Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў гісторыі курс куплі і продажу наяўнага даляра ЗША ў абменных пунктах Беларусі зраўняўся.

Спэцыялісты зьвязваюць гэта з патрабаваньнем Нацбанку выстаўляць курс продажу замежнай валюты ў межах, якія адступаюць ня больш як на 2% ад афіцыйнага курсу.

Сёньня абсалютная бальшыня беларускіх банкаў выставілі аднолькавы курс набыцьця і рэалізацыі даляра — 2825 рублёў. Такую нязвыклую для вока карціну камэнтуе фінансавы аналітык Сяргей Чалы:

Сяргей Чалы
“Справа ў тым, што верх у іх абмежаваны — плюс два да афіцыйнага курсу. То бок дадайце 2% да афіцыйнага курсу Нацбанку — і якраз будзе 2825 рублёў за даляр. Таму ўрэшце курсы куплі з розьніцай у 1 рубель ці 10 рублёў практычна зраўняліся з курсамі продажу. То бок верхні ўзровень абмежаваны, а ніжні яны падцягваюць дзеля таго, каб пастарацца ў насельніцтва наяўную валюту выцягнуць, стымуляваць гэты працэс”.

Цягам гэтага тыдня імкліва разгортваліся падзеі вакол неафіцыйных абмежаваньняў Нацбанку на валютным рынку. Цяпер банк можа набыць валюту для кліента на біржы пад аплату імпарту толькі пры наяўнасьці пацьверджаньня, што грошы пойдуць на замежныя мэдпрэпараты, сацыяльна значныя тавары ці пад пункты абмену валюты. Як кажа Сяргей Чалы, галоўная мэта такога кроку — “разгрузіць” банкі ад валюты, прыхаванай на выпадак дэвальвацыі.

Супрацоўнік аднаго з камэрцыйных банкаў Максім Рыжкоў кажа, што банкаўскія ўстановы пастаўленыя ў вельмі нявыгадныя ўмовы, таму даводзіцца запускаць розныя фінансавыя схемы выжываньня:
на міжбанкаўскай біржы курс ужо істотна вырас і адрозьніваецца ад Нацбанку ...

“Нацыянальны банк намагаецца ўтрымаць курс і не дапусьціць панікі. Курс усталёўваецца ў межах 2% ад Нацбанку, і каб ня больш. І зноў на вуснае распараджэньне Нацбанку. Пад абменныя пункты — набывайце, няма праблемаў: каб не было панікі сярод насельніцтва. А насамрэч сытуацыя такая, што на міжбанкаўскай біржы курс ужо істотна вырас і адрозьніваецца ад Нацбанку прыкладна на 10%. А банкі зараз усталёўваюць розныя камісіі, прыкладам, за якіясьці залічэньні па спэцрахунках. То бок бяруць дадатковыя камісійныя, якія рэгулююць суадносіны з рэальным курсам. Інакш проста ніхто прадаваць ня будзе і на міжбанку будзе ўвогуле завал”.

Між тым прадстаўнікі Нацбанку не пацьвярджаюць фактаў ціску на фінансавую сфэру. Паводле Сяргея Чалага, у гэтым якраз памылка афіцыйных структураў — спрабаваць схаваць нейкія захады замест таго, каб кваліфікавана патлумачыць іх неабходнасьць:

“Дагэтуль нашы фінансавыя ўлады не навучыліся тлумачыць, чаго хочуць і дзеля чаго яны гэта робяць. А калі няма інфармацыі, натуральна, пачынаюцца здагадкі: ледзьве ня біржу да 30 траўня закрываюць, а 1 чэрвеня нібыта адбудзецца дэвальвацыя. Пачынаецца псыхоз. Дарэчы, на пачатку лютага дакладна такая ж сытуацыя была: нібыта Нацбанк выдаў вусную забарону прадаваць валюту на біржы. Насамрэч была проста рэкамэндацыя спачатку прадаваць са сваіх пазыцый, а потым зьвяртацца на біржу. У прынцыпе, у разьдзіманьні панікі, можа, у нейкай ступені зацікаўленыя самі банкі. То бок яны ня могуць вышэй за рэкамэндаваныя Нацбанкам 2% выконваць заяўкі кліентаў у адносінах да біржы, але тут жа пачалі зьяўляцца нейкія камісіі. Ім, канечне, выгадна, бо ва ўмовах панікі імпартэры гатовыя плаціць больш — адпаведна, для іх гэта яшчэ адна крыніца заробку”.

А вось эўра свае пазыцыі адносна даляра і беларускага рубля ўмацоўвае. Упершыню курс куплі эўра наблізіўся да адзнакі ў 4 тысячы — 3920 рублёў за эўра. Аднак фінансавы аналітык Сяргей Чалы кажа, што ў дадзеным выпадку працэс цалкам вытлумачальны:

“Сутнасьць тут у чым? “Дзякуючы” дзяржаўнаму мэханізму трохвалютнай прывязкі даляр фіксуецца, а астатнія валюты вылічваюцца аўтаматам праз крос-курсы. Даляр вылічваецца з дакладнасьцю да рубля, а астатнія — да капеек праз ускосны дзённы курс, які вызначаецца напярэдадні паводле фінансавых справаздач. У гэтым выпадку ўсё досыць відавочна”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG