Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Плакс прэзэнтуе ў Менску “Трыццаць тэкстаў”


20 траўня, у сераду, літаратар, перакладчык, журналіст, прадусар беларускіх праграмаў “Радыё Швэцыя” Дзьмітры Плакс прэзэнтуе ў Менску сваю новую кнігу “Трыццаць тэкстаў”. Прэзэнтацыя адбудзецца а 19-й гадзіне ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча.

Бушлякоў: Які жанр тых трыццаці тэкстаў, якія склалі вашую кніжку? Гэта свабодныя вершы ці, можа, празаічныя накіды, замалёўкі? Як бы вы акрэсьлілі тое, што ўвайшло ў вашую незвычайную кніжку, як казалі пра яе яшчэ за некалькі месяцаў да выхаду?

Плакс: Мне вельмі цяжка акрэсьліць жанр, бо я не лічу, што гэтая кніжка прадстаўляе вершы ці ўвогуле нейкія гатовыя літаратурныя творы. Для мяне гэта спроба вынайсьці новы спосаб пісьма.
Для мяне гэта спроба вынайсьці новы спосаб пісьма...


Я шмат гадоў жыву ў шматмоўным асяродзьдзі. І так атрымалася, што працую зь некалькімі мовамі: на некалькіх мовах пішу і шмат перакладаю. Быў такі пэўны пэрыяд у маім жыцьці, калі мне даводзілася вельмі шмат перакладаць паміж гэтымі мовамі, і часта нават самога сябе. Я сябе не лічу перакладчыкам і, можа, нават і пісьменьнікам ня вельмі лічу, але мне было цікава вынайсьці спосаб пісьма, які б не падлягаў перакладу, але з дапамогай якога я б мог ствараць прыкладна тыя самыя рэчы на розных мовах – на тых мовах, на якіх я працую.

І вось цяпер спроба па-беларуску гэта зрабіць. Сэнс у тым, каб знайсьці спосаб пісьма, які б на розных мовах перадаваў прыкладна тое самае – без пасярэдніцтва перакладу.

Бушлякоў: Фактычна выходзіць, што перакладчык (вас добра ведаюць як менавіта перакладчыка) стварыў уласныя тэксты, якія ці не паддаюцца перакладу, ці не патрабуюць перакладу. Можна сказаць, у нейкай ступені вашая кніжка – як прысуд перакладам...

Плакс: Для мяне гэта было так. Мне вельмі ў пэўны момант стала цяжка і нецікава займацца перакладамі, прынамсі ў такім аб'ёме, у якім я вымушаны быў імі займацца цягам пэўнага часу. І мне прыйшла да галавы ідэя паспрабаваць вынайсьці такі спосаб пісьма, які грунтаваўся б на каранях слоў, на спалучэньні кожнага слова з папярэднім і з тым, што ідзе пасьля. Як для мяне, дык такі мэтад пісьма працуе. А ўжо як для чытача, гэтага я не магу сказаць.

Бушлякоў: А што служыла за арыенцір? Можа быць, ёсьць аўтары, якія сваімі тэкстамі дапамаглі вам выйсьці на вашую цяперашнюю новую манеру пісьма?

Плакс: Я не магу назваць аднаго аўтара. Я вельмі шмат чытаю на розных мовах. Безумоўна, спробы стварэньня новага спосабу пісьма і новай мовы – гэта зусім звычайная рэч у літаратуры. Гэтым займаўся ў свой час, напрыклад, Хлебнікаў ці, калі зноў жа расейскую літаратуру ўзяць, то Прыгаў.
Я спрабаваў падысьці да вытокаў слова...


Але я неяк спрабаваў падысьці да вытокаў слова, да тых архетыпічных выяў, якія выклікаюцца ў людзей словамі пры чытаньні, бо кожнае слова – гэта карцінка.

Я казаў, што не лічу сябе перакладчыкам ці нават пісьменьнікам – я хутчэй абібок, напрыклад... Але калі ўжо сур'ёзьней казаць, дык я, напэўна, усё ж больш займаюся мастацтвам, як мне самому гэта падаецца. І сувязь паміж вэрбальным і візуальным заўжды мяне вельмі-вельмі цікавіла. Я шмат гадоў працую ў гэтай галіне з розным, так скажам, посьпехам. І новая кніжка – таксама вынік гэтай працы, бо там ёсьць яшчэ й візуальныя вобразы, якія маюць мінімум такое самае значэньне, як і тэксты.

Бушлякоў: Чые гэта ілюстрацыі?

Плакс: Фатаграфічныя ілюстрацыі мае, а тэкставыя ілюстрацыі – гэта працы Ігара Корзуна, які зрабіў дызайн кніжкі і зь якім мы вельмі цесна працавалі. І я лічу, што ілюстрацыі, зробленыя ім, вельмі добра адпавядаюць тым уяўленьням, якія я сам маю.
Мае тэксты – гэта як бы канструктар...


Важны момант – мае тэксты можна чытаць вельмі па-рознаму. Гэта як бы канструктар. Я спрабую задаць там узровень голасу – з дапамогай рознага памеру шрыфтоў. З гэтага можна зразумець, дзе трэба цішэй, а дзе гучней. Гэта таксама аспэкт, які мяне хвалюе. І ўвогуле маё пісьмо – гэта спроба неінтэрактыўнай інтэрактыўнасьці, скажам так – калі чытач удзельнічае ў стварэньні тэксту кожны раз, як ён яго чытае.
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG