Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сымбалі савецкай эпохі не пакідаюць Беларусь?


Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

Сёньня ў школах Беларусі адзначаюць Дзень піянэрыі. У Беларусі піянэрская арганізацыя зьяўляецца самай масавай дзіцячай арганізацыяй.

У інтэрвію “Інтэрфаксу” прадстаўніца Міністэрства адукацыі Ірэна Дыль заявіла, што піянэрская арганізацыя ў краіне налічвае больш за паўмільёна дзяцей і сёньня павялічыцца на 10 тысяч сяброў. Ірэна Дыль таксама адзначыла, што беларуская піянэрская арганізацыя “захавала найлепшыя традыцыі савецкай піянэрыі”. Чаму сымбалі савецкай эпохі не пакідаюць Беларусь? Алесь Дашчынскі гутарыць з культуролягам Сяргеем Харэўскім.

Дашчынскі: Апроч піянэраў, у Беларусі ёсьць, да прыкладу, скаўты. Аднак іх непараўнальна мала. У сыстэму школьнай адукацыі вернутыя фактычна ўсе атрыбуты камуністычнай ідэалёгіі: акцябраты, піянэры і спадкаемцы камсамолу – бээрсээмаўцы. І сёньняшняе масавае ўступленьне ў піянэры ці ня ёсьць яшчэ адным прыкладам працягу саветызацыі краіны?

Харэўскі: Яна, дарэчы, і не канчалася. Ёсьць крыху стэрэатып, што да абраньня прэзыдэнтам Лукашэнкі ў краіне ўсё ўжо было ў парадку, была дэмакратыя і нацыянальная дзяржава. Але ў той час з 1991-га да 1995-га ня здолелі, не пасьпелі перайменаваць вуліцы, папрыбіраць сымбалі савецкай эпохі, помнікі Леніну, перайменаваць раённыя газэты...

Гэта проста па інэрцыі ў нас яшчэ не спынілася савецкае існаваньне. Наадварот, было б дзіўна, калі б пры цяперашнім ладзе не было чагосьці падобнага. Калі вярнуліся назад сьцяг, герб і гімн, то было б вельмі дзіўна, каб па-іншаму выглядала ў нас выхаваньне дзяцей. Як і ўва ўсіх іншых сфэрах жыцьця, і ў гэтай сфэры засталося тое, што было. Толькі яно цяпер крыху падмазана, запраўлена іншым соўсам. Цяпер сярод іншага вядзецца ў сыстэме выхаваньня пра асабістую адданасьць чалавеку на найвышэйшай пасадзе ў нашай краіне. У савецкі час, калі бальшыня людзей верыла ў тую ідэалёгію, то й гэтая піянэрыя не рэзала вока. Сёньня, калі людзі маюць альтэрнатыву ў выглядзе працы ў недзяржаўным сэктары, калі маюць альтэрнатыву ў выглядзе рэлігійных грамадаў, дзе ёсьць нядзельныя школы і гэтак далей, то гэта выглядае, вядома, не натуральна і абсалютна ня шчыра.

Стварылася такая школа двудушнасьці, школа канфармізму. Бацькі хутчэй за ўсё дома іранізуюць з усяго гэтага, кпяць, крытыкуюць уладу, сацыяльныя ўмовы, у якіх яны жывуць. Ну а дзецям кажуць: вы там хадзіце, можа, там вас пакормяць... Таму гэта вельмі небясьпечная ў пляне выхаваўчага эфэкту рэч. Проста ёсьць такая канфармісцкая звычка не вылучацца, не высоўвацца.

Дашчынскі: Чаму ж сымбалі савецкай эпохі не пакідаюць Беларусь?

Харэўскі: Я думаю, зь дзьвюх акалічнасьцяў. З інэрцыі, бо людзі ня бачаць у гэтым бяды, бо яны да гэтага прывыклі. І традыцыйны беларускі мэнталітэт – старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць. З другога боку, дзяржава гэтыя сымбалі кансэрвуе і перахоўвае, каб стварыць у людзей уражаньне, што нічога не мяняецца. Каб яны ня думалі пра нейкую альтэрнатыву. Маўляў, як ёсьць, так будзе й далей. І гэта проста вялікае марнаваньне сродкаў.

Дашчынскі: Вы кажаце, “старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць”. Але ж улады пайшлі на далучэньне да праграмы “Ўсходняга партнэрства”, зрабілі нейкі крок у бок аб’яднанай Эўропы...

Харэўскі: Па вялікім рахунку, гэта пакуль набор дэклярацыяў. З другога боку і эўрапейскія партнэры пакуль што не зрабілі нейкіх незваротных крокаў насустрач Беларусі. Напрыклад, уявіце сабе, каб цяпер зрабілі бясплатныя візы хаця б у суседнія краіны Эўразьвязу – Літву, Латвію, Польшчу. Гэта адразу б зьмяніла наш культурны ляндшафт, адразу істотна зьмяніла б многія рэчы. Людзі прынамсі паехалі б і паглядзелі, як можна жыць бяз помніка Леніну і наколькі абсурднымі выглядаюць гэтыя сярпы і молаты, падноўленыя транспаранты, якім 30 гадоў. Але нашыя суседзі не зрабілі такога кроку насустрач нам. І я думаю, што такі крок будзе яшчэ ня хутка. І перамены ў Беларусі адбудуцца ня хутка.

Цяперашні рэжым растаптаў нацыянальную ідэалёгію. То бок няма апірышча ў нацыянальных каштоўнасьцях. І вось гэты стан безыдэалягічны запаўняецца ідэалягічным сурагатам у выглядзе БРСМ, у якім вучаць зарабляць грошы, ці піянэрыі, дзе вучаць вернасьці прэзыдэнту. І рэч ня ў тым, што гэта камуністычная ідэалёгія, сымбалі камунізму і што нам гэта падаецца неэстэтычным, прыкрым, што нам сорамна за сваю дзяржаву. Другі бок праблемы ў тым, што рэальна гэтая дзяржава, гэты рэжым, каб і захацелі, нічога ня могуць прыдумаць наўзамен. У іх нуль крэатыву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG