Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачаўся візыт у Нарвэгію групы беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Осла наведваюць Алесь Бяляцкі, Аляксандар Казулін, Вольга Кузьміч, Анатоль Лябедзька ды Андрэй Саньнікаў. Іх паездка супала з трыюмфам сьпевака з Нарвэгіі, які нарадзіўся ў Беларусі, Аляксандра Рыбака.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька праз тэлефон з сталіцы Нарвэгіі кажа, што бачыў на ўласныя вочы мноства моладзі, якая ходзіць па вуліцах Осла з партрэтамі Аляксандра Рыбака:

Анатоль Лябедзька
“Супэр, канечне. Тут ён — нацыянальны герой. Учора яго сустракалі ў аэрапорце амаль пяць тысяч чалавек. Пра Рыбака шмат пішуць мясцовыя журналісты. І ўвесь час згадваецца, што яго першая Радзіма — Беларусь. І ён, безумоўна, дадаў імпульс дадатковай цікавасьці да Беларусі. Натуральна, ён садзейнічае нашаму візыту. Я бачыў мноства моладзі, якая ходзіць з партрэтамі Аляксандра. А ўчора мы праз нарвэскіх дыпляматаў, якія працуюць у Маскве, перадалі найлепшыя пажаданьні Аляксандру ад беларускай дэмакратычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. І, як нам паведамілі, усё гэта яму было перададзена”.

Візыт пачаўся з сустрэчы з нарвэскімі парлямэнтарамі. А затым адбылося паседжаньне круглага стала. Тэма дыскусіі на ім сфармулявана так: “Дарожная мапа — ці шанец гэта для Беларусі?” Акрамя беларускіх дакладчыкаў (а ў гэтай ролі выступіць кожны з удзельнікаў дэлегацыі), свае меркаваньні выказалі больш за 30 замежных экспэртаў.

Анатоль Лябедзька адзначае:

“Цікавіць сама сытуацыя ў Беларусі, наколькі яна зьмянілася. Рэха лібэралізацыі, якая нібыта адбываецца, яно і тут адчуваецца. Людзі хочуць гэта зразумець. Нарвэгія — гэта Эўропа, але краіна не ўваходзіць у Эўразьвяз. І таму тут для нас больш манэўру, больш мажлівасьцей”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі кажа, што ён яшчэ раз пераканаўся, наколькі для нарвэжцаў важныя правы чалавека:

“Для іх гэта не пусты гук. Яны не гуляюць у геапалітыку, яны не адбудоўваюць камбінацыі ў фармаце ўсяго эўрапейскага кантынэнту. Гэта рэгіянальныя краіны. Таму зь імі прасьцей знайсьці агульную мову. І самае галоўнае — у іх ёсьць апірышча, такая моцная каранёвая сыстэма, якая завецца “эўрапейскія каштоўнасьці”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG