Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія хірургі сустрэліся са сваімі беларускімі пацыентамі


Вільям Новік (William Novick)
Вільям Новік (William Novick)

Сёньня ў Беларускім дзіцячым фондзе адбылася сустрэча амэрыканскіх кардыяхірургаў зь іхнымі былымі пацыентамі, якім лекары некалі рабілі складаныя апэрацыі на сэрцы.

Для гасьцей дзеці арганізавалі выставу карцін, вышывак, іншых рэчаў, зробленых сваімі рукамі.

Цягам двух тыдняў амэрыканцы разам са сваімі беларускімі калегамі праапэруюць яшчэ тры дзясяткі беларускіх дзетак, правядуць кансультацыі. Гэта ўжо 18-ты візыт амэрыканскіх хірургаў у межах дабрачыннай праграмы “Дзіцячае сэрца”.

Амэрыканскія лекары на імпрэзе

Доктар Вільям Новік распавёў:

“Прыехала каманда з васьмёх дактароў. Першыя дзесяць дзён будуць прысьвечаныя лекцыям і навуковым канфэрэнцыям, а потым будуць праходзіць апэрацыі. Ёсьць некалькі надзвычай складаных выпадкаў, якія хацелася б праасыставаць асабіста. Я спадзяюся, што гэтая наша паездка будзе ня толькі карыснай для дзяцей, але і адукацыйнай для беларускіх калег”.

Выстава твораў дзяцей-пацыентаў

За 13 гадоў супрацоўніцтва праапэравана 420 дзяцей, больш за 1600 атрымалі кваліфікаваныя кансультацыі. Доктар Вільям Новік распавёў, што падчас першых візытаў апэрацыі рабілі амэрыканцы. А зараз апэруюць у асноўным беларускія хірургі, амэрыканцы толькі кансультуюць і асыстуюць:

“За гэтыя 13 гадоў тэхнічная аснашчанасьць, абсталяваньне клінік зьмянілася фантастычна, прагрэс, безумоўна, заўважны. Беларускія хірургі ўжо дасягнулі эўрапейскага ўзроўню майстэрства. Засталося зусім няшмат аспэктаў, якія ім яшчэ трэба вывучыць, але, паверце, іх вельмі мала”.

Аляксандар Трухан
Беларускія лекары выяжджаюць на стажыроўкі ў краіны Заходняй Эўропы, ЗША, няспынна навучаюцца, але сумесная праца ў камандзе ў Беларусі — гэта неацэнны досьвед, кажа дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандар Трухан:

“Калі нашы лекары, мэдсёстры камандамі пачалі працаваць зь міжнароднай брыгадай, вучыліся ўсе: і мэдсястра, і анэстэзіёляг, і рэаніматоляг, ішло каманднае навучаньне. На стажыроўцы ў замежнай клініцы вучыцца толькі адзін лекар, ён штосьці атрымае для сябе, але ня факт, што ўдасца гэта ўкараніць. А тут мяняецца сыстэма, мяняюцца падыходы”.

На сустрэчу са сваімі амэрыканскімі выратавальнікамі прыехала паўтара дзясятка дзетак з усіх куткоў Беларусі. Імпрэза атрымалася вельмі цёплай, дзеці дарылі сваім выратавальнікам сувэніры, зробленыя сваімі рукамі.


14-гадовая Насьця Ціхановіч з Гомеля добра памятае, як ёй рабілі апэрацыю на сэрцы:

Насьця Ціхановіч
“Мне было 9 гадоў, апэрацыю рабіў доктар Новік разам зь Юрыем Астроўскім. Страшна не было. У мяне брат — доктар, ён распавёў, як будзе апэрацыя, што будзе пасьля… Так што ня страшна было. Зараз пачуваю сябе добра. Бываюць часам праблемы, але ў асноўным усё добра”.

Дзяніс Крупскі
У сямігадовага Дзяніса Крупскага зь Віцебску надзвычай складаны выпадак: яму неабходная перасадка сэрца. Пасьля таго як у Беларусі правялі некалькі пасьпяховых перасадак сэрца дарослым, у хлопчыка і ягоных бацькоў зьявілася надзея. Насьціна маці Алена Ціхановіч суцяшае маці Дзяніса:

“Што б я сказала гэтым бацькам? Верце сваім дзеткам, верце дактарам і спадзявайцеся на Бога. Біла ўзгадваем кожны Божы дзень. Ён даў нам другое жыцьцё, шчыры дзякуй яму. Я паказвала шмат Насьціных грамат, яна пераможца гарадзкой алімпіяды па хіміі — то бок жывём!”

Амэрыканскі доктар Вільям Новік запэўніў: кардыяхірургія разьвіваецца надзвычай хутка, тыя паталёгіі сэрца, якія яшчэ некалькі гадоў таму лічыліся прысудам, зараз апэруюць. Сваім беларускім калегам амэрыканскі прафэсар Новік даў такую ацэнку:

“У Беларусі самыя лепшыя кардыяхірургі ў параўнаньні з усім былым Савецкім Саюзам. Скажу шчыра: такія ж выдатныя, калі ня лепшыя, як у Заходняй Эўропе. Яны гатовы дапамагчы кожнаму дзіцяці з прыроджаным парокам сэрца”.

Дарэчы, усе апэрацыі на сэрцы ў дзяцей у Беларусі праводзяцца бясплатна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG