Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіча прымушаюць заключаць дамовы з паліклінікай


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

Вядомы палітык сустракаецца з жыхарамі Віцебшчыны. Учора ён наведаў Верхнядзьвінск, сёньня – Паставы і Чашнікі.


Актывісты зь Верхнядзьвінску сустракаліся з экс-кандыдатам у прэзыдэнты і старшынём руху “За Свабоду” ў памяшканьні Цэнтру падтрымкі грамадзкіх арганізацый “Рубон”.У памяшканьні раённага Дому культуры правесьці сустрэчу не ўдалося: з гарвыканкаму прыйшоў ліст з тлумачэньнямі, што гэта немагчыма, бо ў памяшканьнях установы йдзе рамонт.

На сустрэчу сабраліся трыццаць чалавек. Аляксандар Мілінкевіч распавёў прысутным пра дзейнасьць руху “За Свабоду” – пра тое, што асноўным накірункам дзейнасьці ёсьць падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў, лякальных праектаў, якія спрыяюць дэмакратызацыі і эўрапеізацыі на Беларусі.

Сёньняшняя сустрэча палітыка з жыхарамі Паставаў доўжылася каля дзьвюх гадзін. Яна праходзіла на прыватнай кватэры аднаго зь мясцовых прыхільнікаў руху “За Свабоду”, і сабраліся на яе ня больш за два дзесяткі чалавек.

Адзіным райцэнтрам, дзе сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам была заплянаваная ў больш шырокім фармаце, былі Чашнікі. Мясцовы актывіст Аляксей Александровіч атрымаў з райвыканкаму ліст пра тое, што яе можна правесьці ў Доме культуры пры ўмове, што арганізатары заключаць дамовы з кіраўніцтвам установы, а таксама з мясцовай паліклінікай наконт мэдычнага абслугоўваньня ды з раённай міліцыяй – пра ахову правапарадку.

Нягледзячы на дазвольны ліст за подпісам намесьніцы старшыні райвыканкаму спадарыні Фёдараўцавай, аддзел культуры райвыканкаму не пагадзіўся складаць дамову пра арэнду залі ў ДК з прычыны таго, што з 18-ці да 20-ці гадзін там будзе праводзіцца культурна-масавае мерапрыемства. Мясцовы актывіст спадар Александровіч падкрэсьлівае, што час сустрэчы з кіраўніцтвам раёны быў узгоднены, і яшчэ заўчора пытаньне пра тое, што заля ў Доме культуры будзе занятая, не паўставала.

У раённай міліцыі заяўніку сказалі, што дамаўляцца пра ахову правапарадку на падобный сустрэчы ён мусіў ня менш як за 10 дзён. Бо кіраўніцтва РАУСу мусіць узгадняць гэта ў Віцебску і выклікаць дадатковыя “сілы” з іншых рэгіёнаў для аховы правапарадку ў Чашніках.

Аляксей Александровіч кажа, што сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам мясцовыя актывісты адмяняць ня сталі, хаця праводзіць яе давядзецца пад адкрытым небам – недалёка ад Дому культуры. Па райцэнтры ўжо разьвешаныя аб”явы пра сустрэчу, і жыхары зьбяруцца менавіта каля гэтай установы, дзе першапачаткова сустрэча была дазволеная.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG