Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотаблог з Мсьціслава і ваколіц.

Адзін з самых усходніх гарадоў Беларусі Мсьціслаў патэнцыйна можа стаць турыстычнай Мэкай рэгіёну. Кляштары і храмы розных канфэсій, помнікі археалёгіі, замчышча і горы, на якія прыходзяць экстрасэнсы, каб набрацца “энэргетыкі”, пакручастыя вузкія вулкі на схілах, мяжа з Расеяй, маляўнічыя краявіды поймы Віхры... Усё гэта прываблівае наведнікаў і цяпер.

Цэнтральная плошча Мсьціслава. Перад райвыканкамам няма помніка Леніну — у адрозьненьне ад большасьці іншых беларускіх райцэнтраў. Тут ушанавалі асобу больш важную для краю — аднаго зь першых друкароў Пятра Мсьціслаўца.


Яшчэ адзін помнік першадрукару стаіць у паўразбураным комплексе Калегіюму езуітаў. Галоўны храм Калегіюму перабудоўваўся пры царскай уладзе, нішчыўся пры савецкай. На ягоным фасадзе яшчэ праглядаюцца словы пра “славу савецкаму народу”. Цяпер храм спрабуюць адрэстаўраваць.


У цэнтры гораду нешматлюдна.


Побач з Домам культуры ўсталяваныя ўзоры сучаснай драўлянай скульптуры. Гэтая сымпатычная фігура можа стаць месцам паломніцтва беларускіх даішнікаў.


За небакраем — ужо Расея. Від зь Дзявочай гары. Яе, паводле паданьня, насыпалі дзяўчаты, якія прыносілі зямлю ў падолах. Гэта гарадзішча даславянскіх часоў. Энэргетыка тут незвычайная.


За 8 кілямэтраў на ўсход ад гораду ў прыгожым лесе стаяць Пустынкі. Цяпер гэта зноў дзейны кляштар. За часы савецкай улады комплекс выкарыстоўваўся як дзіцячы дом ды разбураўся. Цяпер Пустынкі аднаўляюць. Пакуль што адноўленая брама, некалькі гаспадарчых і жылых карпусоў.


Распрацоўваюцца і праекты рэстаўрацыі двух вялікіх храмаў, які стаяць бяз дахаў і з пустымі аконнымі праёмамі.


Галоўная славутасьць комплексу — сьвятая крыніца, вядомая з 14-га стагодзьдзя. Вакол яе і паўстаў Усьпенскі манастыр. Ад тых часоў сюды прыяжджаюць паломнікі папіць сьвятой вады. Тут жа пабудаваная капліца і купель, у якой жанчыны і мужчыны па чарзе акунаюцца ў сьцюдзёную сьвятую ваду. Кажуць, дапамагае ад хваробаў.


У кляштары зараз жыве некалькі манахаў і паслушнікаў. Яны ахвотна гутараць з паломнікамі і турыстамі.


Некалькі гадоў таму ў часе рэстаўрацыі аднаго з будынкаў на тынкоўцы знайшлі выяву Хрыста, як на плашчаніцы. Мастацтвазнаўцы давялі, што тут няма ніякай фарбы, абраз нерукатворны.


Праз 600 мэтраў ад Пустынак — мяжа з Расеяй. Тут пачынаецца Манастыршчынскі раён Смаленскай вобласьці.


На самой мяжы беларускі асфальт завяршаецца. Далей расейская гравійка. Першы знак на расейскай тэрыторыі — няроўная дарога цягам 21 кілямэтра.


Гэтак выглядае мяжа зь беларускага боку.


XS
SM
MD
LG