Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Паўсюль лядовыя палацы, а элемэнтарных лазьняў не хапае”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 20 траўня 2009 году


Значная частка нашай пошты апошніх тыдняў — на тэму эканамічнага крызісу, наступствы якога ўжо адчулі на ўласных кішэнях многія беларускія грамадзяне.

Ці варта лічыць, што ўсе прычыны цяперашніх эканамічных праблемаў Беларусі — вонкавыя, выкліканыя абвалам замежных рынкаў? Наш слухач Алег Алін зь Менску, зь ліста якога пачну сёньняшні агляд, мяркуе, што да крызісу прывяла ўся папярэдняя эканамічная палітыка цяперашняй улады. Спадар Алег піша:

“Прамысловасьць у нас у асноўным разьвіваецца гэтак жа, як і ў савецкі час. Нізкатэхналягічныя прадпрыемствы выпускаюць вельмі матэрыялаёмістую, малаканкурэнтную прадукцыю. Ды яшчэ амаль 100 працэнтаў — зь імпартнай сыравіны, якая ўвесь час даражэе.

Амаль 15 год мы праспалі, так і не стварыўшы ўласную энэргетыку на аснове тых рэсурсаў, якія маем. Будуючы ў кожнай вобласьці хаця б адну невялікую ГЭС за тры гады, сёньня б мы іх мелі ўжо тры дзясяткі. Вось яна, рэальная незалежнасьць і рэальнае паляпшэньне жыцьця насельніцтва. Але ж не: будуем паўсюль лядовыя палацы, у той час як не хапае нават элемэнтарных лазьняў.

І, уласна, нават калі так старанна дбаць пра фізкультуру — чаму менавіта на лядовыя палацы накіроўваюцца ўсе сродкі? Чаму не на басэйны, вэлядарожкі ці яшчэ што значна больш карыснае і масавае?

А ўзяць аграгарадкі, у якіх хутка ня будзе каму жыць? Як штучныя монстры, яны зьнішчаюць навакольныя вёскі, ператвараюць урадлівыя палі ў хмызьнякі. А зь якой мэтай вырошчваецца сельгаспрадукцыя ў забруджаных радыяцыяй зонах? Што гэта, калі не зьнішчэньне нацыі?”


Калі б кіраўнік беларускай дзяржавы захапляўся не хакеем, а вэляспортам ці плаваньнем, то, зусім магчыма, у Беларусі паўсюль будаваліся б басэйны ды вэлясыпэдныя дарожкі. Зрэшты, цяпер, калі Беларусь атрымала права на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2014-га году, сумневы ў мэтазгоднасьці масавага будаўніцтва лядовых палацаў у Беларусі з афіцыйных трыбунаў гучаць ня могуць. Праўда, зь нядаўняга часу, улічваючы нэгатыўнае стаўленьне грамадзкай думкі да гэтага будаўніцтва, палацы сталі называць больш сьціпла — лядовымі арэнамі. Але каштаваць ад гэтага яны, зразумела, меней ня сталі.

У аглядзе пошты 29 красавіка прагучаў ліст Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, у якім слухач апісваў, як адміністрацыя мясцовага калгасу звальняе з працы работнікаў, якія выявіліся лішнімі або прыйшліся недаспадобы: маўляў, “падпільнуюць, калі чалавек зьявіцца на працоўным месцы выпіўшы — і ўжо далей не цырымоняцца. Альбо яшчэ адзін дзейсны сродак у барацьбе з п’яніцамі — калгаснае жытло. Напіўся, сарваў працу — сыходзь з кватэры”.

На гэты ліст адклікнуўся другі наш даўні сябар — Кастусь Сырэль з Ушачаў. Слухач піша:

“Ня думаю, спадар Павал, што ў звальненьні з працы за п’янку трэба шукаць палітычны ці нейкі іншы падтэкст, што нехта наўмысна падпільноўвае работніка, каб звольніць яго. Ніякага выхаду за межы прававога поля я тут ня бачу. Ёсьць Працоўны кодэкс, які рэгулюе ўзаемадачыненьні паміж працадаўцам і працаўніком. Калі чалавек уладкоўваецца на працу, ён піша заяву і ставіць там свой подпіс. Тым самым ён абавязваецца выконваць той самы Працоўны кодэкс, у тым ліку і ня піць на працы. Нядаўна на адной зь беларускіх сельскіх кацельняў адбылася масавая пагібель людзей — атруціліся чадным газам адразу пяць чалавек, разам з начальнікам кацельні. Прынамсі трое зь іх былі п’яныя. Пра гэты выпадак сёньня ведае кожны работнік кожнай беларускай кацельні — праводзіліся адпаведныя пазачарговыя інструктажы, усе расьпісваліся ў журналах па тэхніцы бясьпекі (я таксама). Краіна самым натуральным чынам сьпіваецца, гінуць людзі, а вы кажаце — нехта некага падпільноўвае”.

Сапраўды, п’янства становіцца ў Беларусі нацыянальным бедзтвам. А выпадкі, якія апісаў Павал Сац, у беларускіх калгасах — хутчэй выключэньне, чым правіла. Бо ніякай іншай працоўнай сілы, апроч хранічна нецьвярозай, у многіх вёсках проста не засталося. Звольніш п’яніцу — а хто заўтра сядзе за руль трактара, хто будзе даіць каровы?

Маштабы бедзтва відавочныя для ўсіх. Мэдыкі і міліцыя з году ў год гавораць пра катастрафічны рост колькасьці алькаголікаў, хваробаў і злачынстваў на глебе алькагалізму, няшчасных дзяцей, якія становяцца сіротамі пры жывых бацьках. А тым часам заводы і заводзікі, якія вырабляюць нізкаякаснае таннае алькагольнае пойла, квітнеюць, а ўлады гадамі абмяркоўваюць пытаньне, ці варта забараняць піць піва ў грамадзкіх месцах. Як жа: гэта ж можа адбіцца на прыбытках бровараў.

Пра тое, зь якімі цяжкасьцямі даводзіцца сутыкацца ў штодзённым жыцьці падчас крызісу, паведамляе нам Міхаіл Лукашэвіч зь Берасьця. Ён піша:

“Вашы перадачы становяцца ўсё цікавейшыя, а маё жыцьцё — усё горшае і горшае. Нядаўна адрэзалі электрычнасьць і газ. Можаце ўявіць, як цяпер мне даводзіцца. На вуліцы цяплей, чым у маёй хаце. Такое вось жыцьцё”.

Можна меркаваць, спадар Лукашэвіч, што без электрычнасьці і газу вы засталіся не бяз дай прычыны. Ад камунікацыяў камунальнікі звычайна адключаюць тых спажыўцоў, якія шмат часу ня плацяць за спажываныя энэргію ды паліва. Вядома, у жыцьці здараюцца розныя сытуацыі. Можа, ваш выпадак — якраз той, калі варта зьвярнуцца да мясцовай улады і патлумачыць прычыны сваіх складаных абставінаў. Калі вы сапраўды маеце жаданьне і магчымасьць у пэрспэктыве разьлічыцца з даўгамі — ня думаю, што чыноўнікі пакінуць вас гібець у холадзе і цемры.

На тэму ўзаемадачыненьняў улады і рэлігіі разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімір Рачок зь Менску. Слухач піша:

“Дыктатура, якой не хапае ведаў дзеля ўмелага кіраваньня краінай, існуе з дапамогай хлусьні. Як доўга яна здольная хлусіць? Пакуль гэтая хлусьня ня стане відавочнай для большасьці грамадзтва. У цяжкі для народа час яму здольна дапамагчы расплюшчыць вочы рэлігія. І Ленін, і Сталін разумелі гэта — таму так апантана насаджвалі ваяўнічы атэізм. Разумеў гэта і гданьскі электрык Лех Валэнса — таму з дапамогай польскага касьцёла паказаў палякам, чаго варты Маніфэст камуністычнай партыі.

А вось расейскія дэмакраты захацелі паставіць ля стырна дзяржавы палітыка, які гатовы быў зьнішчаць любога, калі заўважаў, што той трохі разумнейшы за яго і ня хлусіць. Але праваслаўе перамагло дэмакратаў, чым заваявала яшчэ большы аўтарытэт у грамадзтве, чым улада. Чытаючы СМІ на тэму духоўнага жыцьця, зьдзіўляесься: чым далей разьвіваецца навука, тым больш навукоўцаў, якія сваімі дасьледаваньнямі пацьвярджаюць слушнасьць хрысьціянскіх догмаў — у прыватнасьці, аб магчымай гібелі чалавецтва.

Варта было б “Свабодзе” зьвярнуць увагу на гэтую тэму і правесьці штосьці кшталту круглага стала пад умоўнай назвай “Навука і рэлігія”
.

За цікавую прапанову, спадар Рачок, дзякуй — пастараемся ўлічыць яе ў сваёй працы. А вось што да вашых развагаў пра расейскіх дэмакратаў, якія нібыта канфліктавалі з праваслаўнай царквой — тут ёсьць пытаньні. Менавіта з прыходам да ўлады дэмакратычнага ўраду Барыса Ельцына Расейская праваслаўная царква атрымала магчымасьць аднаўляць разбураныя храмы, вярнула разрабаваную камуністамі маёмасьць, значна пашырыла свой уплыў у грамадзтве. Праваслаўныя герархі дружна падтрымалі новую ўладу. Зрэшты, гэтак жа паслухмяна яны ўхвалілі і той рэжым, які прыйшоў на зьмену ельцынскаму і які цяжка назваць дэмакратычным.

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў, у якіх нашы слухачы выказваюцца пра перадачы Радыё Свабода, адрасуюць нам свае прэтэнзіі, пажаданьні, парады.

Вось што піша Віталь Скіндэр зь вёскі Даманава Івацэвіцкага раёну:

“Мне 23 гады. Пісаць умею толькі па Брайлю. Скончыў 9 клясаў і на гэты момант займаюся музыкай. Напісаць вам гэты ліст дапамагла сястра. Спадзяюся, што пасьля таго, як я ды іншыя слухачы раздадзім сваім сябрам вашы новыя рэклямныя каляндарыкі, аўдыторыя “Свабоды” павялічыцца. Радыё ваша слухаю пастаянна”.

Аўтар наступнага ліста — школьнік з Наваполацку Мікалай Каліноўскі — заклікае больш увагі аддаваць беларускай музыцы. Ён піша:

“Ганебна падтрымліваць русыфікацыю і ганебна здаваць пазыцыі беларускасьці. Дрэнна будзе нашым нашчадкам, калі незваротна страцім сваю спадчыну. Парада “Свабодзе”: падтрымайце беларускамоўнага выканаўца. Дайце яму штодня хаця б пяць хвілінаў эфіру. Ведаю, што ў вас ёсьць перадача “Барды Свабоды”, але хацелася б чуць песьні і ў сучасным моладзевым стылі. Добры трэк быў да дня народзінаў Рыгора Барадуліна — гурта “Ерусалім”. Я ў той жа дзень спампаваў яго з вашага сайту і слухаю дагэтуль”.

І яшчэ адна кароткая рэпліка — ад Дануты Страх са Смаргоні. Слухачка піша:

“Дзякуй за “Бардаў Свабоды” і за мудрыя эсэ Сяргея Дубаўца”.

Дзякуй і вам, шаноўныя слухачы, за вашы зацікаўленасьць, увагу і парады, якія вельмі дапамагаюць усім нам, журналістам “Свабоды”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


XS
SM
MD
LG