Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці здолее грамадзкасьць кантраляваць дзяржаву?


Разбурэньне будынку XIX стагодзьдзя на Рэвалюцыйнай вуліцы ў Менску

Разбурэньне будынку XIX стагодзьдзя на Рэвалюцыйнай вуліцы ў Менску

Пры Міністэрстве культуры створаная грамадзкая назіральная камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Чым будзе займацца камісія і хто ўвайшоў у яе склад?

У камісію ўвайшлі 11 чалавек — прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку Беларускага фонду культуры, таварыства аховы помнікаў, Саюзаў архітэктараў, мастакоў, партыі БНФ “Адраджэньне”, чыноўнікі Міністэрства культуры. Зь вядомых асобаў — Анатоль Бутэвіч, Антон Астаповіч, Рыгор Сітніца, Вальмэн Аладаў, Ірына Лаўроўская. Старшынём камісіі абраны намесьнік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч.

Грамадзкія арганізацыі часта выказваюць клопат, што ў галіне аховы гістарычнай спадчыны ня ўсё адбываецца так, як мусіць быць у адпаведнасьці з заканадаўствам. І таму галоўная задача камісіі — пільна адсочваць, як выконваецца заканадаўства, — лічыць яе старшыня Анатоль Бутэвіч:

Анатоль Бутэвіч
“Дзе з-за таго, што пэўныя чыноўнікі не зразумелі заканадаўства, дзе з-за таго, што камэрсанты далучаліся да гэтай сфэры, і свае інтарэсы патрабавалі, а дзе таму, што будаўнікі, якія выконваюць працы на гэтых аб’ектах, не заўсёды кваліфікаваныя, альбо не заўсёды прытрымліваліся патрабаваньняў … Адным словам, праблем назапасілася шмат у тым, як захоўваецца заканадаўства аб выкарыстаньні помнікаў гісторыі і культуры”.

Таму, як кажа Анатоль Бутэвіч, і паўстала неабходнасьць сумяшчэньня інтарэсаў дзяржаўных і грамадзкіх.

Сакратар камісіі, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч лічыць, што без супрацоўніцтва зь дзяржавай у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны нічога не атрымаецца:

Антон Астаповіч
“Мы такі народ, які больш займаецца плачам Яраслаўны, чым прадуктыўнай, стваральнай дзейнасьцю. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны — гэта галіна дзейнасьці, дзе можна вырашыць пытаньні толькі на дзяржаўным узроўні, а не на грамадзкім узроўні. І грамадзкасьць павінна супрацоўнічаць зь дзейснай уладай. Безумоўна, базавым прынцыпам нельга здраджваць, але ж шукаць нейкі кансэнсус мы павінны. Калі проста пратэставаць — толку ня будзе, трэба ўсе шляхі выкарыстоўваць”.

Праблемы сур’ёзныя, аднак у якой ступені ўдасца грамадзкай камісіі паўплываць на выпраўленьне становішча — залежыць ад сяброў камісіі. Прынамсі так мяркуе Анатоль Бутэвіч:

“Літаральна 26 траўня маем сабрацца на першае паседжаньне, дзе маем абмеркаваць плян працы, тое, што павінна быць у сфэры нашых інтарэсаў. Таму што на першай сустрэчы мы параіліся і прыйшлі да высновы, што гэтых праблем так шмат, што ня толькі камісіі, а аб’яднаныя намаганьні ўсіх арганізацый, якія прадстаўляюць сябры камісіі, і дзяржаўных структур, будуць доўга працаваць, каб гэтую справу лягічна, нармальна вырашыць з найлепшым эфэктам перш за ўсё для саміх помнікаў. Па-другое, для тых, хто імі цікавіцца і выкарыстоўвае”.

Назіральная камісія па ахове гісторыка-культурнай спадчыны грамадзкая: у яе складзе — адзін чыноўнікі Міністэрства культуры і 10 прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Але пакуль яе сябры поўныя аптымізму, — кажа Анатоль Бутэвіч:

“Я б, канечне, быў ідэалістам, калі б сказаў, што камісія вырашыць усе гэтыя праблемы. Але тое, што яна павінна зрабіць свой унёсак, каб гэтыя праблемы вырашаліся, і каб заканадаўства і падзаконныя акты, якія існуюць у дзяржаве, адпавядалі перш за ўсё інтарэсам саміх помнікаў, мы будзем старацца”.

Афіцыйны бок ў асобе намесьніка міністар культуры Ўладзімера Грыдзюшкі даць камэнтар Радыё Свабода адмовіўся, спаслаўшыся на “надзвычайную занятасьць”.
XS
SM
MD
LG