Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 1-га чэрвеня ў рэгіянальных мэдычных установах Беларусі адбудуцца зьмены, скіраваныя на эканомію бюджэтных сродкаў. Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, цяпер скарачаецца колькасьць стацыянарных месцаў у некаторых раённых шпіталях, зачыняецца шэраг участковых лякарняў і фэльчарска-акушэрскіх пунтаў.


Канкрэтныя праблемныя адрасы наведалі сёньня карэспандэнты “Свабоды”.

БАРАНАВІЧЫ

У шпіталь цяпер патрапіць цяжка


Да 1 чэрвеня колькасьць стацыянарных месцаў у шпіталях Баранавіцкага раёну будзе скарочана на 90 адзінак.

Чыноўнікі тлумачаць гэта неабходнасьцю эканоміі сродкаў. Падлічана, што эканамічны эфэкт толькі па мэдыкамэнтах і харчаваньні складзе да канца году 240 мільёнаў рублёў.

Баранавіцкія мэдыкі ўдакладняюць, што перадусім пад скарачэньне трапляюць аддзяленьні наркалягічнае, супрацьсухотнае, хірургічнае.

“Тут не адна ўстанова. Іх шмат. Скарачэньне закранае дыспансэры ў горадзе і дзіцячы шпіталь…” — кажа галоўны ўрач Гарадзішчанскай лякарні Анатоль Навумчык.

У стацыянары накіроўваюцца толькі хворыя, якім патрэбен кругласуткавы догляд.

Па інфармацыі галоўнага ўрача гарадзкога шпіталя Аляксандра Лабковіча, пачынаючы ад 2002 году колькасьць ложкаў у мясцовых лекавых установах скарацілася на 250 і складае на сёньня дзьве тысячы.

Суразмоўца адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю ў падначаленай яму ўстанове. Ён толькі канстатуе:
Плян ёсьць. Прыкладна, будзе на 50 ложкаў менш. ...

“Плян ёсьць. Прыкладна, будзе на 50 ложкаў менш. А працэнты? Працэнтаў мы не лічылі. Па дадатковую інфармацыю зьвярніцеся ў цэнтральную паліклініку — вам адкажуць дастаткова”.

Аднак галоўны ўрач Баранавіцкай цэнтральнай паліклінікі Аляксандар Сьцяцко ўвогуле адмаўляецца гутарыць з карэспандэнтам “Свабоды”.

“Мы інфармацыі не даём. Не!”

У гутарках не для запісу падначаленыя галоўнага ўрача Сьцяцко тлумачаць, што цяпер у Баранавічах скарачаюцца тэрміны ўтрыманьня хворых у стацыянарах. Сюды накіроўваюцца толькі тыя пацыенты, якіх трэба даглядаць круглыя суткі. Усе астатнія пацыенты мусяць знаходзіцца на лячэньні або ў паліклініцы, або ў дзённых стацыянарах, або дома. Менавіта праз гэтыя формы мэдычнай дапамогі ў Баранавічах будуць эканоміць сродкі.

Але ці сапраўды сытуацыя ў горадзе дазваляе эканоміць на хворых? Разважае былы тутэйшы лекар Алесь Корань:

“Хворых ня менее зараз. Ложкі няма чаго скарачаць. Але ж калі скарачаюць, то толькі з-за таго, што грошыкаў не хапае”.

Суразмоўца зьдзіўляецца, што зараз скарачаюцца месцы ў наркалягічным і антысухотных аддзяленьнях:

“Барацьбы з п’янствам не вядзецца. І колькасьць сухотнікаў расьце. Усе хочуць статыстыку зрабіць”.

Лекар са станцыі хуткай дапамогі Аляксандар Галькевіч таксама не разумее, як можна скарачаць месцы ў бальніцах:

“Павялічыць трэба, а не скарачаць. Насельніцтва ж гораду ня зьменшылася. Павінен быць навуковы разьлік. Усё павінна рабіцца ў інтарэсах людзей. Вырасла бюракратаў у разы — яны ж ня лечаць. Людзі хварэюць усё больш ды больш”.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У вясковых амбуляторыях няма больш дармовых лекаў

У Мастоўскім раёне ў амбуляторыях зь дзённым стацыянарам хворым даводзіцца аплачваць лекі.

У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласьці зачынена мясцовая ўчастковая бальніца. Зараз тут дзейнічае амбуляторыя зь дзённым стацыянарам.

Амбуляторыя абслугоўвае больш як дзьве тысячы пацыентаў з двух сельсаветаў: Луньненскага і Глядавіцкага. Яшчэ да траўня паслугі людзям аказваліся бясплатна, а зараз кожны, хто зьвяртаецца па дапамогу лекара, павінен прыносіць свае лекі альбо набываць іх у аптэцы, якая існуе пры амбуляторыі.

З усіх пацыентаў, якія зьвяртаюцца ў дзённы стацыянар, толькі каля адной сотні карыстаюцца льготамі. Так кажа галоўны ўрач Алена Грыб.

Таксама яна зьвяртае ўвагу, што з увядзеньнем платных лекаў пацыентаў тут паменшала. Цікаўлюся, у якую суму абыходзіцца цяпер чалавеку курс лячэньня ў платным стацыянары?

Грыб: “Калі палічыць усё, і шпрыцы ў тым ліку, то курс лячэньня банальнага радыкуліту абыдзецца прыкладна ў 50 тысяч”.

Алена Грыб кажа, што людзі напачатку абураліся гэтым, але цяпер звыкліся і нічога ня кажуць.

“Старым людзям няма куды зьвяртацца па мэдычную дапамогу”
найбліжэйшая бальніца толькі за 10 кілямэтраў, а прамога аўтобусу туды няма. ...

Дэпутат раённага Савету Аляксандар Пудаўкін шмат патраціў сілаў, дамагаючыся, каб не зачынялі ў Луньне бальніцу, бо найбліжэйшая толькі за 10 кілямэтраў, а прамога аўтобусу туды няма. Вось як ён цяпер характарызуе сытуацыю з мэдыцынскім абслугоўваньнем сваіх землякоў.

Пудаўкін: “Сытуацыя ўскладнілася з закрыцьцём бальніцы, і ня проста ўскладнілася. Атрымалася, што пад гэтымі старымі людзьмі як бы падвялі крытычную рысу. Ім зьвяртацца практычна няма куды — ляжы ў хаце. Яшчэ добра, як завязуць у Горадню”.

Карэспандэнт: “А што людзі кажуць наконт гэтага?”

Пудаўкін: “Людзі кажуць тое самае: патрэбная бальніца. Але хто іх слухае... Восем зь дзесяці тут скажуць, што патрэбная бальніца”.


МАГІЛЁЎ


У Касьцюковіцкім раёне не хапае 22 мэдыкаў, на Малілёўшчыне — 340

Мэдычныя ўстановы Магілёўсай вобласьці маюць патрэбу ў тэрапэўтах ды лекарах вузкіх спэцыяльнасьцяў. Андрэй Белагубаў перадае.

Каб не пакінуць людзей без мэдычнай дапамогі, лекары вымушаныя працаваць больш як на адну стаўку. Гаворыць галоўны спэцыяліст па кадрах адной з райбальніцаў Магілёўшчыны:

“У нас цяпер працуе трыццаць адзін доктар, уключаючы нават тых, хто ў дэкрэтным адпачынку. Гэтага мала, канечне. З чатырох анэстэзіёлягаў і чатырох хірургаў працуюць толькі па два. У нас моцна тэрапэўтаў не хапае. Зь пяці заяўленых працуюць толькі два. Астатнія працуюць па сумяшчальніцтве. Людзі працуюць зь перагрузкай”.

Пачатковая стаўка лекара — 340 тысяч рублёў

Паводле суразмоўніцы, нават з улікам сумяшчальніцтва лякарня ўкамплектаваная толькі на дзевяноста працэнтаў. Маладыя спэцыялісты пасьля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі зьяжджаюць у вялікія гарады, дзе большыя заробкі й лепшыя ўмовы для працы ды кар’еры.

“Пачатковая стаўка лекара дужа малая. Трыста тысяч той аклад. У іх няма ні стажу, ні катэгорыі. Яны могуць узяць да дзьвюх ставак. Але вузкія спэцыялісты могуць атрымаць да сямісот тысяч. А жыльлё будаваць трэба. Яго так проста цяпер не даюць”.

Такая сытуацыя характэрная для ўсіх райбальніцаў Магілёўшчыны. Так, напрыклад, у лякарні самага забруджанага радыяцыяй Касьцюковіцкага раёну зь сямідзесяці мэдыкаў працуюць толькі сорак восем. Паводле патрабаваньняў, цягам працоўнага дня лекар мусіць абслужыць 36 чалавек. У рэальнасьці ж мэдыкам, якія сумяшчаюць спэцыялізацыі, даводзіцца працаваць з больш як пяцьцюдзесяцьцю пацыентамі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі нестае больш як трох тысяч сямісот лекараў, у тым ліку каля дзьвюх тысяч дактароў вузкіх спэцыялізацыяў. На сёньня мэдычныя ўстановы ўкамплектаваныя гэтымі кадрамі толькі на 43 працэнты. Паводле міністра аховы здароўя Васіля Жарка, гэтую праблему, магчыма, удасца вырашыць толькі да 2013 году.
XS
SM
MD
LG