Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штомесяц 16-га чысла прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці ў Беларусі адзначаюць дзень салідарнасьці. Ужо цягам амаль трох гадоў адбываюцца акцыі ў знак салідарнасьці з рэпрэсаванымі актывістамі апазыцыі і сем’ямі зьніклых апанэнтаў улады.

Нагадаем, месяц таму, 16 красавіка абвясьціў галадоўку пратэсту Мікалай Аўтуховіч. Ад 8 лютага гэтага года ён знаходзіцца пад вартай у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Цяпер яго трымаюць у мэдычнай частцы ізалятара. Таксама ў лютым былі арыштаваныя Юрый Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Спадар Аўтуховіч патрабуе ў максымальна кароткія тэрміны правесьці папярэдняе расьсьледаваньне сваёй справы, каб яе накіравалі ў суд. Або выпусьцілі яго й ягоных сяброў.

Нагадаем, на днях міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня 11 фігурантаў “справы чатырнаццаці” — Арцёма Дубскага, Міхася Пашкевіча, Тацьцяну Цішкевіч, Паўла Вінаградава, Аляксея Бондара, Міхася Крывава, Алеся Стральцова, Алеся Чарнышова, Міхася Субача, Максіма Дашука і Аляксандра Баразенку. Цяпер гэтыя асобы адбываюць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі.
XS
SM
MD
LG