Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — дванаццаты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Ва ўправе БНФ яе працягваюць маладафронтаўцы Наста Палажанка, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Ірына Губская і Кацярына Салаўёва, якая вярнулася пасьля наведваньня хворага бацькі. Яшчэ адзін галадоўнік, Арцём Дубскі, зьехаў у Асіповічы, дзе заўтра ў яго суд.

З удзельнікаў галадоўкі яе складанасьці зьнешне найбольш адбіваюцца на Насьце Палажанцы. Дзяўчына моцна зьбялела, пад вачамі цёмныя цені. Але Наста трымаецца:

Наста Палажанка
“Пачуваю сябе больш-менш нармалёва.Адчуваецца, канечне, што гэта ўжо дванаццаты дзень. Ёсьць слабасьць, мабыць, ёсьць і пэўныя праблемы са здароўем. Аднак гэта не настолькі істотна. Збольшага самаадчуваньне ў нас досыць нармальнае”.

Ці паўплываў учорашні марш “За незалежнасьць” на намер моладзі працягваць галадоўку?

Яўген Скрабец
Яўген Скрабец адказвае: “Рашэньня спыніцца мы яшчэ не прымалі. Ці паўплывала на гэта акцыя, не магу сказаць, бо быў затрыманы і знаходзіўся ў гэты час у Кастрычніцкім РАУСе”.

Сёньня а 18-й гадзіне ва ўправе БНФ лідэры апазыцыі пачнуць прэсавую канфэрэнцыю. Як сказаў мне Павал Севярынец, яны будуць прасіць маладафронтаўцаў спыніць галадоўку.

Наста Палажанка кажа, што галадоўнікі ўжо ведаюць пра гэта і думаюць, што ім рабіць далей:

“Пакуль мы нічога ня можам сказаць”.

Андрэй Кім
Удзельнік “справы 14-ці” Андрэй Кім сёньня наведаў сваіх сяброў-галадоўнікаў. Ён згадвае, што ад самага пачатку акцыі салідарызаваўся зь імі, але з-за тэрміновых паездак ня мог да іх далучыцца:

“Я не магу ўвесь час знаходзіцца ў будынку Партыі БНФ. Але я заўжды заходжу да маіх сяброў, маральна дапамагаю і стараюся быць зь імі. Бо гэта ж вельмі важна — быць салідарнымі”.



Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.
XS
SM
MD
LG