Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маме няма на што купіць хлеб”


У райцэнтры Клецак на Меншчыне — чатыры перапрацоўчыя прадпрыемствы, а таксама мэханічны завод -- філіял сталічнага МАЗу. Паводле афіцыйных зьвестак, беспрацоўе ў гарадку не перавышае двух адсоткаў. Але самі тутэйшыя кажуць, што чыноўнікі ўтойваюць сапраўдныя маштабы беспрацоўя.


Эканамічны крызіс жыхарам Клецка дапамагаюць пераадольваць праца на прысядзібных участках і ў фэрмэрскіх гаспадарках, а таксама навакольныя лясы, багатыя на грыбы і ягады. Так лічыць Іна Кебікава — настаўніца беларускай ды ангельскай моваў. Яна балятавалася ў дэпутаты ад Партыі БНФ на апошніх мясцовых выбарах і сытуацыю ведае не па чутках:

Іна Кебікава
“Шмат людзей ратуецца тым, што ў нас ёсьць фэрмэры і да іх ходзяць працаваць сэзонна. А летам у нас багатыя лясы і ходзяць у ягады, каб прадаць, здаць. Ёсьць тыя, хто трымае вялікія парнікі і прадаюць гуркі, радыску, памідоры. Цэнтральная вуліца больш падобная да эўрапейскай, таму што вельмі шмат прыватных крамак...”

Тым ня менш, узровень жыцьця гараджанаў апошнім часам зьнізіўся, беспрацоўе ж набыло прытоеныя ці паўзучыя формы, як вызначае спадарыня Кебікава:

“Былі прыватныя прадпрыемствы, але апошнім часам наагул няма. Такіх людзей задушылі падаткамі. Беспрацоўе заключаецца ў тым, што на добрыя месцы ставяць сваіх людзей, а іншых выціскаюць. На прадпрыемствах не прадаўжаюцца кантракты, таму што няма месцаў, бо ня могуць збыць прадукцыю. Не даюць дапрацаваць 2—3 гады да пэнсіі, таму пэнсіі будуць маленькія…”

Кажа Сяргей Панамароў, праваабаронца, рэдактар незалежнай газэты “Бойкі Клецк”:

Сяргей Панамароў
“Дырэктар мэхзаводу гаварыў: “дзіўлюся, я плачу па 60—80 тысяч, а яны не звальняюцца!” Чыноўнікам, такім чынам, даводзіцца выціскаць працоўных, таму што няма чым плаціць…”

А вось і канкрэтны прыклад прыхаванага беспрацоўя. 45-гадовы Сяргей Дамейка атрымаў у часе працы на хлебазаводзе траўму шыйнага пазванка і трэцюю групу інваліднасьці. Яму прапанавалі ўладкавацца вартаўніком. Далей ягонымі словамі:

“І я звольніўся. А групу зьнялі, хоць мэдыкі яе пацьвярджаюць. Адправілі на біржу вучыцца на газавіка. Але паводле стану здароўя не прайшоў камісію. Не даюць групу, і на працу не магу ўладкавацца…”

Але найцяжэй бачыць наступствы эканамічнага крызісу штодзень на дзецях у школе. Кажа згаданая Іна Кебікава:

“Да мяне прыходзіць дзяўчынка займацца — “майго тату звольнілі”. Я кожны дзень бачу, як галадаюць дзеці ў школе. Калі хтосьці не даеў, падыходзяць — просяць: а можна, я даем? Бацькі не аплачваюць таго, што патрабуе школа. Прыяжджала музычная капэла ў Клецак, і ўсе дзеці павінны былі прынесьці па 3500. Хто не прынёс, настаўнікі закладалі сваімі грашыма. А дзеці кажуць — “маме няма на што купіць хлеб…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG