Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распараджэньнем Нацыянальнага банку накладзеныя абмежаваньні на набыцьцё банкамі валюты дзеля аплаты імпартных кантрактаў на Беларускай валютна-фондавай біржы.


У Нацбанку існаваньне такіх абмежаваньняў абвяргаюць, аднак супрацоўнікі банкаўскіх установаў пацьвярджаюць: указаньне паступіла вусна -- на ўзроўні “тэлефоннага права”.

Інфармацыя пра тое, што Нацбанк забараніў продаж валюты на біржы тэрмінам да 1 чэрвеня, спачатку зьявілася на шэрагу дзелавых інтэрнэт-рэсурсаў. Кіраўніца групы аналітыкаў фінансавага парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова кажа, што скаргі банкаўскіх кліентаў зьявіліся і на іхным сайце:

Кацярына Сьмірнова
“У нас былі на сайце водгукі датычна асобных банкаў ад кліентаў: маўляў, ім не даюць набываць валюту. Але гэта ня больш чым водгукі, і я ня маю на гэты момант нейкіх дадзеных, каб канстатаваць такую сытуацыю. У саміх банках пра гэта пакуль ніхто ня кажа, а допіс кліентаў — ананімны”.

Карэспандэнт: “Калі адштурхоўвацца ад таго, што дыму без агню не бывае, то чым у тэорыі маглі быць выкліканыя такія захады?”

“Гэта, натуральна, можа быць выклікана толькі праблемамі з валютай. Альбо якімісьці дадатковымі захадамі: магчыма, штосьці сьледам за гэтым пойдзе ў пляне, як гэта модна зараз гаварыць, дэдалярызацыі эканомікі. Але казаць пра штосьці канкрэтнае досыць праблематычна”.

У сваю чаргу, начальнік упраўленьня інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў адмовіў наяўнасьць загадаў ці распараджэньняў, якія накладаюць забарону на продаж валюты імпартэрам.

Супрацоўнік аднаго з буйных камэрцыйных банкаў на ўмовах ананімнасьці расказаў, што вуснае ўказаньне Нацбанку насамрэч існуе, а тлумачэньні спадара Драздова камэнтуе так:
ёсьць вуснае распараджэньне...То бок — тэлефоннае права ...

“Ён гаворыць усё правільна: афіцыйных папераў ніякіх няма. Але ёсьць вуснае распараджэньне, якое ня тычыцца толькі валюты пад мэдыкамэнты і для абменных пунктаў. То бок — тэлефоннае права. На гэты момант мы вымушаныя ўводзіць контразахады: ад нас патрабуюць людзі афіцыйную паперу, чаму мы не прымаем заяўкі на біржу, дык мы выстаўляем тарыф — 20% ад сумы заяўкі, каб такім чынам усіх адсекчы. Сэнс у тым, што ў эканоміцы цяпер перакос, зьнешнегандлёвае сальда адмоўнае, грошы праядаюцца і рэальны курс ужо нашмат вышэйшы. Попыт на валюту ёсьць, па імпарце людзям трэба разьлічвацца, у выніку будуць купляць і даражэй. Але Нацбанк пры гэтым яшчэ намагаецца ўтрымаць курс і не дапусьціць панікі. Пад абменьнікі валюту, калі ласка, набывайце, і курс усталёўвайце ў межах 2% ад Нацбанку, ня больш. Ніякай паперы няма, толькі вусная ўказілаўка”.

Мой суразмоўца таксама дадае, што 18 траўня Нацбанк нават намагаўся патрабаваць ад падначаленых банкаў скасаваць заяўкі на набыцьцё валюты, пададзеныя загадзя. Аднак банкіры проста ўзбунтаваліся:

“Нацбанк намагаецца выканаць якіясьці статыстычныя паказьнікі. Для іх галоўнае, каб не было множнасьці курсаў, хоць фактычна яна ўжо ёсьць. Але яны спрабуюць паказаць, што па статыстыцы ў іх біржа працуе, адмоваў няма, яны сёньня ўсе пятнічныя заяўкі задаволілі. Хоць спрабавалі запатрабаваць ад банкаў, каб зьнялі з таргоў пятнічныя заяўкі (там жа продаж на трэці дзень ідзе). Дык вось сёньня былі таргі па заяўках, якія былі выстаўленыя яшчэ ў пятніцу. Але папросту ўсе банкі зрабілі рэвалюцыю і заявілі, што нічога здымаць ня будуць, бо гэта ўвогуле нахабства. Учора пачалі абтэлефаноўваць, хоць людзі выставілі яшчэ ў пятніцу. Заўтра, мяркую, аб’ём таргоў на біржы істотна ўпадзе, таму што заявак туды ўжо не паступае. У нас толькі адна заяўка на мэдыкамэнты разьмешчаная”.

Па выніках учорашніх таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы аб’ём зьдзелак па амэрыканскім даляры крыху перавысіў 8 мільёнаў даляраў. На мінулым тыдні аб’ём быў амаль удвая большы. Аднак ужо на гэтым тыдні аб’ём даляравых таргоў можа дасягнуць свайго мінімуму.
XS
SM
MD
LG