Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Калінкавічаў супраць АЭС


Дзяніс Рабянок

Дзяніс Рабянок

Грамадзкія актывісты з Калінкавічаў накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта, Саўмін і Палату прадстаўнікоў зварот мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі.

Як паведаміў адзін з ініцыятараў збору подпісаў, актывіст руху “За свабоду” Дзяніс Рабянок, пад зваротам стаіць звыш двухсот подпісаў жыхароў раёну.

Пратэстуючы супраць АЭС, падпісанты патрабуюць правесьці незалежную экспэртызу сіламі беларускіх і замежных спэцыялістаў, каб высьветліць рэальную патрэбу Беларусі ў атамнай станцыі. У падпісаных аркушах утрымліваецца таксама патрабаваньне рэфэрэндуму наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва ў краіне атамнай станцыі з абавязковым уключэньнем у склад камісіяў прадстаўнікоў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У краіне трэба зьняць усялякія абмежаваньні на экалягічныя й антыядзерныя ініцыятывы.

На перакананьне падпісантаў, грамадзяне краіны праз мэдыі павінны дэталёва пазнаёміцца з наступствамі Чарнобылю ў такіх кірунках, як здароўе насельніцтва, экалёгія, сацыяльная сфэра, эканоміка й сельская гаспадарка.

Райцэнтар Калінкавічы на падставе распараджэньня Савету міністраў выведзены зь ліку паселішчаў, заражаных радыяцыяй. Аднак тут жыве асабліва шмат ліквідатараў. На пачатак году іх налічвалася ў раёне 1349, больш за палову — інваліды.
XS
SM
MD
LG