бычыха Гарадоцкага раёну ён дамагаўся ад супрацоўнікаў фэльчарска-акушэрскага пункту дакладнага выкананьня службовых абавязкаў і патрабаваў, каб яму, маладому спэцыялісту, на законных падставах далі прыдатнае жыльлё.

Судовы працэс над Аляксандрам Жыдкевічам доўжыўся некалькі месяцаў. 22 траўня раённы суд прызнаў яго вінаватым паводле артыкулу 433 Крымінальнага кодэксу “Атрыманьне незаконнага ўзнагароджаньня”. Падставай для гэтага стаўся запіс у кнізе скаргаў пра тое, што малады спэцыяліст нібыта ўзяў грошы за лячэньне, якое павінна было быць бясплатным.

Але яшчэ задоўга да прысуду, у сакавіку гэтага году, мясцовай раёнцы “Гарадоцкі весьнік” выйшаў артыкул журналісткі Людмілы Мукамол, у якім сьцьвярджалася, што Аляксандар Жыдкевіч безумоўна вінаваты. Актывіст зьвярнуўся ў раённы суд, каб прыцягнуць спадарыню Мукамол да адказнасьці за абразу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Адказ з суду прыйшоў толькі праз паўтара месяцы – калі стала вядома, што за нібыта атрыманьне незаконнага ўзнагароджаньня яго ўсё-ткі пакараюць.

На думку гарадоцкага актывіста руху “За Свабоду” Леаніда Гаравога, гэта ўскосна сьведчыць пра тое, што справа супраць Аляксандра Жыдкевіча мае без сумневу палітычнае паходжаньне і невыпадкова ўзьнікла якраз пасьля выбарчай кампаніі 2008 году.
XS
SM
MD
LG