Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае прызнаньне беларускіх удзельнікаў “працэсу 14” вязьнямі сумленьня?


Галадоўка салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі: дзеля чаго ахвяруе здароўем “Малады фронт”? Вага і цана словаў: што азначае міжнароднае прызнаньне беларускіх удзельнікаў “працэсу 14” вязьнямі сумленьня? Прэзыдэнт Эстоніі на “Радыё Свабода”: словы былога калегі пра новыя пагрозы свабодзе прэсы. Гэтыя тэмы абмяркоўваюць дырэктар Беларускай службы Радыё Свбабода Аляксандар Лукашук і супрацоўнікі службы Юры Дракахруст, Ян Максімюк і Віталь Цыганкоў.

Свабода на Белсаце, 16.05.2009. Частка 1


Лукашук:
14 траўня ў Менску прайшла акцыя – "Марш за незалежнасьць", якую ладзіў "Малады Фронт". Нагода – гадавіна першага лукашэнкаўскага рэфэрэндуму, пасьля якога была скасаваная нацыянальная сымболіка – бел-чырвона-белы сьцяг і герб "Пагоня" і вернутая крыху падгабляваная савецкая сымболіка. Праціўнікі рэфэрэндуму не прызнаюць яго канстытуцыйнай легітымнасьці, але зараз гаворка не пра падзеі 1995 году, а пра 2009-ты. Чаму ўлады зараз, у першы тыдзень пасьля далучэньня да "Ўсходняга партнэрства", ужылі сілу супраць дэманстрантаў? Юры.

Дракахруст: Часткова адказ утрымліваецца ў вашым пытаньні – менавіта таму, што пасьля "Ўсходняга партнэрства". У партнэрства запрасілі, адтуль ужо ня выганяць і навошта паводзіць сябе ня так, як паводзілі раней. Тое, што адбылося 14 траўня, адбывалася шмат разоў раней. Я б зьвярнуў увагу на шматплянавасьць дзеяньняў улады. Напачатку былі інфармацыйныя крокі па ізаляцыі ўдзельнікаў гэтага мітынгу, я маю на ўвазе стужку на БТ, дзе МФ прыраўноўваўся да таталітарнай сэкты. І далей – сіла. Гэта выклік новай эўрапейскай стратэгіі. Прадэманстравана, што ўцягваньне ў эўрапейскія справы пакуль на паводзіны беларускіх уладаў уплывае ня надта.

Лукашук: Віталь, а на ваш погляд, ці сапраўды беларуская ўлада вырашыла, што цяпер можна зноў рабіць усё што заўгодна?

Цыганкоў: Я часткова пагаджуся з Юрыем. Ня ўсё, што заўгодна, але ва ўлады ёсьць сакральныя месцы, "эратычныя зоны", на якія яны рэагуюць інстынктыўна.І Кастрычніцкая плошча – сярод іх. Калі там зьбіраюцца людзі, яны ня могуць іх не разганяць. Адваротных выпадкаў мы амаль ня ведаем. Да таго ж можна даць карцінку, акцыя была нешматлікай, удзельнічала ў ёй моладзь, фактычна падлеткі. Чаму ня даць карцінку, маўляў, вось якая слабая апазыцыя, якая ледзь не дзяцей зьбірае на гэты так званы "марш", каб яны не перашкаджалі людзям хадзіць у цэнтры гораду?

Вага і цана словаў: што азначае міжнароднае прызнаньне беларускіх удзельнікаў “працэсу 14” вязьнямі сумленьня?

Свабода на Белсаце, 16.05.2009. Частка 2


Лукашук:
На гэтым тыдні – першым пасьля далучэньня да “Ўсходняга партнэрства” – Беларусь вярнулася ў палітычны ліпень 2008 году: у краіне зьявіліся міжнародна прызнаныя вязьні сумленьня. Пра гэта сьведчыць ліст, накіраваны праваабарончай арганізацыяй “Міжнародная амністыя” генэральнаму пракурору Рыгору Васілевічу. Амністыя абвяшчае вязьнямі сумленьня ўсіх асуджаных да абмежаваньня волі фігурантаў так званага “працэсу 14-ці”. Нагадаем, што за ўдзел у акцыі пратэсту 10 студзеня 2008 году ў Менску абмежаваньнем волі былі пакараныя Арцём Дубскі, Міхась Пашкевіч, Тацьцяна Цішкевіч, Павал Вінаградаў, Аляксей Бондар, Міхась Крываў, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Міхась Субач, Максім Дашук і Аляксандар Баразенка.

Пра тое, што іх можна трактаваць як вязьняў сумленьня, беларускія праваабаронцы і палітыкі гаварылі даўно. Але ліст “Міжнароднай амністыі” надае сытуацыі новую якасьць. Менавіта кваліфікацыі гэтай міжнароднай праваабарончай арганізацыі зьяўляюцца вызначальнымі для ўсясьветнай супольнасьці і заходніх урадаў. Дык вось на ваш погляд, якія наступствы будзе мець гэтая кваліфікацыя, тое, што Беларусь ізноў стала краінай зь вязьнямі сумленьня? Як гэта можа адбіцца на ўдзеле Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства” , да якой яна далучылася на мінулым тыдні?

Дракахруст:
Гэта можа мець пэўныя міжнародныя наступствы. Варта нагадаць, што, скажам, амэрыканскія эканамічныя санкцыі ўводзіліся менавіта з-за наяўнасьці ў Беларусі вязьняў сумленьня, што толькі пасьля вызваленьня апошніх палітвязьняў у жніўні мінулага году дыялёг паміж Менскам і Эўропай набыў рэальныя рысы. Усё ж наяўнасьць ці адсутнасьць вязьняў сумленьня была той мяжой, той мінімальнай умовай, за якой толькі і пачынаўся заходні realpolitik. Прычым я хачу падкрэсьліць, што тут важная менавіта ацэнка міжнародных праваабарончых арганізацый. Напрыклад, справаздача дзярждэпартамэнту па правах чалавека за мінулы год гаворыць аб вызваленьні ў Беларусі менавіта міжнародна прызнаных палітвязьняў. І зразумела, што зараз так атрымліваецца, што Менск апынуўся зноў за гэтай мяжой.

Але ці будзе гэты момант крытычным – зараз ужо цяжка сказаць. Магчыма і так. Паводле, скажам, нашых азэрбайджанскіх калегаў тамтэйшы рэжым уважліва сочыць за кваліфікацыямі, якія даюць вязьням міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Калі яны трактуюць некага як вязьня сумленьня, Баку вызваляе яго. Магчыма, і Менск пойдзе па гэтым жа шляху. Прынамсі ціск з боку заходняй дыпляматыі ў гэтым накірунку рабіцца будзе. Сутнасьць беларускага сяброўства ў партнэрстве – сьціраньне таўра “апошняй дыктатуры ў Эўропе”. А зараз рашэньнем “Міжнароднай амністыі” ён ізноў зьяўляецца.

Цыганкоў: Арцём Дубскі, Міхаіл Пашкевіч, Тацяна Цішкевіч, Павел Вінаградаў, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Алесь Стральцоў і Алесь Чарнышоў былі асуджаныя ў красавіку 2008; Міхаіл Субач і Максім Дашук былі асуджаныя ў траўні, а Аляксандр Баразенка быў асуджаны ў сьнежні 2008. Яны былі асуджаныя на 1,5 – 2 гады абмежаваньня волі. Так што ў большасьці тэрмін ужо скончыцца ў жніўні, і ўладам нават не давядзецца нічога адмысловага рабіць. Проста скончыцца тэрмін. Урэшце, калі сапраўды гэтая тэма стане нейкай прыкметнай у міжнародным маштабе (імавернасьць чаго, на маю думку, даволі невялікая), то беларускія ўлады могуць проста ўжыць амністыю.

Лукашук: Хіба не галоўнай палітычнай падзеяй апошніх дзён стаў разам з партнэрствам новы паварот у справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Галадоўка Мікалая Аўтуховіча спарадзіла чын пратэсту – штодзённыя акцыі на Кастрычніцкай і галадоўку салідарнасьці дзесяткаў людзей. Якая эфэктыўнасьць палітычных галадовак у Беларусі?

Дракахруст: З Прагі цяжка судзіць пра гэта дакладна, але падаецца, што вялікага рэзанансу ў грамадзтве яны не выклікаюць. Гэта паказчык атамізаванасьці, апатыі грамадзтва. Я б сказаў, што чым менш выразны палітычны складнік галадоўкі, тым больш чуйная на яе ўлада. Яна пайшла на мінімальныя саступкі галадоўшчыкам царквы “Новае жыцьцё”, але не прыгадваю, каб яна саступала ціску выразна палітычных галадовак. Эфэкт калі быў, то на вонкавы сьвет – ад галадоўкі Юрыя Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка, калі справу вырашыла ўмяшаньне прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, да галадоўкі Аляксандра Казуліна, вынікам якой стала беспрэцэдэнтная прапанова ЗША разгледзіць беларускае пытаньне на Радзе Бясьпекі ААН. Ня выключаю, што і зараз дзесяткі галадаючых беларусаў зробяць уражаньне на Эўропу і Амэрыку і вернуцца дыпляматычным ціскам на афіцыйны Менск.

Цыганкоў:
Сваёй галадоўкай маладафронтаўцы найперш зьвярнулі ўвагу на заганныя практыкі беларускай праваахоўнай сыстэмы. Калі чалавека трымаюць тыднямі за кратамі, не праводзяць ніякіх працэсуальных дзеяньняў, нічога не прад’яўляюць – але ён пазбаўлены свабоды. І гэта адбываецца з сотнямі людзей, ніяк не зьвязанымі з палітыкай. Тое, што маладафронтаўцы зьвярнулі на гэта ўвагу грамадзкасьці, я бачу іхнюю вялікую перамогу. Другі аспэкт – гэтыя маладыя людзі паказалі,што яны ўмеюць адстойваць інтарэсы ня толькі сваіх непасрэдных паплечнікаў, але і людзей, дастаткова ад іх далёкіх. Ваўкавыскія прадпрымальнікі не зьяўляюцца сябрамі МФ, нават не ёсьць актывістамі нацыянальнай апазыцыі. Але маладыя людзі рызыкуюць сваім здароўем дзеля іх, каб паказаць, што ў Беларусі творыцца несправядлівасьць

Лукашук: Чаму беларускія ўлады не пайшлі на саступкі ў справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў? Леташнія вызваленьні палітвязьняў паказалі, што пры жаданьні гэта робіцца лёгка і імгненна. Тое ж паказваюць і падзеі гэтага тыдня ў Іране. Амэрыканская журналістка іранскага паходжаньня Раксана Сабэры атрымала 8 гадоў турмы па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць ЗША. Паміж Іранам і ЗША няма нават дыпляматычных адносінаў. Але падумалі ў Тэгеране і замянілі прысуд на 2 гады ўмоўна. Гэта за шпіянаж. Сабэры ў той жа дзень вызвалілі з вязьніцы. А чаму ў Беларусі гэтак нельга, навошта ў дзень саміту “Ўсходняга партнэрства” ў Празе спатрэбілася ў Менску жорстка разганяць пікет салідарнасьці з Аўтуховічам?

Дракахруст: Сабэры – амэрыканская грамадзянка, там быў вынесены прысуд з чыста палітычнай матывацыяй. Аўтуховіч і яго калегі – беларускія грамадзяне, прысуду пакуль не было, справа па меншай меры для вонкавага назіральніка неадназначная. Да таго ж цягнік эўрапейскай палітыкі, так бы мовіць, устаў на рэйкі нармалізацыі адносінаў з Беларусьсю. Мяркуецца, што гэтая новая палітыка павінна спарадзіць у Менску імкненьне да самастрымліваньня ў сэнсе палітычных рэпрэсій. Наўрад ці з-за адной ці двух палітычных справаў гэты цягнік пойдзе ў адваротны бок. Зараз будзе дыпляматычны ціск, магчыма, гэта стане адной з тэмаў перамоваў эўракамісара Бэніты Фэрэры-Вальднэр з Лукашэнкам, на гэтым тыдні была тэлефонная гутарка паміж імі і дасягнутая дамоўленасьць аб візыце эўракамісара ў Менск.

Але ў рэшце рэшт, паводле Гегеля, колькасьць пераходзіць у якасьць. Калі Менск мяркуе, што ўступленьнем у партнэрства атрымаў індульгенцыю назаўжды, то пэўна памыляецца. Калі сытуацыя пацьвердзіць прагноз крытыкаў новай эўрапейскай палітыкі, што яна вядзе да адназначнага пагаршэньня сытуацыі ў Беларусі, то пустыя рамкі партнэрства так і застануцца пустымі. На бяду ці на шчасьце Беларусь – не Азэрбайджан. Лукашэнка на гэтым тыдні сказаў “Пры чым тут правы чалавека і дэмакратыя да нафты і газу?”. Дык нафты і газу сваіх няма. Тады магчыма і дэмакратыя з правамі чалавека маюць пэўнае значэньне.

Цыганкоў: Аўтуховіч ня стаў і ня можа стаць такой знакавай фігурай, як Сабэры. У яе асобе сышлося ўсе – і тое, што яна журналістка, і тое, што амэрыкана-іранскага паходжаньня, і нават тое, што яна пераможца конкурсу прыгажосьці ў адным з амэрыканскіх штатаў. Усё сышлося, каб на гэтай фігуры сканцэнтравалася найбольш увагі амэрыканскіх ды ўсіх міжнародных мэдыяў. Справа Сабэры была чыста паказальна-палітычная як прадмет гандлю Ірану з ЗША.

А ў справе Аўтуховіча безумоўна замешаныя нейкія мясцовыя інтарэсы, процістаяньне зь мясцовымі ўладамі ці спэцслужбамі. Нельга ж сказаць, што гэтыя ваўкавыскія прадпрымальнікі – самыя яркія палітычныя фігуры. Таксама сьмешна прагучыць вэрсія, што загад аб іхнім арышце аддаваў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Гэтыя мясцовыя спэцслужбы паназьбіралі нейкія доказы ці псэўдадоказы – і што цяпер павінна рабіць начальства? Закрыць справу, бо у нас партнэрства з Захадам? Гэта ж не справа Казуліна, калі відавочна было, што гэта справа палітычная. Так што я не выключаю, што той рэзананс, тыя галадоўкі салідарнасьці сталі для ўладах непрыемнай нечаканасьцю. Ня думаю, што яны хацелі такога эфэкту, таму такой рэагуюць чыста інстынктыўна – як умеюць.

Лукашук: Тэму, якую мы абмяркоўваем, пракамэнтаваў на гэтым тыдні і Аляксандар Лукашэнка. Выказваючы сваё бачаньне ўмоваў “Усходняга партнэрства” ён сказаў:“Пры чым тут правы чалавека і дэмакратыя да нафты і газу? Хто сёньня ў Беларусі супраць правоў чалавека? Ніхто. Але ці гэта правы чалавека — хадзіць па вуліцы і біць вітрыны?” Далей Лукашэнка выказаўся наступным чынам: “У нас ёсьць групка людзей, якія пачынаюць каламуціць ваду, езьдзіць па замежжы. Іх час мінуўся... Эўропа разумее, што безь Беларусі цяжка жыць і, у прынцыпе, немагчыма”. Ці мае Лукшэнку нейкую рацыю, калі кажа пра дэмакратычную апазыцыю: “іх час мінуўся”?

Дракахруст: Ну про тое, што новая сытуацыя ў адносінах Беларусі з Эўропай – выклік для апазыцыі, мы гаварылі шмат разоў. Тое, што пагроза маргіналізацыі апазыцыі існуе – гэта факт. І справа ня толькі ў рэпрэсіях ці страху, але і ў камунікацыі апазыцыі з грамадзтвам, у прапанаваньні нечага, што, так бы мовіць, грамадзтва схільнае “купіць”. Што Эўропе немагчыма жыць без Беларусі – гэта відавочнае перабольшваньне. Эўропа безумоўна зацікаўленая ў супрацы з Беларусьсю, у адкрытасьці Беларусі. Але калі дыялёг ператворыцца ў маналёг афіцыйнага Менску, то другі суразмоўца можа хутка стаміцца роляй маўклівага слухача і ціха сысьці.

Цыганкоў: Лукашэнка штосьці падобнае кажа усе 15 гадоў свайго знаходжаньня ля ўлады – у розных аспэктах і з розных нагодаў. І тое, што гэтых лідэраў больш ня будзе, і тое, што апазыцыі такой больш ня будзе – а яна застаецца, і лідэры, дарэчы, пераважна, усё тыя ж. З аднаго боку, гэта звычайная палітычная рыторыка. Зь іншага – зараз сапраўды ніша апазыцыі вельмі дынамічна мяняецца. Лукашэнка чарговы раз спрабуе перахапіць лёзунг апазыцыі. Гэтак было з незалежнасьцю, цяпер улада ў нейкім сваім вычварным сэнсе перахоплівае лёзунг “Беларусь – у Эўропу”. Паводле Лукашэнкі, не ў Эўропу каштоўнасьцяў, а ў Эўропу, так бы мовіць, геаграфічную і эканамічную. Ну і апазыцыя, як мы бачым, тут падзялілася на дзьве часткі. Адна бачыць сваю задачу найперш у тым, каб нагадваць Эўропе, што такое Лукашэнка і нагадваць менавіта пра каштоўнасьці. А другая частка, якая ўмоўна гуртуецца вакол Мілінкевіча, відаць, лічыць, што нават такі мікраскапічны рух у Эўропу – гэта на сёньня галоўнае, а не пытаньне барацьбы з існуючай уладай.

Лукашук: У гэтыя дні мы назіралі актыўнасьць беларускай апазыцыі вакол саміту Эўразьвязу, чэскія ўрадоўцы сустракаліся зь беларускай альтэрнатывай. Збліжэньне Беларусі з Эўропай , зь яе каштоўнасьцямі – даўняя стратэгічная мэта беларускай апазыцыі. Прагноз экспэртаў Свабоды – якія-небудзь аспэкты гэтай стратэгіі здольны ажыцьцявіць рэжым Лукашэнкі і якая роля у гэтым можа належыць апазыцыі?

Дракахруст: Мне здаецца, што Эўропа спадзяецца на двухтактны працэс: напачатку афіцыйны Менск уцягваецца ў эўрапейскія праекты, у эўрапейскія справы, а потым з прычыны гэтай ангажаванасьці пачынае сябе паводзіць больш-менш прыстойна. Пакуль рэжым Лукашэнкі дэманструе гатоўнасьць уцягвацца і значна меншую – адпаведна сябе паводзіць. Якую ролю можа адыграць апазыцыя ў першым і другім такце – пакуль яна на гэта не дала адказу. Напаўненьне партнэрства грамадзкім зьместам – прыгожая формула, але пакуль незразумела, як гэта можа і будзе выглядаць на практыцы.

Цыганкоў: Мне здаецца, што пра Аляксандра Лукашэнку мы больш менш выказаліся. Я зьвярну ўвагу на апазыцыю. Мне здаецца, што яна на дадзены момант выконвае важную і патрэбную ролю – нагадвае Захаду, ці, як зараз можна вымавіцца, "эўрапейскім партнэрам Аляксандра Лукашэнкі", што гэта ня той чалавек, і ня той рэжым, які адзін раз можна падціснуць, падштурхнуць, і ён паедзе па гэтых трамвайных рэйках у эўрапейскае партнэрства. Не – яго трэба кожны раз, праз тыдзень, празь месяц, падштурхоўваць, нагадваць яму, што вось гэта ён можа страціць, а гэта – згубіць. І сапраўды Менск дэманструе нашмат больш жаданьня супрацоўнічаць, чым жаданьня паводзіць сябе прыстойна, і апазыцыя сваімі акцыямі, і сваімі міжнароднымі сувязямі павінна нагадваць, што Менск – ня той партнэр, які пойдзе прамым, нязмушаным шляхам у дэмакратыю і Эўропу.

Прэзыдэнт Эстоніі на “Радыё Свабода”: словы былога калегі пра новыя пагрозы свабодзе прэсы

Свабода на Белсаце, 16.05.2009. Частка 3


Лукашук: Новы афіцыйны адрас Радыё Свабода ў Празе – вуліца Вінаградска, 159-а. Менавіта на гэтым тыдні адбылася цырымонія адкрыцьця новага дому нашай радыёстанцыі. На адкрыцьцё прыехалі госьці з Вашынгтону, дыпляматы, журналістаў вітаў мэр Прагі, а з галоўнай прамовай выступіў прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Ільвэс, Спадар Ільвэс – наш былы калега, дырэктар Эстонскай службы Радыё, затым – амбасадар Эстоніі ў ЗША, міністар замежных спраў, а з 2006 году – прэзыдэнт Рэспублікі Эстонія.

Ён не абмежаваўся банальнымі словамі прывітаньня, а выклаў сваё канцэптуальнае бачаньне новых выклікаў і пагрозаў свабодзе слова, які нясе сучасны сьвет. Калі коратка, то паводле Тоомаса Ільвэса, гэта аўтарытарны капіталізм, пранікненьне карумпаванай, аўтарытарнай улады ў адкрытыя сыстэмы заходніх краінаў і выцісканьне і падмена якаснай журналістыкі, аналізу і сапраўднай дыскусіі забаўляльнасьцю.
Я прапаную паразважаць над гэтымі пагрозамі, пагаварыць наконт таго, наколькі яны актуальныя для сучаснай Беларусі.

Вось цытата з выступу Тоомаса Ільвэса:

Ільвэс: “Значна менш краінаў, чым нам наіўна верылася два дзясяткі гадоў таму, зрабілі дэмакратычны выбар і дазволілі свабоду слова. Нам думалася — прынамсі я так думаў — што толькі камунізм замінаў свабодзе слова. Нам думалася, што свабода слова і свабодны рынак будуць ісьці рука ў руку, што калі мы будзем мець прыватную ўласнасьць, дык зможам таксама сказаць, чаго мы хочам. Але сьвет аказаўся нашмат больш складаным. Мы не ўсьведамлялі сабе, — хоць павінны былі ўсьведамляць, бо мелі прыклад аўтарытарных рэжымаў у Эўропе ў 1930-х гадах — што капіталізм таксама можа быць аўтарытарным.

Насамрэч, мы не маглі ўявіць сабе, што аўтарытарны капіталізм пад такімі сумнеўнымі этыкеткамі як “кіраваная дэмакратыя” або “сувэрэнная дэмакратыя” можа эфэктыўна спаборнічаць як альтэрнатыўная мадэль, і што ў шмат якіх месцах на сьвеце ён будзе выглядаць лепш за валтузьню свабодных і справядлівых выбараў ці свабоднай прэсы. Тыранія не патрабуе ідэалёгіі дзеля свайго апраўданьня — дастаткова звычайнага бандытызму ў абароне ўлады.
У даўні час, калі я тут працаваў, пісаньне ў самвыдаце пра тое, што рабіла камуністычная намэнклятура, магло заслужыць вам месца ў ГУЛагу або псыхушцы пасьля паказнога працэсу. Сёньня, як гэта паказваюць выпадкі з такімі мужнымі журналістамі як Анна Паліткоўская, за такое забіваюць з пісталета або выкідваюць з вакна, нават без намёку на паказны суд у савецкім стылі”.

Наколькі вы згодны з гэтым меркаваньнем прэзыдэнта Эстоніі, наколькі гэтая пагроза актуальная для Беларусі?

Максімюк:
Трэба было б спачатку прычакаць аўтарытарнага капіталізму ў Беларусі, каб адказаць на гэтае пытаньне зь нейкай большай доляй імавернасьці, чым можна адказаць цяпер. Справа ў тым, што сёньняшняя эканамічная мадэль Беларусі не паддаецца нейкаму яснаму і зразумеламу вызначэньню. Гэта напэўна ўжо не сацыялізм, але яшчэ не капіталізм. Але што б гэта ні было — яно напэўна аўтарытарнае. І журналістам ад гэтага ня лепей, а горай.
Прыгадайма зьнікненьне апэратара Дзьмітрыя Завадзкага або загадкавую сьмерць журналісткі Веранікі Чаркасавай. Гэтыя факты сьведчаць пра тое, што хоць у Беларусі і няма яшчэ такога капіталізму, пра які гаварыў Ільвэс, то пагрозы для журналістыкі, такія як, напрыклад, у Расеі, існуюць патэнцыйна і рэальна.

Дракахруст: Гэтая пагроза для Беларусі надзвычай актуальная. Спадар Ілвэс вельмі дарэчы прыгадаў міжваенны пэрыяд. Сапраўды, нягледзячы на савецкі антураж, цяперашняя Беларусь больш падобная не на сталінскі СССР, а на аўтарытарныя эўрапейскія рэжымы 30-40 гадоў у той жа Балтыі. Адзінае, што наўрад ці варта ідэалізаваць грунтаваную на цэльнай ідэалёгіі савецкую сыстэму. Усё ж цяперашнія дэспатыі даюць больш свабоды, чым іх камуністычны папярэднік. Тая ж Паліткоўская працавала ў легальным апазыцыйным выданьні, якому зараз дае інтэрвію прэзыдэнт Расеі. У савецкія часы яна магла б пісаць толькі ў самвыдат, а у сталінскія часы патрапіла б у ГУЛАГ ці ў расстрэльную камэру за шэптам сказанае слова. Такая абэрацыя ў словах нашага былога калегі, эстонскага прэзыдэнта – хутчэй вынік своеасоблівага расчараваньня ад таго, што шлях да свабоды аказаўся значна больш даўгім, чым здавалася пасьля краху камунізму.

Лукашук: Далей Тоомас Ільвэс казаў:

Ілвэс: “У судзе ў Вялікабрытаніі ўкраінскаму алігарху нядаўна ўдалося закрыць украінскую газэту, якая выходзіла па-ўкраінску ва Ўкраіне і пісала пра тое, што ён рабіў. Я думаю, што гэта небясьпечны знак.
Найманьне найлепшых брытанскіх юрыстаў, каб судзіцца зь недзяржаўнымі арганізацыямі або газэтамі ў былых савецкіх краінах, або з эўрапейскімі прафэсарамі, якія жывуць у ЗША і пішуць пра карупцыю ў аўтарытарных грамадзтвах, — гэта зьвязвае рукі журналістыцы, прафэсуры і свабодзе слова. Я баюся, што будзе яшчэ горай, калі мы нічога з гэтым ня зробім. Прысуд супраць чалавека, які мае ўласнасьць у Эўразьвязе, будзе абазначаць яго банкруцтва, калі алігарх вырашыць падаць на чалавека ў суд. Я ведаю пра выпадак, калі адзін прафэсар у такой сытуацыі адмовіўся ад публікацыі сваёй кніжкі”.

Да апошняга часу беларуская ўлада для перасьледу іншадумства і свабоднага слова выкарыстоўвала айчынную юстыцыю. Але наколькі гэтая пагроза можа стаць актуальнай для Беларусі ў будучыні?

Максімюк: Калі мне дазволіце, я коратка прыгадаю тло і некаторыя факты гэтай вельмі цікавай справы, каб было крыху ясьней, пра што казаў прэзыдэнт Ільвэс. Ільвэс гаварыў пра судовую справу супраць украінскага інтэрнэтнага сайту “Оглядач/Обозреватель”, якую ўзбудзіў у лёнданскім судзе ўкраінскі алігарх Рынат Ахмэтаў за цыкл артыкулаў журналісткі Тацяны Чарнавол, дзе разглядалася яго маладосьць. Паводле не зусім ясных паведамленьняў ва ўкраінскіх СМІ, брытанскі суд вынес прысуд на карысьць Ахмэтава. Прадстаўнікі абвінавачанага ў паклёпе сайту не прысутнічалі на судзе, бо ніхто іх туды не выклікаў. Магчыма, таму, што сайт “Оглядач/Обозреватель” ня мае юрыдычнага адрасу, і брытанскія юрысты ня ведалі, куды паслаць пазоў. Але нават калі б журналісты і паехалі ў Лёндан, дык падаецца, што вынік суду і так быў перадвырашаны. Супраць бедных журналістаў стаялі мільёны і мільярды Ахмэтава, за якія ён можа наняць найлепшых у сьвеце юрыстаў.

Паводле брытанскага закону, на падставе якога судзілі ўкраінскі сайт, справа выглядае так: калі існуе нейкая імавернасьць, што сайт могуць прачытаць хоць некалькі асобаў у Вялікабрытаньніі, дык журналісты гэтага сайту павінны прытрымлівацца законаў ня толькі сваёй краіны, але і законаў Вялікабрытаніі. Вось так.
Паколькі паміж Вялікабрытаніяй і Ўкраінай няма дамовы аб абавязковым узаемным выкананьні судовых пастаноў на сваіх тэрыторыях, лёнданскі прысуд, чаго б ён ні датычыў, нічым не пагражае украінскім журналістам ва Ўкраіне. Але калі б асуджаныя журналісты мелі нейкую маёмасьць у Вялікабрытаніі ці іншай краіне, дзе прызнаюць юрысдыкцыю брытанскіх судоў, тады можна было б такі прысуд выканаць шляхам канфіскацыі маёмасьці, пра што казаў Ільвэс.

Падобная пагроза для беларускіх журналістаў з боку Эўропы мала рэальная, прынамсі цягам бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў. Але пад бокам Беларусі — Расеі, і калі прысуды беларускіх судоў стануць таксама абавязковымі на тэрыторыі Расеі, дык тады беларускім журналістам стане на гэтым сьвеце нашмат цясьней, і ня будзе куды схавацца ад рэжыму, хіба што ў бульбу.

Дракахруст: Ну, як той казаў, бадлівай карове Бог рогі не дае. Пакуль гэтымі мэханізмамі беларуская ўлада, беларускія алігархі ня надта карыстаюцца. Хаця, магчыма, гэта пытаньне часу. Многія палітолягі кажуць пра магчымасьць пераходу беларускага рэжыму ад цяперашняга квазісавецкага тыпу да алігархічнага капіталізму расейскага ўзору. Магчыма ў сэнсе свабоды, у тым ліку і свабоды слова гэта будзе крок наперад, але і ў сэнсе пагрозаў гэтай свабодзе – таксама.

Лукашук: Ну і нарэшце, трэці выклік свабодзе слова паводле Тоомаса Ільвэса.

Ільвэс: ”Было б невыбачальна, калі б я не згадаў пра новую пагрозу для свабоды слова, якая мае рознае паходжаньне ў свабодных і аўтарытарных грамадзтвах, але аднолькавую форму — выцісканьне і падмена якаснай журналістыкі, аналізу і сапраўднай дыскусіі звычайнымі забаўляльнымі матэрыяламі. У Рыме ў ІІ стагодзьдзі да нашай эры тэрмін panem et circenses (хлеба і відовішч) ужываўся для апісаньня таго, як народ прывучылі пагадзіцца са сваім становішчам. Сёньня ў аўтакратычных, несвабодных грамадзтвах мы бачым, як урады выдаткоўваюць агромністыя сумы на дзяржаўнае тэлебачаньне, каб зрабіць дакладна тое самае. Зробленыя на высокім прафэсійным узроўні гламурныя спэктаклі круцяцца на дзяржаўным тэлебачаньні круглыя суткі на працягу цэлага тыдня. Што тычыцца журналістыкі, дык ёсьць выпускі навінаў, але яны небесстароньнія і іх можна акрэсьліць хутчэй як падхалімскую інфа-рэкляму ўраду, якая нагадвае забаўляльныя праграмы, што ідуць на тых самых каналах”.

Наколькі гэты наступ глямуру і забаўляльнасьці, наступ паводле назіраньня Тоомаса Ільвэса , глябальны пагражае свабодзе слова ў Беларусі?

Максімюк: У гэтым надзвычай важным тыпе пагрозы для свабоды слова, які згадаў Ільвэс, сама пагроза ўзьнікае ня столькі ад кіроўнага рэжыму, колькі ад мэдыяльнага рынку і спажыўцоў інфармацыі. Што зробіш — прыгнятальная большасьць людзей паўсюды на сьвеце аддае перавагу гламурным спэктаклям і ўсялякім пустым віктарынам і конкурсам, а не аналізу палітычна-сацыяльных зьявішчаў сучаснасьці ці культурна накіраванай публіцыстыцы.

Ільвэс сказаў яшчэ адну важную рэч: “Калі друкаваныя СМІ церпяць вялізарныя страты і пераносяцца ў Інтэрнэт, элітарны чытач перастаў для іх быць крытэрыем.” Я баюся, што мы будзем сьведкамі далейшага сасьлізгваньня сусьветных СМІ ў забаўляльнасьць і гламурнасьць, коштам інтэлектуальна патрабавальных тэкстаў у прэсе ці перадачаў у радыё і тэлебачаньні. Калі я чаго і шкадую з камуністычнай эпохі, дык гэта таго, што акрамя масавага чытача і гледача, камуністычныя рэжымы ўсё ж дбалі і пра нішавага, элітарнага спажыўца інфармацыі. Свабодны рынак у капіталізьме, як аўтарытарным, так і лібэральным, пароўну выцясьняе высакапробную журналістыку з усіх яе жанраў і гатункаў.

Дракахруст: Ну гэта сапраўды ўсясьветны працэс. Тое, што Сьвятлана Алексіевіч назвала “дыктатурай маленькага чалавека”, а знакаміты гішпанскі філёзаф Артэга-і-Гасэт яшчэ 100 гадоў таму “паўстаньнем масаў”. Людзі хочуць забаўляцца, СМІ падладжваюцца пад попыт у свабодных грамадзтвах ці пад сацыяльную замову. Паглядзіце, напрыклад, скажам, на “Советскую Белоруссию”. Гэта ня “Праўда” савецкіх часоў. Гэта дзьве-тры старонкі палітыкі, а астатнія – сад, агарод, плёткі пра зорак эстрады, сямейныя праблемы. Іронія сытуацыі ў тым, што калі зьменіцца ўлада, зьменіцца зьмест першых трох старонак, а астатняе, баюся, будзе такім жа самым. І цяжка сказаць, што можна зрабіць супраць гэтай дыктатуры маленькага чалавека. Ёй супрацьстаіць з аднаго боку традыцыя. “New York Yimes” не ператвараецца ў жоўты таблоід, таму што традыцыя такая, звычка мець сур’ёзную нацыянальную газэту. З другога боку, магчыма выйсьце – у стварэньні грамадзкіх мэдыяў, якім ёсьць, напрыклад, брытанская BBC. Аднак і там зараз ідуць спрэчкі, ці ня варта адаптаваць ВВС да масавых густаў і патрэбаў. Так здаецца, што гэтая пагроза свабодзе слова – хіба самая невыкараняльная, бо яна крыецца ў самой прыродзе сучаснага грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG