Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чвэрць гадзіны на акцыі, дзьве чвэрці — у пастарунку


А 18 гадзіне на Кастрычніцкую плошчу выйшлі моладзевыя актывісты, каб правесьці традыцыйную акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі.

Каля 20 моладзевых актывістаў сталі ў ланцуг салідарнасьці з партрэтамі Міколы Аўтуховіча, які ўжо месяц як трымае галадоўку, а таксама яго паплечнікаў Юр’я Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі, узьнялі бел-чырвона-белы сьцяг.

На плошчы таксама знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі ў форме й цывільнай вопратцы, АМАП. Удзельнікаў папярэджвалі пра незаконнасьць правядзеньня акцыі, аднак сілы не ўжывалі.

Кіроўцы машынаў, што праяжджалі міма ланцуга салідарнасьці, віталі ўдзельнікаў сыгналамі.

Гэтым часам у Палацы рэспублікі ішоў фэстываль народаў ЭўрАзЭС.

Праз чвэрць гадзіны акцыя скончылася. Удзельнікі разышліся невялічкімі групамі ў розныя бакі. За адной з групаў пайшло некалькі міліцыянтаў у цывільным. І ў падземным пераходзе на Кастрычніцкай плошчы былі затрыманыя пяць чалавек: Павал Кур’яновіч, Вікторыя Ладзіс, Багуслаў Равякоў, Аляксей Вяргейчык і Ўладзімер Яроменка. У пастарунку станцыі мэтро “Кастрычніцкая” ў іх агледзелі рэчы, перапісалі прозьвішчы, адабралі маладафронтаўскія банданы каля 18:45 адпусьцілі без складаньня пратаколаў.






Сёньня ж увечары актывісты грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» правялі акцыю салідарнасьці са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі каля сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яны разгарнулі расьцяжку «Свабоду Аўтуховічу!», трымалі патрэты зьняволеных, а таксама бел-чырвона-белы і эўрапейскі сьцягі. Актывіст Яўген Афнагель праз мэгафон выказаў словы падтрымкі і салідарнасьці. Супрацоўнікі міліцыі назіралі за акцыяй, але нікога не затрымлівалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG