Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За працу — 10 кіляграмаў бульбы


Гомельская ўправа працы, занятасьці й сацыяльнай абароны зладзіла ўчора гарадзкі кірмаш вакансіяў пад назовам “Праца й адукацыя”. Прафтэхвучэльні рэгіёну сёлета павялічваюць набор навучэнцаў. Апрача таго, тры з паловай дзясяткі прадпрыемстваў абласнога цэнтру прапаноўвалі наведнікам каля дзьвюх тысяч вакансіяў.

Нечакана шмат прапановаў прэзэнтавала замежнае расейскае таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Белшклопрам”, якое займаецца выпускам бутэлек для сьпіртовых напояў і піва. Патрабуюцца рабочыя рукі спэцаўтапрадпрыемству “ГорСАП” для ачысткі гораду. Фабрыка марозіва запрашае на летні сэзон рэалізатараў сваёй прадукцыі.

Ня выключана, што некалькі сотняў чалавек, атрымаўшы кансультацыі наймальнікаў, змогуць урэшце ўладкавацца на працу.

У рэальным жыцьці, па-за межамі падобных імпрэзаў, усё выглядае больш складана. Гаворыць 45-гадовы жыхар абласнога цэнтру спадар Міхаіл:

“Працу не магу знайсьці. Хадзіў на ЗЛІН, на галаўны завод „Гомсельмаш“. Усюды адмова — дырэктар не прапускае. Чалавек хоча працаваць, а яны не бяруць”.

На “Гомсельмаш” наагул можна ўладкоўвацца толькі з рэкамэндацыі сталых працаўнікоў прадпрыемства. Яны, паводле заведзеных тут парадкаў, нясуць адказнасьць за рэкамэндаванага. Сам навічок, калі спадабаецца начальству, мусіць паставіць подпіс у так званай кнізе сумленьня — што будзе высока несьці званьне сяльмашаўскага працаўніка.

Зрэшты, дзясяткі прадпрыемстваў у горадзе працуюць няпоўны працоўны тыдзень. Ім не да набору: задача — выжыць.

Апавядае адна з рабочых камбінату будаўнічых канструкцыяў, які працуе зараз чатыры дні на тыдзень:

“Цалкам не спыніліся. Сталярны цэх працуе крыху. Эўравакно запусьцілі, але, кажуць, замоваў няма. Цэх клееных канструкцыяў пакрысе працуе. Чатырохдзёнка ў нас. Людзей па чарзе накіроўваюць „на прастой“ з выплатай дзьвюх трацінаў тарыфнай стаўкі. У мяне, напрыклад, атрымліваецца сто тысяч рублёў на месяц”.

Афіцыйна на ўліку ва ўправе занятасьці зарэгістравана цяпер 2800 беспрацоўных. Гэта крыху больш за адзін адсотак ад усяго працаздольнага насельніцтва.

Многія з тых, хто ня мае сталай працы, проста не сьпяшаюцца стаць на ўлік з прычыны мізэрнай дапамогі па беспрацоўі. Да таго ж трэба пэрыядычна выходзіць на так званую грамадзкую працу — прыбіраць горад альбо езьдзіць у вёску на дапамогу аграрнікам.

Уражаньнямі ад такіх паездак дзеліцца беспрацоўная гараджанка Ларыса:

“Ежджу ад біржы ў калгас. Была ў эксбазе „Ўваравічы“. Мы перабіралі там бульбу. Нам далі за працу па дзесяць кіляграмаў бульбы. Што такое дзесяць кіляграмаў бульбы — колькі гэта каштуе? Гэта жах!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG