Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрасы прыхаванага беспрацоўя і пацярпелыя ад крызісу цяпер паўсюдна. Паводле афіцыйных дадзеных Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у траўні больш як 60 заводаў і фабрык па ўсёй краіне перайшлі на скарочаны працоўны тыдзень. У вымушаных адпачынках зь няпоўнай аплатай — амаль 110 тысяч чалавек, а гэта больш як 3% ад усіх занятых у вытворчасьці.


З эканамічным аглядам тыдня — Ігар Карней.

Паводле дадзеных Гарадзенскага аблвыканкаму, на няпоўным рабочым тыдні — амаль 10 тысяч работнікаў. Згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, у вобласьці частковая занятасьць на заводах і фабрыках — звычайная рэч.

Да прыкладу, Скідзельскі цукровы камбінат. Загадчыца аддзелу кадраў Ніна Герасімовіч кажа, што спэцыяльна ў адпачынкі ў несэзонны пэрыяд рабочых ісьці не прымушаюць, а вось заробкі — зьмяншаюцца:

“У гэты пэрыяд заробкі ў часткі працоўных найменшыя. Справа ў тым, што касьцяк калектыву працуе па кантрактах, а астатнія работнікі, якіх мы прымаем на пэрыяд перапрацоўкі цукровых буракоў, зьяўляюцца часовымі работнікамі і працуюць паводле працоўнай дамовы. У іх заробак на 15% ніжэйшы”.

Найбольш складаная сытуацыя — на прадпрыемстве “Мастоўдрэў”, адкуль работнікі вымушаны звальняцца самі, каб шукаць іншае месца працы. Спадар Юры, які днямі напісаў заяву, патлумачыў сваё звальненьне так:

“Вось я атрымаў 297 тысяч у месяц. Спачатку працаваў у цэху ДСП, але ён зь сярэдзіны лютага стаіць, калі будзе запушчаны — ніхто ня ведае. Нас параскідвалі па іншых цэхах і абяцалі плаціць сярэдні заробак, але гэта нават не сярэдні”.

Спадар Юры прыводзіць афіцыйныя дадзеныя: толькі за два месяцы страты прадпрыемства павялічыліся на 4 мільярды рублёў, а за мінулы год — на 9 мільярдаў. Кажа, што адміністрацыя сама стараецца вызваліцца ад рабочых.

Тым ня менш афіцыйная статыстыка падае, што ў Гарадзенскай вобласьці на 1 красавіка налічвалася 1,1% беспрацоўных. Сярэдні памер выплаты на аднаго беспрацоўнага ў сакавіку склаў 44,6 тысячы рублёў.

***

У Гомельскім гарадзкім упраўленьні занятасьці
насельніцтва афіцыйна зарэгістравана 2800 беспрацоўных. Гэта крыху больш за 1% ад усяго працаздольнага насельніцтва. Вялікага беспрацоўя нібыта няма, але і ўладкавацца на працу надзвычай складана. Распавядае спадар Зьміцер, электрык 4 разраду, які тры месяцы шукаў сабе занятак па спэцыяльнасьці на заводах “Гомсельмаш”, “Электраапаратура”, станкабудаўнічым заводзе:

“Па ўсіх заводах хадзіў, каб уладкавацца. Усюды хадзіў. Доўга хадзіў, але так і не знайшоў нічога. Не бяруць нідзе наагул”.

Дзясяткам прадпрыемстваў гораду цяпер увогуле не да новых працоўных рук. Акцыянэрныя таварыствы “Гомельдрэў”, “Камінтэрн”, “Праца”, шарыкападшыпнікавы завод, завод пускавых рухавікоў ды многія іншыя працуюць няпоўны тыдзень. Задача ў іх — выжыць. А дзеля гэтага ўсе мэтады добрыя, у тым ліку й скарачэньні пэрсаналу. Гаворыць тэхноляг спадарыня Валянціна — у 52 гады яна пазбавілася працы на “Гомельдрэве”:

“На “Гомельдрэве” ў нас, дзе я працавала, скарацілі палову разьліковага аддзелу. Скарачаецца вытворчасьць, таму й скарацілі наш разьліковы аддзел. Думала: вось-вось пайду на пэнсію. А зараз, шчыра кажучы, мяне напалохала беспрацоўная пэрспэктыва”.

З прычыны мізэрнай дапамогі па беспрацоўі й неабходнасьці пэрыядычна выходзіць на так званую грамадзкую працу — прыбіраць горад альбо езьдзіць у вёску на дапамогу аграрнікам — гараджане ня надта імкнуцца стаць на ўлік у цэнтры занятасьці насельніцтва.

***


На прадпрыемствах Магілёўшчыны колькасьць вакансіяў у параўнаньні зь мінулагоднім пэрыядам скарацілася на дзьве тысячы. У рэгіянальнай службе занятасьці прызнаюць, што працэнт беспрацоўя на Магілёўшчыне значна большы, аднак зазначаюць: вялікага наплыву ахвотнікаў перавучыцца на прафэсіі, больш запатрабаваныя на рынку працы, няма.

“У мяне сёньня ёсьць дзе вучыць і каго вучыць, але сёньня ёсьць асобныя прафэсіі, на якія мне хацелася б большай актыўнасьці. Аднак людзі неахвотна ідуць на гэтыя працы. Такія, як сантэхнікі, напрыклад, альбо на будаўнічыя прафэсіі, дзе патрабуюцца пэўныя фізычныя высілкі, на холадзе. Ня плацяць ім той заробак, які яны хацелі б, альбо не задавальняюць умовы працы”.

Ад студзеня ў вымушаных адпачынках пабывалі больш за 7 тысяч чалавек. Колькасьць неадпрацаванага часу на прадпрыемствах рэгіёну ў выніку прастояў склала амаль 181 тысячу чалавека-дзён, што раўназначна нявыхаду на працу трох тысяч чалавек.

Няшмат беспрацоўных зьвяртаецца і ў прыватныя кадравыя агенцтвы. Гаворыць супрацоўніца аднаго зь іх:

“Колькасьць беспрацоўных, як правіла, аргумэнтуецца іх некваліфікаванасьцю. Кваліфікаваных работнікаў мы дужа хутка ўладкоўваем. Шмат людзей прыходзіць, у каго мала досьведу працы. Насамрэч яшчэ людзі круцяць носам, калі ім прапануеш вакансіі”.

У рэгіёне 109 прадпрыемстваў працуюць са стратамі. Агульная сума стратаў складае больш за 66 мільярдаў рублёў. У Бабруйску па скарочаным графіку працуе палова прадпрыемстваў, у Магілёве — траціна.

***

У Клецку на Меншчыне дысьлякаваныя чатыры перапрацоўчыя прадпрыемствы і мэханічны завод — філіял сталічнага МАЗу. Паводле афіцыйных зьвестак, беспрацоўе ў горадзе не перавышае 2%. Але тутэйшыя кажуць, што чыноўнікі ўтойваюць сапраўдныя маштабы беспрацоўя.

Іна Кебікава, настаўніца беларускай ды ангельскай моваў, тлумачыць, што ўзровень жыцьця гараджанаў апошнім часам зьнізіўся, беспрацоўе ж набыло прытоеныя формы:

“Былі прыватныя прадпрыемствы, але апошнім часам наагул няма. Такіх людзей задушылі падаткамі. Беспрацоўе заключаецца ў тым, што на добрыя месцы ставяць сваіх людзей, а іншых выціскаюць. На прадпрыемствах не прадаўжаюцца кантракты, таму што няма месцаў, бо ня могуць збыць прадукцыю. Не даюць дапрацаваць 2—3 гады да пэнсіі, таму пэнсіі будуць маленькія…”

45-гадовы Сяргей Дамейка атрымаў, працуючы на хлебазаводзе, траўму шыйнага пазванка і трэцюю групу інваліднасьці. Яму прапанавалі ўладкавацца вартаўніком:

“І я звольніўся. А групу зьнялі, хоць мэдыкі яе пацьвярджаюць. Адправілі на біржу вучыцца на газавіка. Але паводле стану здароўя не прайшоў камісію. Не даюць групу, і на працу не магу ўладкавацца…”

Але найцяжэй бачыць наступствы эканамічнага крызісу штодзень на дзецях у школе. Кажа згаданая Іна Кебікава:

Іна Кебікава
“Да мяне прыходзіць дзяўчынка займацца — “майго тату звольнілі”. Я кожны дзень бачу, як галадаюць дзеці ў школе. Калі хтосьці не даеў, падыходзяць — просяць: а можна, я даем? Бацькі не аплачваюць таго, што патрабуе школа. Прыяжджала музычная капэла ў Клецак, і ўсе дзеці павінны былі прынесьці па 3500. Хто не прынёс, настаўнікі закладалі сваімі грашыма. А дзеці кажуць — “маме няма на што купіць хлеб...”

Эканамічны крызіс апанаваў і іншыя сфэры, у прыватнасьці — рэстаўрацыйную галіну. У Міністэрстве культуры паведамілі: больш як 60 гістарычных сядзібаў і будынкаў бліжэйшым часам адыдуць да новых гаспадароў, пераважна гарадзкіх і раённых выканкамаў. З прычыны крызісу скарачаецца фінансаваньне рэстаўрацыі помнікаў зь дзяржаўнага бюджэту.

***

Усе дзьверы і вокны ў сядзібным палацы забітыя дошкамі
Сядзіба знакамітага кампазытара, дзяржаўнага дзеяча, паўстанца Міхала Клеафаса Агінскага, чый палянэз “Разьвітаньне з Радзімай” ведаюць ва ўсім сьвеце, — у занядбаным стане. “Паўночныя Афіны” у вёсцы Залесьсе Смаргонскага раёну “сьпіхнулі” на ўтрыманьне райцэнтра. На рэстаўрацыю палацава-паркавага комплексу патрабуецца каля 5 мільярдаў рублёў.

Дырэктар музэю Ўладзімер Ліхота кажа, што комплекс з балянсу Дзяржаўнага музэю гісторыі тэатральнага і музычнага мастацтва перадаюць, згодна з указам прэзыдэнта, мясцовым уладам:

“Праект рэстаўрацыі падрыхтаваны, і калі пералічыць кошты на сёньняшні дзень, на яго рэалізацыю неабходна 5 мільярдаў рублёў. Праект прайшоў экспэртызу, па ім можна будаваць, але калі гэта будзе — я ня ведаю”.

У Дзяржаўным музэі гісторыі тэатральнага і музычнага мастацтва вучоны сакратар Тацяна Мельнікава кажа, што сядзіба Агінскага знаходзілася ў іх на балянсе каля 10 гадоў. Чаму за такі доўгі час не правялі рэстаўрацыю?

“Ну чаму, работы вяліся, але так адразу ня зробіш. Трэба было шмат розных папераў падрыхтаваць, дый грошай не было”.

Аўтар праекту рэстаўрацыі Людміла Іванова распавядае, што праект цалкам быў гатовы ўжо ў 2006 годзе і дагэтуль ляжыць незапатрабаваны. Тое, што сядзібу Агінскага перадаюць на балянс мясцовым уладам, яе засмуціла:

“Раён на гэта наагул ня будзе мець грошай, а значыць, прападзе праект і прападуць будынкі, бо іх тэхнічны стан увесь час пагаршаецца. І калі прыйдзе час усё ж іх рэстаўраваць, давядзецца карэктаваць праект. Гэта будуць дадатковыя выдаткі”.

***

Рэшткі былой велічнасьці кляштара ў Юравічах
У мястэчку Юравічы Калінкавіцкага раёну не вытрымліваюцца тэрміны рэканструкцыі былога кляштара — помніка архітэктуры XVIII стагодзьдзя. Улада ня мае грошай на турыстычны аб’ект з так званага “залатога кальца Гомельшчыны”.

Заказчык рэканструкцыі манастырскага комплексу — прадпрыемства “Гомельрэстаўрацыя”. Генпадрадчыкам да нядаўняга часу было таварыства “Elvira” зь Менску, і рэканструкцыя комплексу павінна была скончыцца сёлета. Гаворыць начальнік вытворча-тэхнічнага аддзелу фірмы “Elvira” Валер Дранчук:

Валер Дранчук
“Наагул — павінны. Але я ня ведаю, як там справы ў заказчыка. Мы ўжо не генпадрадчык. Генпадрадчык цяпер — Гомельскі трэст № 27. Вырашылі, што трэст будзе выконваць агульнабудаўнічыя працы. Мы будзем рабіць толькі ляпніну — дэкаратыўныя ўпрыгожаньні і ўсё такое”.

Гомельскі трэст № 27, які, паводле дамовы, толькі ў красавіку быў надзелены правамі генпадрадчыка, сіламі сваёй будаўнічай управы № 43 ставіць цяпер рыштаваньні, каб аднавіць былы езуіцкі касьцёл. Апавядае галоўны інжынэр будаўнічага ўпраўленьня Генадзь Харытонаў:

“На гэты год выдзелена паўтара мільярда рублёў. Плянуецца закрыць контур, гэта азначае — зрабіць перакрыцьці касьцёла, дах, сьцены ўзьвесьці, каб пачаць працы ўсярэдзіне. Гэта будуць самыя складаныя працы, бо там жа фрэскі ўсярэдзіне. Я сам зь імі ўпершыню сутыкаюся. А ўсяго, каб скончыць аб’ект, трэба асвоіць каля 12 мільярдаў рублёў”.

У мястэчку Юравічы, якое было надзелена Магдэбурскім правам, яшчэ 250 гадоў таму дзейнічала школа. Пры кляштары былі музычная бурса, тэатар і бібліятэка.

***

На гэтым тыдні шырокі рэзананс набыло вуснае распараджэньне Нацыянальнага банку пра абмежаваньні на продаж валюты прадпрыемствам, акрамя як на імпарт мэдыкамэнтаў і на аплату крэдытаў. Такія захады выклікалі паніку на валютным рынку, бо іх успрынялі як знак зьмяншэньня золатавалютных рэзэрваў Беларусі. 21 траўня ў Нацбанку адбылася сустрэча банкіраў, якім растлумачылі: банкі могуць задавальняць любыя заяўкі кампаніяў для куплі валюты на біржы. Аднак, дадалі прадстаўнікі Нацбанку, пры гэтым трэба настойліва рэкамэндаваць кліентам купляць валюту на пазабіржавым рынку.
XS
SM
MD
LG