Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцам пагражаюць адлічэньнямі з вучобы


Дэкан журфаку БДУ Сяргей Дубовік выклікаў на размову маці першакурсьніцы Надзеі Пякарскай. Дзяўчыну, актывістку “Маладога фронту”, затрымалі 7 траўня за ўдзел у пікеце ў гадавіну зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Міліцыянты паведамілі пра затрыманьне ў дэканат. Некалькім маладафронтаўцам таксама пагражалі праблемамі на вучобе і на працы, калі яны ня спыняць грамадзкую дзейнасьць.

Дэкан Сяргей Дубовік папярэдзіў Надзею Пякарскую пра недапушчальнасьць яе ўдзелу ў вулічных акцыях, якія ладзяць маладафронтаўцы.

Пасьля амаль дзьвюхгадзінай размовы з Надзеяй і яе маці дэкан паабяцаў, што Надзея пакуль будзе вучыцца ў БДУ. У выніку, калі б дзяўчыну адлічылі з першага курсу, яна б ня мела магчымасьці аднавіцца на вучобе.

Раней з вучобы быў адлічаны лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка. Пасьля таго як Франак адбыў 15 сутак арышту падчас зімовай сэсіі, яго прымусілі здаваць два прапушчаныя экзамэны адмысловай камісіі, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Паводле яе высновы, студэнт, які вучыўся на “выдатна”, нібыта не валодае прадметам.

Адразу ж пасьля выключэньня Франак атрымаў позву ў ваенкамат і потым гвалтоўна трапіў у войска.

Франак і Вінцук Вячоркі
Франкаў бацька Вінцук Вячорка ўпэўнены, што спадар Дубовік зьнішчае любыя праявы вальнадумства на факультэце.

“Ператварэньне журфаку БДУ ў інстытут журналістыкі, падвышэньне яго статусу адназначна азначае, што антыдэмакратычная ўлада разглядае яго як кузьню кадраў ідэалягічных “прамыўшчыкаў” мазгоў і прафэсійных хлусаў.

З аднаго боку, выключаюць вальнадумных студэнтаў, а з другога — тыя, якія рыхтавалі фальсыфікатарскія сюжэты пра плошчу 2006 году, пасьпяхова яго заканчваюць. Гэта паказвае, да якой ступені там расьцьвіла амаральнасьць і сэрвільнасьць“.

Вінцук Вячорка прыгадаў, як сам хадзіў да сп. Дубовіка, каб высьветліць пэрспэктывы навучаньня свайго сына.

“Зазіраў мне ў вочы і лісьліва казаў: „Ну вы ж усё разумееце. Ад мяне нічога тут не залежыць“. А потым падпісаў прадстаўленьне аб выключэньні майго сына-выдатніка з унівэрсытэту. Так што я не выключаю, што рукамі таго ж самага Дубовіка рыхтуюцца новыя расправы з вальнадумнымі студэнтамі”.

Каля двух дзясяткаў маладафронтаўцаў адчулі на сабе ціск з боку спэцслужбаў праз адміністрацыі навучальных установаў.

Спэцслужбоўцы выклікалі ў кабінэт дырэктара мастацкай гімназіі Вікторыю Ладзіс. Непаўналетняя дзяўчынка заявіла ім, што будзе размаўляць толькі ў прысутнасьці сваіх бацькоў. Адміністрацыя гімназіі папярэдзіла Вікторыю, што напрыканцы навучальнага году будзе вырашацца пытаньне яе далейшага навучаньня ў гімназіі.

Да студэнта 3 курсу БНТУ Ўладзімера Дзявяткі прыходзілі людзі ў цывільным і ў кабінэце дэкана пагражалі адлічэньнем.

Маргарыту Кароль, якая вучыцца на гістфаку БДУ, таксама выклікалі ў дэканат і “рэкамэндавалі” ёй спыніць удзел у “Маладым фронце”.

Маці маладафронтаўца Стася Стэсіка выклікалі да дырэктара ў школу, дзе раілі паўплываць на свайго сына. Жанчыну палохалі, што сыну не дадуць атрымаць сярэднюю адукацыю.

Паўла Кур’яновіча адлічылі з вучобы, а потым з працы. Нягледзячы на тое, што хлопец мае мэдычную даведку і вызваленьне ад службы ў войску, яго пэрыядычна, штомесяц выклікаюць на размовы ў ваенкамат.

Маці Багуслава Манька самой пагражалі праблемамі на працы, калі яна не прымусіць сына выйсьці з “Маладога фронту”.
XS
SM
MD
LG