Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яе затрымалі на акцыі “Сьвечка памяці”, якая ладзілася 26 красавіка ў райцэнтры Бяроза да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Судовае паседжаньне перанесена на 29 траўня. Суд пагадзіўся з патрабаваньнем Тамары Шчапёткінай выклікаць міліцыянтаў, якія затрымлівалі журналістку.

Тамара Шчапёткіна заявіла “Свабодзе”, што ўжо восьмы год бярозаўскія грамадзкія актывісты праводзяць акцыю “Сьвечка памяці”:

“Людзі прыйшлі самі. Яны ўжо прывыклі. Ніхто іх ня кліча. Я як незалежны журналіст асьвятляла гэтую падзею. Мне сказалі: скажыце ўсім, хай разыдуцца. А я якое дачыненьне маю, калі я людзей не прывяла? Потым я чакала, пакуль усе сыдуць з плошчы, бо меркавала, што могуць быць затрыманьні людзей. Але ня думала, што можа быць затрыманьне толькі мяне адной”.

У чым абвінавачваюць Тамару Шчапёткіну?

“Яны прад’яўляюць артыкул 23.34, частка першая — парушэньне правапарадку падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Капітан Аполька доўга, з паўгадзіны шукаў па адміністрацыйным кодэксе, што ж знайсьці такое, бо я правапарадку не парушала”, — адказвае Тамара Шчапёткіна.

Галоўны матыў затрыманьня, паводле яе, наступны:

“Яны хочуць запалохаць. Выконваючы свае журналісцкія абавязкі, я аказваю дапамогу, разьбіраючы некія сытуацыі. Я ня бачу крыміналу. Ня бачу ў гадзіне жалобы ніякай акцыі. Гэта свавольства ўладаў, якія ня любяць, каб успаміналі пра Чарнобыль у квітнеючай Беларусі”, — камэнтуе Тамара Шчапёткіна.

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьлюк з нагоды затрыманьня Тамары Шчапёткінай выказвае такія меркаваньні:

“Я расцэньваю яе затрыманьне як парушэньне яе права на свабоднае выражэньне сваіх поглядаў. Яна была адзінай затрыманай. І гэта наводзіць на думку, што яе прыцягнулі як актыўную журналістку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG