Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарады застаюцца без кінатэатраў, вёскі — бяз клюбаў


Кінатэатар "Чырвоная зорка"

Кінатэатар "Чырвоная зорка"

У Беларусі цяпер маюць патрэбу ў тэрміновым абнаўленьні больш як 1,5 тысячы клюбаў і кінатэатраў. Але пэрспэктывы рэканструкцыі ў сувязі з крызысам выглядаюць няпэўнымі. Між тым, нацыянальны статыстычны камітэт падае афіцыйныя зьвесткі, што ў сярэднім кожны жыхар Беларусі толькі адзін раз цягам году наведвае кінатэатар. Пра ўплыў фінансавага крызісу на цяперашні стан кінатэатраў і кіназаляў інфармуюць з рэгіёнаў карэспандэнты “Свабоды”.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Ня кожны месяц у вёскі возяць кінафільмы...


У раённых кінатэатрах Гарадзеншчыны дагэтуль паказваюць фільмы на кінаўстаноўках 1964 году вытворчасьці. Міхал Карневіч паведамляе:

Супрацоўніца Ваўкавыскага раённага кінавідэапракату Галіна Гурганідзэ кажа, што іхная галіна стратная і трымаецца толькі дзякуючы бюджэтным сродкам.

Таксама спадарыня ўдакладняе, што сёньня раённыя кінатэатры і вясковыя клюбы ня могуць прапанаваць гледачу якасны прагляд фільму.
кінаўстаноўка ўсталявана ў 1964 годзе...

“Нашаму кінатэатру сёлета 45 гадоў, кінаўстаноўка ўсталявана ў 1964 годзе. А на раёне наагул стаяць КН, тут інжынэр мне падказвае, і, гледзячы на яе эмоцыі, разумею, што яны яшчэ старэйшыя. Абнаўленьня няма ніякага”.

Мэтадыст Івейскага кінапракату спадарыня Натальля пераконвае, што з пачаткам крызісу яны прыкметна страцілі гледача сярод школьнікаў.

“Мы абслугоўваем школы. Наведваньне дзецьмі кіно зьменшылася на 25—30% у сувязі з тым, што бацькі ня сталі даваць на гэта грошы”.

Спадарыня Натальля кажа, што і глядач стаў вельмі патрабавальны, бо многія фільмы раней зьяўляюцца на пірацкіх касэтах, у кожнага ёсьць ДВД, шмат хто можа пабачыць фільм у інтэрнэце.

“Мяне папрасілі паказаць дакумэнтальны фільм пра здаровы лад жыцьця і мастацкі фільм — прыйшло толькі пяць чалавек”.

А вось што тычыцца вясковага насельніцтва, то фільмы возяць ужо ня кожны тыдзень, бо людзі проста ня ходзяць. Больш вяскоўцы наведваюць кіно ў рэлігійныя сьвяты. Спадарыня Натальля згадвае прыклад з аднаго аграгарадка.

“Мяне папрасілі паказаць дакумэнтальны фільм пра здаровы лад жыцьця і мастацкі фільм — прыйшло толькі пяць чалавек. І гэта нягледзячы на тое, што я многіх там ведаю, запрашаю”.

ВІЦЕБШЧЫНА

Апошні ў Воршы кінатэатар перароблены пад краму

На Віцебшчыне ў час крызісу страціў сродкі на рамонт адзіны дзіцячы кінатэатар “Брыгантына”. А ў Воршы апошні кінатэатар перароблены пад краму.

Аршанец Ігар Казьмярчак скончыў Магілёўскую вучэльню мастацтваў па спэцыяльнасьці “Актор драматычнага тэатру і кіно”. Ён кажа, што за час навучаньня ў Магілёве ў ягоным родным горадзе абодва кінатэатры зачыніліся:

“Апошні кінатэатар быў перароблены пад краму: быў кінатэатар “Мір”, а цяпер гэта гандлёвы цэнтар “Мір”. Ён неблагі, але і кіно паказваць было б няблага… Пэўны час фільмы дэманстраваліся ў Гарадзкім цэнтры культуры. Раней гэта быў кінатэатар “Победа”, а перад “Дажынкамі” ў 2008 годзе яго перарабілі ў ГЦК. Але тым часам чамусь скасавалі ўстанову “Аршанскія кінасеткі” — менавіта яна займалася тым, што прывозіла фільмы, і ня толькі ў кінатэатры, але і ў школы, у дзіцячыя садкі, у турмы таксама… Цяпер фільмы возяць зь Віцебску, прычым нерэгулярна і ня так часта”.

Такім чынам, калі пра Воршу раней казалі, што гэта горад, дзе ёсьць дзьве турмы і няма ніводнай навучальнай установы, то цяпер да гэтага сумнага жарту можна зрабіць дадатак: тут не засталося і ніводнага кінатэатру.

“У залі мокрая падлога, і падчас сэансу вада са столі капае на галаву”

Кінатэатры зачыняюцца і ў абласным цэнтры. З васьмі іх засталося чатыры.
З васьмі кінатэатраў засталося чатыры. ...

Зараз ці ня ў самым бядотным стане — віцебскі кінатэатар “Брыгантына”, адзіны ў рэгіёне спэцыялізаваны кінатэатар для дзяцей і падлеткаў. Летась было дваццаць гадоў з дня ягонага адкрыцьця, але самага чаканага падарунку — сродкаў на рамонт — у кінатэатры так і не дачакаліся, кажа дырэктар установы Ларыса Трафімава:

“На жаль, праз крызіс колькасьць наведнікаў сёлета зьнізілася. Што ж, людзі хочуць за свае грошы атрымаць і належны сэрвіс — каб былі мяккія крэслы, і буфэт, і сучасныя інтэр’еры. Мы сваімі сіламі зрабілі рамонт у фае. Але, паўтараю, мы чакаем капітальнага рамонту”.

Спадарыня Трафімава непакоіцца, што ў цяперашніх складаных эканамічных умовах рамонт можа ізноў адтэрмінавацца, бо і да крызісу грошай на рамонт даху гарадзкія ўлады не давалі пяць гадоў запар. Даводзілася нават папярэджваць гледачоў, што ў залі мокрая падлога і падчас сэансу вада са столі капае на галаву.

МАГІЛЁЎ

Існуючае абсталяваньне сапсуе дарожку “DOLBY”


На Магілёўшчыне ў апошнія некалькі гадоў спынілі працу 123 вясковыя клюбы ды амаль 200 кінаўстановак. Пра праблемы магілёўскіх кінапракатнікаў расказвае

Бальшыня дзейнага абсталяваньня ў сельскай мясцовасьці не дазваляе глядзець стужкі сучаснага кінафармату. Гэтую праблему прызнаюць у магілёўскім абласным прадпрыемстве “Кінавідэапракат”.
Бальшыня абсталяваньня ў сельскай мясцовасьці не дазваляе глядзець стужкі сучаснага кінафармату ...

“Кінастужка ў асноўным ідзе да нас з дарожкай “DOLBY” ў асноўным. На вясковых кінаўстаноўках дужа шмат састарэлага кінаабсталяваньня. На кінаўстаноўках адбываецца мадэрнізацыя. Мы зацікаўленыя выпраўляць сытуацыю. Калі мы бяром фільм на пракат, то нам хочацца яго адпрацаваць на большую колькасьць гледачоў”, — кажа супрацоўніца прадпрыемства.

Паводле суразмоўніцы, пабачыць фільмы ў сучасным фармаце могуць на сёньня толькі жыхары абласнога цэнтру й Бабруйску.

“На пракаце стужак “Беларусьфільма” прыбытку не атрымаеш”

На Магілёўшчыне з кінапракатам ёсьць праблемы і іншага парадку. Напрыклад, у райцэнтры Бялынічы адзіны тут кінатэатар рамантуюць ужо болей за чатыры гады. Сёлета рамонт меўся скончыцца.

“Але ў сувязі зь цяжкой фінансавай сытуацыяй у краіне зьнялі сёлета грошы з рамонту. Па магчымасьці ў фае вывешваем экран і абслугоўваюцца школы. Заля разбураная”, — кажа прадстаўнік адміністрацыі.

Паляпшэньня фінансавай сытуацыі ў сваёй галіне кінапракатнікі не чакаюць. Яны не хаваюць, што актыўнасьць наведваньня кінатэатраў зьнізілася, аднак акцэнтуюць увагу на іншай праблеме. Пра яе кажа супрацоўнік прадпрыемства “Бабруйсккіно”:

“Згортваецца вытворчасьць у Расеі й Галівудзе. На “Беларусьфільме” касу вялікую ня зробіш. То бок нам хутка ня будзе што паказваць людзям, якія захочуць да нас прыйсьці. Для таго каб зрабіць фільм, патрэбны год, і гэты год у нас выпадзе ў кожным разе”.
XS
SM
MD
LG