Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці не спазьняецца апазыцыя з новай стратэгіяй?


Сёньня ў Менску адбудзецца паседжаньне прэзыдыюму Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. На ім будуць абмяркоўваць першы варыянт стратэгіі АДС. Гэты дакумэнт скіраваны на магчымае ўзаемадзеяньне апазыцыі і ўлады.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая цяпер старшынюе ў АДС, Анатоль Лябедзька кажа, што саму ідэю стварэньня такога дакумэнту ўхвалілі на мінулым паседжаньні. Апазыцыя хоча даць ацэнку палітычнай і эканамічнай сытуацыі ў краіне, дзеяньням улады і магчымым пэрспэктывам узаемадзеяньня апазыцыі з уладамі:

“Ёсьць выклікі новыя. Я лічу, што зьявілася вельмі вялікая пагроза кіраваных дэмакратыі і апазыцыі. І таму нам трэба праверыць, які час на нашых гадзіньніках, у дэмакратычнай супольнасьці.

Гэты дакумэнт будзе патрабаваць пэўнага часу. Яго трэба ня толькі выпрацаваць, але і ўзгадніць. І ня толькі ў фармаце АДС, але і ў больш шырокім. І прапанаваць іншым дэмакратычным структурам падпісаць гэты дакумэнт. Ён зьмяшчаў бы ацэнку і вызначаў, на якіх прынцыпах мы можам узаемадзейнічаць з уладамі. І пра тых, хто далучыцца да працы і паставіць свае подпісы, мы будзем ведаць, што гэта нашыя партнэры. І яны гатовыя дзейнічаць як аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі”.

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць: стварэньне такой стратэгіі – гэта рэакцыя дэмакратычнай кааліцыі на некаторыя зьмены тактыкі беларускай улады:

“Можа, нават ня столькі на тактыку ўладаў, колькі на зьмену пазыцыі некаторых суб’ектаў кааліцыі адносна дачыненьняў з уладамі. Паколькі ў некаторых арганізацыях, такіх, напрыклад, як рух “За свабоду”, сацыял-дэмакратычная партыя, такая зьмена адбылася, то кааліцыі трэба выпрацоўваць узгоднены фармат узаемадзеяньня і агульную пазыцыю ў гэтым пытаньні. І таму такія захады зразумелыя. Уласна кажучы, гэта й ёсьць функцыі кааліцыі ў міжвыбарны пэрыяд – выпрацоўваньне агульнай пазыцыі ў спрэчных пытаньнях”.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў ужо беспасярэдне кантактуе з уладай у рамках грамадзкай кансультацыйнай рады, якую ачольвае кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей. Трусаў лічыць, што дэмакратычнай кааліцыі трэба было займацца гэтым значна раней:

“Гэта трэба было рабіць яшчэ гадоў пяць таму. Яны, як заўжды, спазьняюцца. Тады самы раз было такі дакумэнт прымаць. Тады якраз стала відаць, што масавыя акцыі не даюць карысьці, што трэба мяняць тактыку, бо народ не зьвяртае ўвагі на аб’яднаную апазыцыю. Апошняя вялікая акцыя была, калі Казуліна арыштавалі. І пасьля гэтага народ адвярнуўся ад апазыцыі, бо той жа Мілінкевіч у палатачным гарадку нічога ня мог сказаць. У іх пляну нават не было. То бок яны апынуліся ня здатныя кіраваць рэвалюцыйным працэсам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG