Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 траўня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень музэяў. Гэтая дата ўсталяваная ў 1977 годзе і праводзіцца пад эгідай Міжнароднага савета музэяў (International Council of Museums). Супрацоўнікі музэяў больш чым 150 краінаў сьвету ўлучна зь Беларусьсю лічаць цяпер гэты дзень сваім прафэсійным сьвятам.

У Беларусі 143 дзяржаўныя музэі, некалькі дзясяткаў ведамасных і тры прыватныя. Самым незвычайным, нават унікальным сярод іх акадэмік Радзім Гарэцкі лічыць музэй валуноў, разьмешчаны ў сталічным мікрараёне Ўручча.

Радзім Гарэцкі
“Нават калі да нас прыяжджаў дырэктар дэпартамэнту навук аб зямлі UNESCO, ён так быў зьдзіўлены нашым музэем, што сказаў, калі мы яго даробім, як хочам, то яны яго возьмуць пад крыло UNESCO. Таму што такога музэю, як наш, нідзе няма ў сьвеце. Ён — унікальны”.

Задуманы ў 1985 годзе беларускімі навукоўцамі Гаўрылам і Радзімам Гарэцкімі, музэй быў адчынены ў 1989-м. Афіцыйна ён называўся экспэрымэнтальнай базай вывучэньня валуноў Інстытуту геахіміі і геафізыкі Акадэміі навук БССР, якім кіраваў тады Радзім Гарэцкі. Дазвол на наданьне сабраным на адной пляцоўцы ўнікальным помнікам прыроды Беларусі статусу музэю трэба было атрымліваць ад вышэйшых маскоўскіх партыйных і дзяржаўных структур, што значна адтэрміноўвала адкрыцьцё любімага дзецішча бацькі і сына Гарэцкіх. Зрэшты з развалам СССР гэты дазвол сам сабой адпаў.

Музэй ўяўляе сабой шэсьць гектараў адкрытай пляцоўкі з абрысамі карты Беларусі. Радзім Гарэцкі працягвае:

Музэй валуноў з навукова-асьветнай установы ператвораны ў адну з гарадзкіх зон адпачынку. А гэта — зусім ня тое, што мы з бацькам задумвалі.
“Завязьлі мы туды больш за дзьве тысячы камянёў і паклалі ў тыя рэгіёны, адтуль яны прывезеныя на самай справе. Там вы можаце ўбачыць і ўзвышшы Беларусі, Мінскае, да прыкладу, рэчкі Беларусі — яны як сьцежкі пракладзеныя. І меркавалі мы там каля будынка нашага інстытуту на ўзвышшы пабудаваць яшчэ адзін будынак. Гэта быў бы геалягічны музэй. На яго даху павінна была быць вышка, на якою можна было ўзьняцца і ўбачыць усю Беларусь, разьмешчаную на карце музэя валуноў”.

Быў распрацаваны праект, выдзеленыя грошы пад яго. Але здарыўся найноўшы час гісторыі Беларусі, якой задумы па расшырэньні ўнікальнага музэя сталі непатрэбныя. Дый існуючы ўтрымліваць у належным стане акадэмічнаму інстытуту апынулася не па кішэні. Цяпер і сам інстытут геахіміі і геафізыкі ліквідаваны. А музэй валуноў з навукова-асьветнай установы ператвораны ў адну з гарадзкіх зон адпачынку. А гэта — зусім ня тое, што мы з бацькам задумвалі, скрушна зазначае Радзім Гарэцкі.

“Мы там хацелі паставіць і старажытных жывёл, паставіць каля валуноў шыльды пра іх склад і адкуль яны — у нас гэтыя ўсе зьвесткі ёсьць. Ну але не атрымалася. І таму музэй ня ўзяты пад эгіду UNESCO”.
XS
SM
MD
LG