Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зьменіць свайго амбасадара ў Нямеччыне


Сёньня міжнародная камісія Палаты прадстаўнікоў мела магчымасьць пазнаёміцца з кандыдатам у амбасадары Беларусі ў Нямеччыне Андрэем Гіро.

Патэнцыйнага кіраўніка дыпляматычнай місіі прадставіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі.

Цяпер Андрэй Гіро ачольвае галоўную консульскую ўправу Міністэрства замежных спраў Беларусі. Раней ён займаў пасаду начальніка аддзелу Заходняй Эўропы. А перад гэтым працаваў у Аўстрыі. Як кажуць ягоныя калегі, “у Андрэя цудоўная нямецкая мова”.

Міжнародная камісія беларускага парлямэнту з дазволу Аляксандра Лукашэнкі разглядае кандыдатуры патэнцыйных амбасадараў. Аднак яна ня мае права заблякаваць нейкую кандыдатуру. Думка дэпутатаў толькі прымаецца да ведама.

Пакуль беларускую амбасаду ў Нямеччыне ачольвае Ўладзімер Скварцоў. Ён працуе амбасадарам аж з верасьня 1999 году. А ў 1998-1999 гадах спадар Скварцоў кіраваў прэсавай службай прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG