Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Запруднік: мы не адчувалі сябе амэрыканскімі журналістамі


Былы супрацоўнікі Радыё "Свабода" Янка Запруднік адказвае на нашы пытаньні з нагоды 55-годзьдзя Беларускай службы.

Знаткевіч: Для вас Радыё “Вызваленьне”, пазьней “Свабода” – гэта амэрыканскае радыё ці беларускае? У якой ступені беларусы самі вызначалі, якім будзе зьмест перадачаў?

Мы ніколі сябе не адчувалі нейкімі чыноўнікамі амэрыканскіх уладаў ці амэрыканскай установы, а больш адчувалі сябе як актывісты беларускага Нацыянальна-вызвольнага фронту
Запруднік:
Гэта даволі складанае пытаньне. Я цяпер займаюся перапісваньнем свайго ліставаньня зь Міколам Абрамчыкам – тагачасным старшынём Рады БНР, і я бачу, наколькі складанымі былі дачыненьні Парыскага блёку (гэта блёк нерасейскіх палітычных цэнтраў на эміграцыі) з Амэрыканскім камітэтам. З самага пачатку ў нас было абсалютнае разуменьне, што Рада БНР выступае як партнэр амэрыканскага Камітэту вызваленьня народаў СССР, і на грунце гэтага супрацоўніцтва паміж Радай БНР і амэрыканскім камітэтам былі даволі складаныя мамэнты. Але ў аснове Рада БНР была ў становішчы партнэра амэрыканскага Камітэту, мела ўплыў на камплектаваньне штату беларускай рэдакцыі, і мы ніколі сябе не адчувалі нейкімі чыноўнікамі амэрыканскіх уладаў ці амэрыканскай установы, а больш адчувалі сябе як актывісты беларускага Нацыянальна-вызвольнага фронту, у якім Рада БНР вяла вядучую ролю...

Знаткевіч: Ці сочыце вы цяпер за падзеямі ў Беларусі?

Запруднік: Я пачынаю дзень з азнаямленьня з сайтам Радыё “Свабода” і сайтам "Нашай Нівы". Сачу таксама за міжнародным становішчам Беларусі і за падзеямі ў кантэксьце беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў.

Знаткевіч:
А што вам падабаецца ў цяперашняй Свабодзе, а што – не?

Запруднік: Мне ўсё падабаецца. Безумоўна, усяго не прачытаеш. Але я сачу за разьвіцьцём літаратуры – у "Доме літаратара" амаль усё чытаю. Чытаю загалоўкі навінаў, пераглядаю некаторыя дыскусійныя матэрыялы, чытаю аналізы эканамічных і палітычных падзеяў у Беларусі.

Знаткевіч: Што бы вы пажадалі слухачам Свабоды?

Запруднік: Я б хацеў пажадаць, каб адпала патрэба вяшчаць з-за мяжы. Каб можна было свабодна гаварыць у Беларусі пра ўсё тое, пра што гаворыць Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG