Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: галадоўка пад заслонай сакрэтнасьці


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч, які галадуе вось ужо 36 дзён?

Дзяжурны менскага сьледчага ізалятару заявіў “Свабодзе”, што нічога ня ведае пра стан здароўя Мікалая Аўтуховіча, які, па ранейшых зьвестках, працягвае галадоўку:


“Ня ведаю, ня ведаю. На жаль, нічога сказаць вам пра яго не магу”.

Паводле зьвестак на 21-га траўня, пасьля вяртаньня з рэспубліканскага турэмнага шпіталя Аўтуховіча зноў паклалі ў мэдычную частку ізалятару, дзе, згодна з правіламі, трымаюць хворых і галадоўнікаў. Учора дзяжурны гэта пацьвердзіў.

Карэспандэнт: “Ён зараз у мэдчастцы знаходзіцца?”

Дзяжурны: “Зараз удакладню…Так, у мэдчастцы”.

Карэспандэнт: “А наколькі ён схуднеў?”

Дзяжурны: “Мне гэта невядома”.

Павал Сапелка
Мікалай Аўтуховіч галадуе 36-ы дзень. Паводле адваката Паўла Сапелкі, які бачыўся зь Аўтуховічам на гэтым тыдні, ён выглядае стомленым і схуднелым. “Ён казаў, што кожны тыдзень страчвае па 3 кіляграмы”, — паведамляў адвакат Павал Сапелка. Адвакат разьлічвае зноў сустрэцца са сваім падабаронным на будучым тыдні.

22 траўня праваабаронцы з Беларускага Хэльсынскага камітэту заклікалі ўлады тэрмінова вызваліць Мікалая Аўтуховіча пад падпіску пра нявыезд. “Каб завершыць справу і перадаць яе ў суд зусім неабавязкова трымаць Аўтуховіча за кратамі”, — мяркуе старшыня БХК Алег Гулак. Праваабаронца адзначае, што сьледзтва ў справе Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенкі “зацягваецца неабгрунтавана” і кажа пра недахоп зьвестак аб справе і сьледзтве.

Алег Гулак
“Уся інфармацыя па гэтай справе надзвычай закрытая. Мы не кажам пра інфармацыю, якая складае таямніцу сьледзтва, але ж інфармацыя пра ход сьледзтва павінна быць даступная для грамадзкасьці”.

Адвакаты і сваякі ўсіх трох падазроных кажуць, што ім нічога невядома пра тое, каб па справе вяліся нейкія сьледчыя дзеяньні.



Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 8 лютага, яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дому міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэта злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы не мае прэтэнзіяў да Аўтуховіча. Справу вядуць гарадзенскія міліцыянты, якія адмаўляюцца ад кантактаў з журналістамі. Галадоўнік Мікалай Аўтуховіч патрабуе спыніць перасьлед таксама Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенкі.
XS
SM
MD
LG