Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чашнікі: сустрэча зь Мілінкевічам пад пагрозай зрыву


У райцэнтры Чашнікі, што на Віцебшчыне, мясцовыя ўлады ўпершыню за апошнія 5 гадоў далі дазвол на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам у гарадзкім Доме культуры. Сустрэча мае адбыцца 23 траўня. Але сябры руху “За Свабоду” ня пэўныя, што ім удасца выканаць умовы, пастаўленыя райвыканкамам.

Грамадзкія актывісты і неабыякавыя да палітыкі жыхары Віцебшчыны ўжо звыклі да таго, што з экс-кандыдатам у прэзыдэнты і пачынальнікам руху “За Свабоду” даводзілася сустракацца то на гарадзкіх кірмашох, то на прыватных кватэрах, то на ганках кінатэатраў, якія ў апошні момант адмаўляліся прыняць Аляксандра Мілінкевіча і ягоных прыхільнікаў.

Таму рашэньне Чашніцкага райвыканкаму пакуль беспрэцэдэнтнае: арганізатару сустрэчы Аляксею Александровічу паведамілі, што прынцыповы дазвол ёсьць, але трэба заплаціць за арэнду залі ў Доме культуры і дамовіцца з адпаведнымі службамі пра ахову грамадзкага парадку і мэдычнае абслугоўваньне.

Паводле спадара Александровіча, спробы дамовіцца з аддзелам культуры аб арэндзе памяшканьня і зь мясцовай паліклінікай наконт мэдычнай дапамогі пакуль ня маюць плёну:
Такое ўражаньне, што вырашылі хавацца – ці ад кантактаў, ці ад адказаў...


“У аддзеле культуры сказалі: “Выбачайце, але ў нас на гэты самы час, з 18-ці да 20-ці гадзінаў, заплянавана мерапрыемства”. Але загадчыка аддзелу не было, а галоўны спэцыяліст сказаў: “І ня будзе, нават не чакайце”. Таму я пакінуў пісьмовую заяву. Падобная сытуацыя і ў паліклініцы: галоўнага доктара няма і ня будзе. І мы, маўляў, нічога ня ведаем і не разумеем, што за дакумэнты вы нам прынесьлі. Такое ўражаньне, што вырашылі хавацца – ці ад кантактаў, ці ад адказаў”.

Заяўнік сустрэчы Аляксей Александровіч зьдзіўлены, бо ў лісьце з гарвыканкаму яму было якраз прапанавана перанесьці сустрэчу з 16-й гадзіны на 18-ю, каб заля Дому культуры ўжо вызвалілася пасьля папярэдняй імпрэзы. А ў аддзеле культуры чамусь цьвердзяць, што а 18-й гадзіне памяшканьне будзе занятае зноў.

За сёньняшні дзень чашніцкі актывіст мае даведацца вынікі: ці ўдасца яму заключыць дамовы, каб сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам гарантавана адбылася.

Кіраўнік абласной структуры руху “За Свабоду” Хрыстафор Жаляпаў адзначае, што з дазволу райвыканкаму ў Чашніках магла б запачаткавацца тэндэнцыя да арганізацыі легальных сустрэчаў з Аляксандрам Мілінкевічам, але ён ня пэўны, што так насамрэч станецца:
Гэта першы выпадак у Віцебскай вобласьці. Дагэтуль нам ніхто не дазваляў...


“Я ня думаю, што гэта тэндэнцыя. Ня ведаю, якая была матывацыя ў Чашніцкага райвыканкаму. Калі яны зразумелі, што забаронамі нічога не даб'есься, калі людзі хочуць сустракацца з Аляксандрам Мілінкевічам, і што ён усё адно будзе езьдзіць, сустракацца, размаўляць зь людзьмі – тады гэта добрая матывацыя. І ўсё ж гэта першы выпадак у Віцебскай вобласьці. Дагэтуль нам ніхто не дазваляў!”

Хрыстафор Жаляпаў расказаў, што фармальную згоду на сустрэчу атрымалі й актывісты ў Верхнядзьвінску – там сустрэча плянавалася на 22 траўня. Чыноўнікі райвыканкаму напісалі, што былі б гатовыя даць дазвол, але мясцовы Дом культуры зачынены на рамонт. Так што сустрэча зь вядомым палітыкам у Верхнядзьвінску пройдзе ўжо ў звыклым паўлегальным фармаце. Гэтаксама як і ў Паставах, дзе Аляксандра Мілінкевіча чакаюць 23 траўня. Плянуецца, што падчас гэтых сустрэчаў будуць абмеркаваныя пытаньні сацыяльна-эканамічнага жыцьця краіны і інтэграцыі ў Эўропу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG