Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія аналітыкі пра неэфэктыўнасьць “усходняй палітыкі” ЭЗ


Неэфэктыўнасьць палітыкі Брусэля ў дачыненьні да Беларусі і іншых постсавецкіх краін можа стварыць побач з ЭЗ зону, дзе будзе нарастаць нестабільнасьць.

Так пішуць на старонках італьянскіх СМІ навуковыя супрацоўнікі і экспэрты па Ўсходняй Эўропе з Эўрапейскай Рады па міжнародных стасунках (European Council on Foreign Relations) Эндру Ўілсан і Ніку Папэску. Як лічаць экспэрты, усходнеэўрапейская палітыка не павінна разглядацца як філянтропія. Гэта стратэгія, накіраваная на разьвіцьцё агульнаэўрапейскіх інтарэсаў.

Калі ЭЗ ня будзе дзейнічаць хутка, то існуе пагроза страты рэгіёну. Нягледзячы на старт праграмы “Ўсходняе партнэрства”, сама ўсходнеэўрапейская палітыка Брусэля знаходзіцца ў крызысе. Эўрапейская супольнасьць набірае ўсё больш інтравэртных рысаў і ўсё часьцей дэманструе пратэкцыянісцкія тэндэнцыі. Дык што ж рабіць з гэтак званай “шэрай зонай”, якая ляжыць паміж ЭЗ і Расеяй і ў якую ўваходзяць 6 краін — Беларусь, Малдова, Расея, Армэнія, Азэрбайджан і Грузія? Рэгіён гэты істотна пацярпеў ад эканамічнага крызісу; сытуацыю ўскладняюць унутраны палітычны хаос і сур’ёзныя пагрозы ў галіне бясьпекі. Бязьдзейнасьць з боку ЭЗ тут недапушчальная.

Як лічаць эўрапейскія экспэрты, шмат якія лідэры краін-партнэраў служаць не найлепшай рэклямай рэгіёну з гледзішча дэмакратычнага разьвіцьця, вяршэнства Закону, правоў чалавека. Самы ж скандальны з такіх лідэраў — апошні дыктатар Эўропы, беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Раней Беларусь не ўключалі нават у “Эўрапейскую палітыку добрасуседзтва”.

Сярод шасьці названых постсавецкіх краін Беларусь мае найбольш шчыльныя гандлёвыя кантакты з Расеяй. Астатнія пяць больш арыентуюцца на сувязі з ЭЗ, аднак палітычная і эканамічная значнасьць гэтага супрацоўніцтва вельмі невялікая. У выніку ніводнаму прадстаўніку “Ўсходняга партнэрства” ня лішне хочацца прызнаць над сабой у пэўны момант бюракратычную ўладу ЭЗ.

У сваю чаргу, Расея апошнім часам дэманструе ў рэгіёне шырокі спэктар прыёмаў і “жорсткай”, і “мяккай” сілы, якія нават нельга і параўноўваць зь дзеяньнямі ЭЗ. Часта Масква робіць тое ж самае, што і Брусэль, аднак значна лепш. Так, Маскве ўдалося захаваць ці стварыць базы ў кожнай з шасьці дзяржаў. Самы значны прыклад апошняга часу — гэта адкрыты рынак працоўнай сілы ў Расеі. “Вялікі брат” усё радзей выкарыстоўвае “бізун” і ўсё часьцей — “пернік”, прапаноўваючы дапамогу, гарантыі бясьпекі і ідэалёгію “сувэрэннай дэмакратыі”, якая вабіць эліту шмат якіх постсавецкіх дзяржаў.

Як лічаць эўрапейскія аналітыкі Эндру Ўілсан і Ніку Папэску, ЭЗ павінен прадэманстраваць, што яго задача — ва ўмацаваньні слабых дзяржаў, а ня ў тым, каб выкарыстоўваць гэтыя краіны дзеля экспарту палітыкі Брусэля. Пасьля саміту “Ўсходняга партнэрства” Зьвяз павінен выступіць ініцыятарам наступных сустрэчаў з краінамі-партнэрамі для абмеркаваньня пытаньняў міграцыі, выдачы візаў, барацьбы з тэрарызмам, энэргетычнай палітыкі і г.д.

Паводле аналітыкаў, усходнеэўрапейская палітыка не павінна разглядацца як філянтропія. Гэта стратэгія, накіраваная на разьвіцьцё агульнаэўрапейскіх інтарэсаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG