Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “Дыскрымінацыя паводле займанай пасады”


У Горадні падпісана пагадненьне паміж Гарадзенскім аблвыканкамам, абласным саюзам наймальнікаў і Гарадзенскім абласным аб’яднаньнем прафсаюзаў. Сярод іншых зьвяртае на сябе ўвагу такая пазыцыя: звольнены начальнік можа атрымаць кампэнсацыю ў выглядзе квартальнага заробку, а падначаленыя – толькі дадатковы аплатны выхадны для пошуку новай працы.

Такі дакумэнт падпісваецца адзін раз на два-тры гады і дапаўняе Працоўны кодэкс. Намесьнік старшыні абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў Анатоль Сарока лічыць, што дакумэнт ня горшы, чым папярэдні.

Ён кажа, што ў новым пагадненьні ўлічана шмат нормаў, актуальных для сёньняшняга дня. Так, у адным з пунктаў, са словаў Анатоля Сарокі, агаворваецца – пры затрымцы заробку ён павінен індэксавацца суадносна з ростам цэнаў.

Зьвяртае ўвагу прафсаюзны чыноўнік і на тое, што падчас абмеркаваньня пагадненьня вяліся шматлікія дыскусіі з наймальнікамі:

“Мы, зразумела, імкнуліся большага дабіцца, другі бок – Саюз наймальнікаў – даказваў нам сваё на рэальных сытуацыях. Розныя былі пярэчаньні. Да прыкладу, у пытаньнях кампэнсацыі ці калі неабходна матэрыяльная дапамога ў выпадку гібелі чалавека або калі чалавек атрымаў калецтва. Але гэта ўжо ў мінулым, дамова падпісаная”.

Аднак юрыст Незалежнага прафсаюзу гарадзенскага прадпрыемства “Азот” Аляксандар Парадкаў, пачытаўшы ва ўчорашняй мясцовай газэце пра антыкрызісныя палажэньні дамовы, паставіўся да іх крытычна.

У прыватнасьці, напісана, што пры звальненьні начальнік можа атрымаць кампэнсацыю ў выглядзе трохмесячнага заробку, а падначаленыя – дадатковы аплатны выхадны для пошуку новай працы.

“На мой погляд, гэта зусім няправільна, – камэнтуе Аляксандар Парадкаў, – таму што калі падыходзіць з пункту погляду агульных гарантыяў, яны павінны быць аднолькавыя для ўсіх, незалежна, ці гэта кіраўнік, ці за станком стаіць. Інакш атрымліваецца, што заключаецца пагадненьне, якое мае дыскрымінацыйны характар паводле займанай пасады”.

Яшчэ адзін прафсаюзны дзяяч, спадар Валеры, пазнаёміўся з тэкстам пагадненьня і ня бачыць прынцыповай розьніцы з папярэднім, хоць эканамічныя умовы відавочна зьмяніліся. Да таго ж, на ягоную думку, падпісваць пагадненьне павінны ня тры, а два бакі:

“Я наагул лічу, што якое тут можа быць пагадненьне трох бакоў – павінна быць двухбаковае: улада і прафсаюзы. А што такое сёньня наймальнікі? Яны павінны быць у Саюзе наймальнікаў, а яны ж то ўсе туды не ўваходзяць, іх там мала. Іншая рэч, каб яны ўсе туды ўваходзілі”.
XS
SM
MD
LG