Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі-маладафронтаўцы, якія цягам 12 дзён трымалі галадоўку ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча й ягоных сяброў-прадпрымальнікаў, сёньня спынілі галадоўку. Пра гэта яны заявілі на спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі, якая толькі што скончылася ва ўправе БНФ.

Яны пагадзіліся спыніць галадоўку пасьля таго, як Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі ды іншыя палітычныя лідэры заявілі, што бяруць адказнасьць за вызваленьне ваўкавыскіх прадпрымальнікаў на сябе. Яны паабяцалі выкарыстаць усе палітычныя, міжнародныя й іншыя магчымасьці дзеля таго, каб прадпрымальнікі як мага хутчэй выйшлі на волю.

Паводле словаў Аляксандра Мілінкевіча, праз некаторых заходніх дыпляматаў удалося ўвайсьці ў кантакт з высокімі прадстаўнікамі беларускай улады, і, магчыма, статус ваўкавыскіх прадпрымальнікаў можа быць зьменены, яны могуць быць вызваленыя пад падпіску аб нявыезьдзе.

Удзельнікі галадоўкі сказалі, што хацелі б дасягнуць большага сваёй акцыяй, але яны ўсьцешаныя тым, што паднялася моцная інфармацыйная хваля, што ўвага да справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў значна ўзрасла, і што ёсьць спадзяваньне, што хутка адносна іх будуць прынятыя нейкія захады з боку дзяржавы.

Згаданыя вышэй палітыкі, а таксама Аляксандар Мілінкевіч і Вячаслаў Сіўчык сказалі, што яны захапляюцца мужнасьцю моладзі. Лідэры апазыцыі адзначылі, што маладафронтаўцы спынілі галадоўку і дзеля будучыні, дзеля далейшай працы на карысьць дэмакратызацыі Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG