Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія парлямэнтары абмяркоўваюць зьмены ў Крымінальны кодэкс адносна барацьбы з карупцыяй, якія вынікаюць з антыкарупцыйнага дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронцы кажуць пра чарговую пагрозу правам чалавека.

Паводле законапраекту, які ўжо пачалі абмяркоўваць парлямэнтары, справы супроць карупцыянэраў будзе расьсьледаваць ня толькі пракуратура, але таксама КДБ, міліцыя ці дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю. Цяпер яны ўжо маюць права заводзіць такія справы, але іх расьсьледаваньне – пакуль прэрагатыва выключна сьледчых пракуратуры. Гэтае правіла дэкрэт №3 Аляксандра Лукашэнкі прапануе скасаваць і дазволіць любому органу, які мае права на апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, ня толькі пачынаць сьледзтва, але й даводзіць яго да канца.

Паводле зьвестак, новаўвядзеньне раскрытыкавалі адмыслоўцы пракуратуры Беларусі, якім нібыта законапраект трапіў на экспэртызу. Незалежныя назіральнікі ўвогуле згадалі пра 1937 год, калі пракурорскі нагляд стаў фармальнасьцю. Але законапраект трапіў у парлямэнт і мае ўсе шанцы на прыняцьце.
Зьменіцца толькі падсьледнасьць...


У прэсавай службе Генэральнай пракуратуры, дарэчы, абверглі зьвесткі пра тое, што законапраект там быў успрыняты крытычна. Кіраўнік прэсавай службы Пётар Кісялёў сказаў, што ўпершыню чуе пра экспэртызу, да таго ж пра паслабленьне пракурорскага нагляду, паводле спадара Кісялёва, гаварыць не даводзіцца:

“Як даваў пракурор санкцыю на арышт, гэтак ён і будзе даваць, як затрымліваліся людзі, гэтак яны й будуць затрымлівацца. Тут нічога ня зьменіцца. Зьменіцца толькі падсьледнасьць. Раней яна была выключна пракурорская, цяпер той орган, які завёў справу, і будзе яе весьці. А гэта КДБ, міліцыя, дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Вось і ўсё”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак кажа, што яго не пераканалі тыя, хто даказвае неабходнасьць пашырэньня сьпісу органаў, якім дазволяць змагацца з карупцыяй:
Мы ідзем у бок узмацненьня рэпрэсіяў...


“Увесь час яны кажуць пра нейкае ўдасканаленьне, але нешта не відаць таго ўдасканаленьня ў выніку. Наадварот, мы ідзем ў бок узмацненьня рэпрэсіяў, а гэта ніколі яшчэ не прыводзіла да выпраўленьня сытуацыі”.

Праваабаронца падзяляе занепакоенасьць экспэртаў, якія кажуць пра факты парушэньня правоў падсьледных у беларускіх турмах. Паводле праваабаронцы, патрэбныя паказаньні там вельмі часта атрымліваюць незаконнымі мэтадамі, і гэта ня можа не прыводзіць да судовых памылак.

Ці зьменіцца сытуацыя, калі карупцыйныя справы будзе весьці ня толькі пракуратура? Алег Гулак асьцерагаецца, што чатыры ведамствы пачнуць змагацца за лепшыя паказчыкі ў барацьбе з карупцыяй і гэта прывядзе да яшчэ больш маштабнага парушэньня правоў людзей:

“Калі нейкая кампанія, як прыкладам, барацьба з карупцыяй, ператвараецца ў спосаб барацьбы паміж ведамствамі, то чалавека ў гэтай барацьбе проста ніхто ня бачыць. Людзям у такой сытуацыі не пазайздросьціш”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG