Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суд — за чарнобыльскія майкі


Аляксей Пілевіч і Кастусь Іваноў (справа)

Аляксей Пілевіч і Кастусь Іваноў (справа)

У Першамайскім райсудзе Віцебску пачаўся суд над моладзевымі актывістамі, якія рыхтавалі, але нават не пасьпелі распачаць акцыю да сёлетніх чарнобыльскіх угодкаў.

Судзьдзя Валянціна Кісьмярошкіна пачала судовы працэс паводле міліцэйскіх пратаколаў, складзеных 26 красавіка гэтага году на Аляксея Пілевіча і Кастуся Іванова. Згодна з гэтымі дакумэнтамі, абодва хлопцы адмовіліся выканаць патрабаваньні міліцыянтаў. У тым выпадку, калі іхная віна будзе даведзена, спадарам Пілевічу і Іванову пагражае штраф памерам ад 20 да 50 базавых велічынь ( ад 700 тысяч да 1 млн. 750 тысяч рублёў).

З абвінавачаньнем затрыманыя на ўгодкі Чарнобыльскай трагедыі актывісты катэгарычна нязгодныя — і тыя, каго сёньня судзілі за непадпарадкаваньне міліцыянтам, і сьведкі ў гэтай справе Ірына Пятрова, Алесь Галавань і Валер Раманенка, якіх таксама затрымалі 26 красавіка, але адпусьцілі безь ніякіх пратаколаў.

Аляксей Пілевіч
Аляксей Пілевіч распавёў, што да 23-й гадавіны чарнобыльскай аварыі моладзь хацела правесьці вулічнае шэсьце. Але на месцы збору, каля кавярні “Журавінка”, ужо чакалі супрацоўнікі міліцыі. Яны запатрабавалі, каб маладыя людзі паказалі дакумэнты. Усе падпарадкаваліся, у тым ліку і Аляксей Пілевіч, які прынёс майкі з антыядзернай сымболікай, каб раздаць сябрам перад акцыяй. Паводле актывіста, супрацоўнікі міліцыі гэтай сумкай адразу зацікавіліся, заявіўшы, што падазраюць моладзь у сэрыі крадзяжоў, зьдзейсьненых у гэтым раёне:

“Мяне папрасілі паказаць, што ў мяне ў сумцы. Я пагадзіўся: „Добра, а што вы там чакаеце ўбачыць?“ Міліцыянт мне не адказаў. І ў гэты момант мяне ў сьпіну штурхнуў чалавек у цывільным і нас усіх завалаклі па асфальце ў машыну. Потым у міліцэйскім пратаколе напісалі, што я адмовіўся прад’явіць пашпарт”.

Кастусь Іваноў
У пратаколе, складзеным на Кастуся Іванова, міліцыянты запісалі, што ён хапаў іх за форменнае адзеньне.

“Напісалі, што я крычаў, размахваў рукамі, хапаўся за форму і адарваў пагон. А мяне ўвогуле затрымлівалі людзі ў цывільным, якія, дарэчы, не паказалі аніякіх дакумэнтаў. І пагонаў на іх не было”.

Аляксей Пілевіч і Кастусь Іваноў заявілі хадайніцтва, каб на наступным пасяджэньні можна было паглядзець відэаматэрыялы апэратыўных відэаздымак. Такім чынам яны мяркуюць давесьці сваю невінаватасьць. Таксама судзьдзя пагадзілася апытаць у якасьці сьведак невядомых у цывільным, якія, паводле сьведчаньняў супрацоўнікаў, зьяўляюцца міліцыянтамі.

Наступнае пасяджэньне судзьдзя прызначыла на 11-га чэрвеня.
XS
SM
MD
LG