Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі б 15 гадоў таму сказалі, што ў 2009-м выйдзе кніга пра палітвязьняў, не паверыў бы”


Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

20 траўня спаўняецца 55 гадоў беларускай службе Радыё Свабода. Да гэтай гадавіны выйшла кніга “Адзін дзень палітвязьня”, 15-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнізе — гісторыі 41 беларускага палітвязьня ад 1996 да 2008 году. Пра новую кнігу “Свабоды” — старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі: “Вельмі добра, што такая кніга зьявілася. Канечне, калі б 15 гадоў таму нехта сказаў, што ў 2009 годзе ў нас будуць выходзіць кнігі пра гісторыі палітвязьняў, я б не паверыў. Я ня думаў, што дойдзе да таго, што ў нас будуць саджаць людзей за краты за іх погляды. Але дайшло. І вельмі добра, што кніжка зьявілася. Яна своечасовая, яна павінна даваць прыклад нязломнасьці людзей, герояў гэтай кнігі. У абсалютнай бальшыні яны здолелі застацца верным сваім поглядам і ў прынцыпе застацца на полі барацьбы з рэжымам.

Можа, там не хапае гістарычнага экскурсу, што першымі з прыходам рэжыму Лукашэнкі за сваю палітычную дзейнасьць пацярпелі мэтрапалітэнаўцы. У прыватнасьці, Генадзь Быкаў і Сяргей Антончык , якіх спрабавалі прыцягнуць да справы страйку мэтрапалітэнаўцаў. Гэта былі першыя палітвязьні, праўда, не на доўгія тэрміны. І, можа, згадкі гэтых прозьвішчаў бракуе дзеля гістарычнай справядлівасьці.

Але ўсе героі гэтай кнігі — гэта сапраўды тыя, хто атрымаў вялікія тэрміны, значныя тэрміны, быў пазбаўлены шэрагу сваіх правоў і мусіў заставацца непахісным і цьвёрдым. Таму кніжка вельмі патрэбная і своечасовая. Нават добра, каб яна выйшла яшчэ на некалькі гадоў раней”.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG