Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня адбылося чарговае рабочае паседжаньне ініцыятыўнай групы па арганізацыі кангрэсу эўрапейскіх сілаў. Прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх васьмі арганізацый, якія бяруць удзел ў ініцыятыўнай групе — 4 суб’екты Эўрапейскай кааліцыі, а таксама АГП, БНФ, БХД і рух “За Свабоду”. Эўрапейская кааліцыя і партыя БНФ вырашылі правесьці кангрэс 21 чэрвеня, АГП і БХД яшчэ думаюць. Рух “За Свабоду” выступае за тое, каб належна падрыхтавацца і правесьці форум увосень.

Дыскусія разгарэлася вострая. Лідэр “Эўрапейскай кааліцыі” Мікалай Статкевіч перакананы, што і так змарнавана шмат часу, і кангрэс трэба праводзіць як мага раней. Замест выбараў дэлегатаў у рэгіёнах, якія да таго ж зьвязаныя са скандаламі, абвінавачваньнямі ў фальсыфікацыях, Статкевіч прапанаваў прамую прысутнасьць дэмакратычнага актыву: колькі ёсьць у арганізацыі прыхільнікаў — няхай усіх яна і прывядзе, каб было бачна, наколькі яна магутная і ўплывовая. З такім прапановамі паплечнікі Мілінкевіча не пагадзіліся.

Мікола Статкевіч
Мікола Статкевіч: “Мы запатрабавалі вызначыцца Рух „за Свабоду!“. Яны адмовіліся падтрымаць гэтую форму правядзеньня кангрэсу і стратэгію, не прадставіўшы сваёй. Такое ўражаньне, што спадар Мілінкевіч, мяркуючы па яго апошніх заявах, рыхтуе пад такой жа назвай нейкае іншае мерапрыемства пад сябе. У такіх варунках, бачачы, што ідзе блякаваньне нашай працы, я быў вымушаны папрасіць прадстаўнікоў Руху „За Свабоду!“ перастаць перашкаджаць нам працаваць”.

Прадстаўнікі Руху “За Свабоду!”сышлі з паседжаньня. 7 астатніх суб’ектаў узгаднілі парадак дня Кангрэсу: прыняцьце стратэгіі, дэклярацыі, плятформы эўрапейскага выбару і пытаньне пра выбары адзінага кандыдата ад праэўрапейскіх сіл.

Мікола Статкевіч: “Мы прапанавалі правесьці гэты кангрэс 21 чэрвеня. Дзьве астатнія партыі — АГП і БХД — узялі некалькі дзён для роздуму. Але, я думаю, што кангрэс у дадзены тэрмін адбудзецца. Форма — самая дэмакратычная”.

Намесьнік старшыні Руху “За Свабоду” Віктар Карняенка расказаў, што Рух даўно вырашыў склікаць такі кангрэс увосень. Што да прэтэнзіяў “Эўрапейскай кааліцыі” наконт таго, хто першы выступіў з ідэяй форуму, заўважыў, што яны і не прэтэндуюць на першынство:

Віктар Карняенка
“У заяве Мілінкевіча ж няма, што гэта мы выдумалі. Там ёсьць толькі прапанова „прыняць удзел у кангрэсе“. І кропка. Што да сутнасьці сёньняшняй сустрэчы, мы не хацелі б праводзіць пасьпешліва гэта мерапрыемства і таму, хутчэй за ўсё, прымем такое рашэньне: адмовіцца ад такой пасьпешлівасьці. Ня думаю, што такія сур’ёзныя рэчы трэба так пасьпешліва рыхтаваць і праводзіць. Там жа яшчэ і мэта кангрэсу — выбраць кандыдата на прэзыдэнты ад эўрапейскіх сіл, як прапанаваў Івашкевіч з паплечнікамі. Я думаю, што гэта будзе нейкая прафанацыя гэтай ідэі. Сабрацца недзе на плошчы Бангалор, як тым плянуецца, і некага там абраць — гэта вельмі сьмешна”.

“Мы ня робім з гэтага ніякай трагедыі: няхай пройдзе мерапрыемства. Можа, лепш няхай будзе два мерапрыемствы, чым ня будзе ніводнага”.

Рух “За свабоду” плянуе летам аб’ехаць рэгіёны — пазначана 80 раённых цэнтраў, сустрэцца з актывістамі, патлумачыць ім ідэю, правесьці вылучэньне дэлегатаў. Да таго ж, у чэрвені адбудуцца выбары ў Эўрапарлямэнт, і варта было б запрасіць на кангрэс новаабараных эўрапейскіх палітыкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG