Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пушкін напісаў кнігу пра народны супраціў саветам


Вокладка кнігі “Ўзброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20—30-я гады XX стагодзьдзя)”

Вокладка кнігі “Ўзброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20—30-я гады XX стагодзьдзя)”

Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін сёньня прэзэнтаваў грамадзкасьці сваю кнігу “Узброены супраціў ва Ўсходняй Беларусі (20-30-я гады XX стагодзьдзя)”.

Гісторык кажа, што сваёй працай ён імкнуўся разбурыць укаранелы міт пра ўсеагульную падтрымку савецкай улады беларусамі. Кнігу надрукавалі ў выдавецтве “Мэдысон” дзякуючы падтрымцы Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Прэзэнтацыю ў грамадзкім цэнтры “Кола” арганізавала магілёўская гарадзкая суполка Таварыства беларускай мовы.

Большая частка кнігі — гэта дакумэнты й матэрыялы сабраныя аўтарам у архівах Магілёва, Гомеля й Віцебску.

“У нас у гісторыі пануюць савецкія міты. Адзін з такіх мітаў — пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі існавала аднадушная падтрымка савецкай улады. Аказваецца была ўзброеная барацьба. Я працаваў у архівах, зусім па іншых тэмах, і заўважыў, што вельмі частка ў архіўнай справе можна знайсьці копію так званых банд-зводак. Гэтыя матэрыялы ГПУ адсылала ў партыйныя арганізацыі”.

Гісторык цьвердзіць: супраціў савецкай уладзе ахопліваў усю Ўсходнюю Беларусь. Карані супраціву ён бачыць у абяцаньнях бальшавікоў даць сялянам зямлю, на справе выйшла наадварот:

“Яны не атрымалі зямлі. Вымушаныя былі карміць усіх. Аддаваць апошняе, але дзеля чаго. Гэты супраціў быў выкліканы адпаведна й дзеяньнямі новай улады, якая парушала традыцыйныя адвечныя прынцыпы жыцьця беларускага селяніна. Любое іншадумства падаўлялася. Была напісана: “Там дзе ёсьць супраціў спальваць вёскі дзеля чырвонай вёскі”.

Апошнія агмені сялянскага супраціву былі здушаныя ў 1935 годзе. На той час цалкам была вынішчаная сьвядомая частка сялянства, зазначае спадар Пушкін.

На прэзэнтацыю прыйшло багата людзей
На сёньняшнюю прэзэнтацыю прыйшлі больш за чатыры дзясяткі чалавек, пераважна маладзёнаў. Што яны ведаюць пра апісаны ў кнізе час.

Юнак: “20—30-я гады вельмі цікавая для мяне тэма беларускай гісторыі. Я ня шмат пра гэта ведаю. Гэта, відаць, самыя багатыя на падзеі часы й самыя важныя”.

Юнак: “Тыя падзеі слаба асьветленыя ў многіх крыніцах. Дужа добра, што існуюць цяпер такія працы й навукоўцы, якія займаюцца гэтай праблемай”.

На прэзэнтацыю прыйшоў і эканаміст Пётар Мігурскі. Ён кажа, што кніга Пушкіна разбурае стэрэатыпы:

“Не такім ужо быў талерантным беларус у тыя гады. У беларускім грамадзтве й народа было даволі сілаў, каб сказаць не савецкай уладзе й тым мэтадам, якімі яна насаджалася й тым канкрэтным людзям. Якія яе насаджалі”. `

Аляксандар Агееў
Важнасьць кнігі адзначае і яе рэцэнзэнт гісторык Аляксандар Агееў:

“Гэтая кніжка, безумоўна, не для шырокага кола чытачоў, але адначасова гэта кніжка для ўсіх. Гэта цікавае яе спалучэньне. Узброены супраціў савецкай уладзе — гэтая ніша пакуль не запоўненая. Гэтых кніжак яшчэ мала”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG