Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Удзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства” ні ў якім разе ня будзе ісьці на шкоду супрацоўніцтву ў рамках іншых утварэньняў, у тым ліку саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі – пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка падчас дакладу першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі.

Таксама беларускі МЗС заяўляе, што Беларусь ня мае намеру выбіраць паміж інтарэсамі ў СНД і ўдзелам ва “Ўсходнім партнэрстве”. Ці ўдасца афіцыйнаму Менску ўтрымацца на двух крэслах? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Вячаславам Пазьняком.

Дашчынскі: Пытаньне пра “два крэслы” ня новае. Аднак відавочна, што яно будзе набываць большую актуальнасьць падчас руху Беларусі ў бок “Усходняга партнэрства”...

Пазьняк: Тое, што гэта адбываецца ўжо цяпер, калі “Ўсходняе партнэрства” яшчэ фактычна не запрацавала, сьведчыць пра існаваньне вельмі прынцыповых момантаў. Гэта праблемныя моманты дзьвюх паралельных прастораў – эўрапейскай праграмы і даволі віртуальнай саюзнай дзяржавы.

Але не беларускі, а расейскі бок пачаў першым абазначаць, што тут магчымыя трэньні. Рэагаваньне афіцыйнага Менску даволі запозьненае. Рэакцыя пайшла пасьля заявы выканаўчага сакратара СНД, былога кіраўніка замежнай выведкі Расеі Сяргея Лебедзева. І гэтая заява Аляксандра Лукашэнкі сьведчыць пра тое, што шэраг дэклярацыяў і крокаў беларускага боку дагэтуль не змаглі зьняць расейскай заклапочанасьці. Расея ўспрымае “Ўсходняе партнэрства” як чарговы намер стварыць нейкае “кола ціску”, як выцісканьне яе з традыцыйных сфэраў уплыву. Але пакуль адносна няўдалага праекту “саюзная дзяржава” праблем няма, бо “Ўсходняе партнэрства” яшчэ не запрацавала. Расею турбуе арыентацыя Эўразьвязу на стварэньне альтэрнатывы энэргетычнаму забесьпячэньню. То бок большая эканамічная свабода, меншая эканамічная і энэргетычная залежнасьць краінаў-сяброў “Усходняга партнэрства” прычыніцца й да большай палітычнай свабоды. Расейскі істэблішмэнт вельмі занепакоены тым, што Беларусь будзе займаць больш самастойную, менш арыентаваную на расейскія інтарэсы пазыцыю. А гэта было б слушна, бо інтарэсы Расеі і Беларусі істотна розьняцца. Засьцярогі палягаюць урэшце ў палітычным павароце Беларусі на эўрапейскую будучыню.

Дашчынскі: Нагадаю, былы кіраўнік выведкі Лебедзеў заявіў, што краіны-сябры эўрапейскай праграмы ўрэшце апынуцца перад выбарам: або СНД, або Эўропа. Гэтая заява й выклікала апэратыўную рэакцыю з боку беларускага МЗС. А таксама спадар Лебедзеў папярэджваў, маўляў, Эўразьвяз ня зможа кампэнсаваць тых стратаў, якія могуць мець краіны ў выніку ўдзелу ва “Ўсходнім партнэрстве”. Ці можа сьведчыць рэакцыя афіцыйнага Менску ў адказ, заявы адносна саюзу з Расеяй і ўдзелу ў СНД, пра тое, што ён хоча неяк падмануць Эўропу?

Пазьняк: Я думаю, так ставіць пытаньне было б некарэктна. Бо “Ўсходняе партнэрства” для беларускіх уладаў сёньня – гэта шанец выйсьці са шматгадовай палітычнай і эканамічнай самаізаляцыі. Лукашэнка апошнім часам акцэнтаваў увагу, што Эўразьвяз – гэта палова замежнагандлёвага абарачэньня. Гэта наш ключавы, а па некаторых пазыцыях і большы, чым Расея, гандлёва-эканамічны партнэр. Ёсьць яшчэ шэраг іншых пераваг і магчымасьцяў, якія можа атрымаць нашае грамадзтва.

Беларускі бок пралічвае свае абавязаньні, каб не ўзяць нявыгадных ці шкодных для палітычнага рэжыму. Дык вось зрыў гэтых абавязаньняў і перакрые тыя шматабяцальныя эканамічныя і іншыя пэрспэктывы. Адмова ад абавязаньняў ці спроба ўхіліцца ад іх насамрэч будзе пазбаўляць Беларусь пэрспэктывы ў самым шырокім эўрапейскім пляне. Я думаю, на гэта мог бы пайсьці толькі чалавек або група асобаў, якія шчыра жадаюць нашкодзіць сваёй краіне і яе народу.

Дашчынскі: Некаторыя аналітыкі заяўляюць, што афіцыйны Менск спрабуе гандляваць сваёй блізкасьцю да Расеі. Дык ці можа аб’яднаная Эўропа перакупіць Беларусь у Расеі?

Пазьняк: Па вялікім рахунку, Эўразьвяз ніколі ня ставіў задачаў перакупляць нейкія рэжымы. Эўразьвяз – вялікі донар ва ўсясьветным маштабе, яго эканамічны ўплыў вельмі вялікі. “Купля” дзяржаў і ўрадаў з дапамогай эканамічных мераў – гэта тое, чаго Эўразьвяз ніколі не рабіў. Супрацоўніцтва, бонусы, перавагі ад эўрапейскай інтэграцыі – гэта вынік сьвядомага, сур’ёзнага, доўгатэрміновага выбару з боку ахвочых дзяржаў. Канчатковай лягічнай мэтай эўраінтэграцыі ёсьць сяброўства ў Эўразьвязе. А каб гэтая канчатковая мэта рэалізавалася, ёсьць неабходныя ўмовы. Гэта прызнаньне каштоўнасьцяў эўраінтэграцыі. Яны ўключаюць, акрамя клясычных, зафіксаваных ААН ідэалаў дэмакратыі, правоў чалавека і гэтак далей, таксама ідэю свабоднай і непадзельнай Эўропы. Гаворка ідзе пра сьвядомы, рацыянальны і ідэальны выбар Беларусі. Выбар адзінай і свабоднай Эўропы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG