Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белтэхэкспарт”: “Мы працуем, як працавалі”


У Менску пачалася 5-я міжнародная выстава ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі. Яе адчынілі прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі і генэральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа.


СЛУХАЦЬ:


Паводле Сяргея Сідорскага, выстава ёсьць візытоўкай абароннай прамысловасьці Беларусі. Ён адзначыў:

“Выстава „Milex“ стала традыцыйным месцам дзелавых сустрэчаў, пошуку новых партнэраў, наладжваньня кантактаў і заключэньня дамоваў. Арганізацыя такой маштабнай спэцыялізаванай выставы выклікана імкненьнем прадставіць патэнцыйным партнэрам увесь спэктар прадукцыі нашага абароннага сэктару эканомікі, які сёньня можа скласьці здаровую канкурэнцыю замежным аналягам”.

Сяргей Сідорскі (другі зьлева), Павал Барадзін

У выставе бяруць удзел прадстаўнікі 26 краінаў, сярод якіх Кітай, Карэя, Судан, Эгіпет, Сырыя, Лібія, Інданэзія, Іран, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Пэру. У інтэрвію Свабодзе гендырэктар “Белтэхэкспарту” Ігар Семерыкоў адзначыў, што эканамічны крызіс не паўплываў на ваенна-прамысловы комплекс:

“Мы працуем як працавалі. Мы стараемся не зьвяртаць увагі на крызіс і працягваць працу, як і раней. Наша сфэра крыху спэцыфічная. І ход крызісу адбываецца па-іншаму”.



Прамысловыя прадпрыемствы працуюць на склад, а як ваенныя заводы?

“Гэта не да мяне пытаньне, не мая кампэтэнцыя. Ёсьць структура, якая адказвае за парадак працы заводаў. Мы тэмпы сваёй працы не зьмяншалі”.

Адносна абвінавачаньня на адрас Беларусі, што яна гандлюе зброяй з праблемнымі краінамі, спадар Семерыкоў сказаў:

“На сёньня, наколькі я ведаю, ніводнага факту рэальна не пацьверджана. Беларусь заўсёды вельмі цьвёрда і жорстка захоўвала ўсе міжнародныя патрабаваньні ў галіне кантролю над узбраеньнямі і экспарту”.


Нагадаю, днямі кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў “поўнай дурнотай” паведамленьні ў мэдыях пра тое, што Беларусь нібыта зьбіраецца прадаць Ірану і Сырыі ракетныя комплексы С-300 і “Іскандэр”. Ён адзначыў, што комплексы С-300 ужо стаяць на баявым дзяжурстве. А “Іскандэраў” наогул няма.


Сёньня Мікалай Бардзюжа сказаў журналістам, што станоўча ставіцца да плянаваных паставак у Беларусь ракетных комплексаў “Іскандэр” і зэнітных ракетных комплексаў С-400. Паводле Паўла Барадзіна, гэтае пытаньне будзе вырашана станоўча, бо такая зброя патрэбная для абароны саюзнай дзяржавы. Аднак канкрэтныя тэрміны паставак пакуль невядомыя.


Паводле дзяржсакратара Савету бясьпекі Юрыя Жадобіна, пытаньні закупу расейкай зброі прапрацоўваюцца. Гэта ён патлумачыў неабходнасьцю пераўзбраеньня войска. Найперш ідзе збліжэньне пазыцый у пляне каапэрацыі, адзначыў спадар Жадобін:

“Многае мы можам зрабіць самі, на сваіх прадпрыемствах, што, вядома, зробіць гэта больш танным. І нашы партнэры таксама зацікаўленыя ў тым, каб нейкую частку комплексу мы рабілі на сваёй тэрыторыі. Таму мы працуем у гэтым кірунку. У нас яшчэ час ёсьць. Але, безумоўна, вядзём пэўную працу з нашымі партнэрамі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG