Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 6 гадоў калёніі была асуджаная лекарка зь Менску, якая за ўзнагароду з 45 даляраў выдала несапраўдны бальнічны ліст. Праваабаронцы кажуць, што крымінальны закон дазваляе больш гуманныя пакараньні, але чаму суды імі рэдка карыстаюцца?

Жанчыне, якую пакаралі 6 гадамі турмы, заставалася да пэнсіі 3 гады. Цяпер лекарка, якая выдала несапраўдны бюлетэнь за 45 даляраў хабару, будзе чакаць пэнсійнага ўзросту ў калёніі. Да таго ж у яе канфіскавалі маёмасьць. Жорсткасьць пакараньня заканадаўцы тлумачаць тым, што хабарніцтва – карупцыйнае злачынства, а карупцыя, як вядома, пагражае дзяржаве і таму лічыцца цяжкім злачынствам.

Былы судзьдзя, цяпер праваабаронца Гары Паганяйла гэтак пракамэнтаваў судовую справу:

“Зразумела, што яна прызнаная асобай, якая займае дзяржаўную пасаду, паколькі выдача бюлетэню зьвязаная зь юрыдычнымі наступствамі. Безумоўна, склад злачынства ёсьць, але памер пакараньня несувымерны асобе злачынцы і самому злачынству. Магчыма, суду былі вядомыя абставіны, якія дазвалялі ужыць меншае пакараньне”.

Паводле Гары Паганяйлы, беларускі закон дазваляе больш гуманныя пакараньні нават у выпадку сур’ёзнага злачынства. Для гэтага трэба ўлічыць асобу абвінавачанага і абставіны. На думку Гары Паганяйлы, гэтага часта ня робіць з пэўных мэтаў. Сярод іх праваабаронца назваў загад кіраўніцтва на асуджэньне як мага большай колькасьці чыноўнікаў паводле крымінальных артыкулаў, каб зрабіць выгляд, што барацьба з карупцыяй вядзецца актыўна.

Між тым высокія чыноўнікі, якія трапляюцца на атрыманьні велізарных хабараў, вызваляюцца ад пакараньня, заўважае Гары Паганяйла. Праваабаронца згадаў былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову, якую суд прызнаў вінаватай у крадзяжы 3,5 мільёна даляраў, а суд пакараў на 4 гады турмы, але яна не адбыла за кратамі ані дня – адмысловым указам яе памілаваў Аляксандар Лукашэнка.

“На маю думку, барацьба з карупцыяй, якая вядзецца ў Беларусі, ня дасьць чаканага выніку, – гаворыць Гары Паганяйла. – А вось такія выпадкі паказваюць, што на шарагоўцах зьбіраюцца пабудаваць практыку запалохваньня. Між тым ніводзін высокі чыноўнік пад такія вялікія пакараньні не падпадае”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG